За межамі Міра і Нясвіжа: чатыры палацы Беларусі, якія зачароўваюць сваёй гісторыяй

Беларусь часта называюць «краінай замкаў», і кожны ведае галоўныя турыстычныя «магніты» — Мір і Нясвіж. Аднак беларуская зямля багатая на архітэктурныя перліны, якія хаваюцца ў ціхіх кутках нашых абласцёй. Сёння раскажам пра чатыры палацы, якія нічым не саступаюць вышэйзгаданым у сваёй прыгажосці, таямнічасці і шляхетным духу.

Палац Булгакаў у Жылічах — беларускі Версаль (Магілёўская вобласць)

Palac Bulhakaŭ
Палац Булгакаў. Фота: be.wikipedia.org

Палац у Жылічах на Кіраўшчыне — адзін з найлепш захаваных сядзібна-палацавых комплексаў Беларусі. Ён цудам ацалеў падчас войнаў, каб радаваць сёння наведнікаў неймавернымі інтэр’ерамі. 

Мураваны палац у Жылічах збудавалі паводле праекта архітэктара Караля Падчашынскага ў 1830-я гады на замову бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака. Спачатку быў пабудаваны галоўны П-падобны корпус, а пазней да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавым касцёлам і дадатковымі жылымі памяшканнямі. 

Апошні ўласнік маёнтка, пляменнік Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Па бальшавіцкім перавароце 1917 года тут размяшчаўся дзіцячы дом, а ў 1930-х — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Другой сусветнай вайны паўднёвае крыло, у якім знаходзілася аранжарэя, разабралі, палац ператварылі ў шпіталь, а ў парку хавалі памерлых жаўнераў. Па вайне ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Калі для яе паблізу ўзнялі новы будынак, палац пачаў занепадаць, хаця на першым паверсе яшчэ заставаліся бухгалтэрыя і аддзел кадраў. З 1996 года ў будынку размяшчаліся краязнаўчы музей і музычная школа, а ў 2009 годзе пачалася другая, грунтоўная рэстаўрацыя палацава-паркавага комплексу.

Palac Bulhakaŭ
Унутраны двор і задняя частка палаца. Фота: be.wikipedia.org

Манументальная класіцыстычная рэзыдэнцыя Булгакаў з каланадамі, параднымі заламі і шырокім паркам больш нагадвае імператарскі палац, чым правінцыйную сядзібу. Пасля маштабнай рэстаўрацыі Жылічы сталі сапраўдным адкрыццём для турыстаў. Тут можна ўбачыць адноўленыя інтэр’еры, парадныя сходы і залі, якія дазваляюць уявіць жыццё беларускай арыстакратыі XIX стагоддзя. Унутры захаваліся ўнікальныя роспісы столяў і ляпны дэкор, які ўвасабляе ўсю прыгажосць рэнесанснай архітэктуры. 

Palac Bulhakaŭ

Palac Bulhakaŭ
Унутраныя інтэр’еры з вытанчаным дэкорам. Фота: be.wikipedia.org, museums.by

Мармур, пазалота, столі з плафонамі і велічныя калоны з пінаклямі, а таксама прыгожыя барэльефы са старажытнагрэцкімі матывамі ствараюць моцнае ўражанне. 

У канцы ХІХ стагоддзя сцены параднай залі былі ўпрыгожаныя карцінамі з пячаткай Эрмітажа, таксама ў палацы захоўвалася калекцыя антычных скульптур і слуцкія паясы з пазалотай. Тады палац Булгакаў паводле размаху быў шыкоўнейшы за Радзівілаўскі ў Нясвіжы. Не выпадкова яго часта называюць «беларускім Версалем».

Дарэчы, у пачатку ХХ стагоддзя ў сядзібе пабываў яшчэ адзін прадстаўнік роду — славуты фатограф Ян Булгак. Ён зрабіў некалькі здымкаў будынка і інтэр’ераў, якія былі вельмі карыснымі на этапе рэстаўрацыі.

Palac Bulhakaŭ
Палац і інтэр’еры ў пачатку ХХ стагоддзя на фота Яна Булгака. Фота: be.wikipedia.org, poshyk.info

Каля палаца месціцца прыгожы парк. Яго раўнінную частку перасякае рака Добасна з маляўнічымі сажалкамі і выспамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, масткоў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне. Астатняя частка парку мае пейзажны характар з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку і экзотаў, напрыклад, вэймутавай хвояй.

Палац Валовічаў у Свяцку (Гродзенская вобласць)

Усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Гродна знаходзіцца Свяцк, дзе месціцца адна з самых вытанчаных шляхецкіх рэзідэнцый Беларусі. Тутэйшы палац — сапраўдны ўзор архітэктуры класіцызму, створаны ў канцы XVIII стагоддзя.

Palac Valovičaŭ
Палац Валовічаў. Фота: be.wikipedia.org

Пачаткам будаўніцтва палацава-паркавага комплексу лічаць 1779 год, калі ініцыятыву гарадзенскага маршалка Юзэфа Валовіча пачаў увасабляць вельмі вядомы італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Менавіта дзякуючы яму палац і паўстаў ува ўсім сваім харастве, спалучыўшы найбольш характэрныя рысы адразу трох стыляў: барока, класіцызму, а ва ўнутраным убранні — рамантызму.

Palac Valovičaŭ
Выгляд на палац праз браму. Фота: sviatskipalac.by

Пасля смерці Юзэфа Валовіча ў 1779 годзе справу бацькі па ўзвядзенні палацава-паркавага комплексу працягнуў ягоны сын Антоній. Да працы былі прыцягнуты вядомыя мастакі Смуглевіч, Манькоўскі і італьянскі мастак Тамбары. Цэлая каманда талентаў працавала над стварэннем гэтай перліны для таго, каб яна была не проста рэзідэнцыяй вольнага дня, а праўдзівым родавым маёнткам Валовічаў.

На пачатку ХХ стагоддзя комплексам валодалі Гурскія. У міжваенны час у палацы месціўся пансіянат, у якім ад марфінавай ды іншых залежнасцяў лекаваліся прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў. У 1930-я палац быў рэканструяваны архітэктарам А. Сасноўскім.

 Palac Valovičaŭ
Інтэр’еры палаца, 1933 г. Фота: be.wikipedia.org

У 1985-м у палацы размяшчаўся санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты, а рамантычны прыпалацавы парк быў адноўлены паводле спецыяльнага праекта. Старадаўні інтэр’ер быў, на жаль, знішчаны. У 2000-я санаторый пакінуў будынкі палаца, а сам палац быў перададзены на баланс Управы адукацыі Гродзенскага райвыканкама і неўзабаве апынуўся ў занядбаным стане. 

Здавалася, што легендзе Свяцка настаў канец, але неўзабаве палацава-паркавы ансамбль быў перададзены санаторыю «Азёрны» і выратаваны. Актыўная рэстаўрацыя і аднаўленне паркавай зоны ўдыхнулі ў комплекс новае жыццё, і ён, цалкам адноўлены, вярнуўся да наведнікаў у першапачатковым гістарычным абліччы і функцыянуе як турыстычны цэнтр, дзе можна адчуць сябе магнацкім госцем.

Палац Валовічаў славіцца не толькі архітэктурай, але і містычнымі гісторыямі — легенда пра прывід «Белай панны» тут вельмі папулярная. Паводле легенды, хтосьці з Валовічаў даведаўся пра каханне сваёй дачкі і кагосці са служкаў. Пасля гэтага служка нібыта быў забіты людзьмі Валовіча, а магнацкая дачка была замуравана ў адной з калонаў палаца, і цяпер прывід дзяўчыны часам паказваецца наведнікам шляхецкай рэзідэнцыі. 

20-kalona.jpg
Калона ў каміне, у якую, паводле легенды, замуравалі дачку гаспадара. Фота: ru.wikipedia.org

Палац Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе — казачны замак з вежамі (Гомельская вобласць)

Наш далейшы шлях ляжыць на Гомельшчыну, у Красны Бераг. Там у канцы XIX стагоддзя быў пабудаваны адзін з самых арыгінальных палацаў у Беларусі. У ім змяшаліся элементы неаготыкі, рэнесансу і ампіру. Але галоўнае — гэта інтэр’еры: кожны пакой аформлены ў сваім непаўторным стылі, ад арабскага да старажытнарымскага, таму будынак нагадвае дэкарацыю да еўрапейскай казкі.

Palac Koziel-Paklieŭskich
Палац Козел-Паклеўскіх. Фота: be.wikipedia.org

Сядзібна-паркавы комплекс у першай палове XIX ст. быў уласнасцю роду Багародскіх, у якіх яго выкупіў у 1891 г. генерал-інжынер Гатоўскі. У якасці пасагу сядзіба дасталася яго дачцэ Марыі, якая была замужам за Вікенціем Козел-Паклеўскім, які быў сынам знатнага бізнесоўца і грамадскага дзеяча Альфонса Козел-Паклеўскага і меў велізарныя ўладанні на Урале. На замову ўладальнікаў маёнтка прафесар архітэктуры Яўген Шрэтэр у 1890–1893 гг. узводзіць тут палац у стылі гістарызму з выкарыстаннем элементаў готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну. Адначасова побач з палацам паводле праекта варшаўскага садавода Францішка Шаніёра быў разбіты ангельскі рэгулярны парк.

З прыходам бальшавікоў палац быў разрабаваны і прыстасаваны пад сельскагаспадарчыя курсы, што зберагло яго ад канчатковага разбурэння. У 1921 годзе тут быў праведзены касметычны рамонт: адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзверы, падлога. У Другую сусветную вайну ў сядзібе дзейнічаў нямецкі шпіталь. Па вайне ў палацы размясціўся сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996–2015 гадах у комплексе зладзілі грунтоўную рэстаўрацыю.

Palac Koziel-Paklieŭskich
Уяздная брама. Фота: be.wikipedia.org

Уся тэрыторыя сядзібы плошчай 11 га абнесеная мураванай агароджай. Галоўны ўезд аформлены брамай, зробленай у стылі неаготыкі, якая мае форму спічастай аркі. У яе дэкоры выкарыстаная аркатура і васьмігранныя бакавыя вежы.

Палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх уключае ў сябе сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, мураваную агароджу з брамай, парк. Галоўны архітэктурны элемент комплексу і цэнтр ягонай кампазіцыі — палац, Г-падобны асіметрычны двухпавярховы мураваны будынак.

Фасады палаца і дах маюць складаную канфігурацыю, якая спалучае аб’ёмы асноўнага корпусу з рызалітамі, эркерамі і аб’ёмам бальнай залі. Асабліва вылучаюцца на асноўным фасадзе двух-, трох- і чатырохгранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэннямі. Галоўны ўваход мае выгляд манументальнай тэрасы на масіўных пілонах са стрэльчатымі арачнымі праёмамі паміж імі. Увагу прыцягваюць і вельмі цікавыя вадазлівы, аформленыя ў выглядзе хімераў. 

Маляўнічасць архітэктурнага сілуэта спалучаецца з іх каларыстычным выкананнем, пабудаваным на кантрасце чырвонай цэглы, белых атынкаваных дэталяў і шэрых ацынкаваных дахаў з каванымі металічнымі элементамі. 

Сядзіба Козел-Паклеўскіх — своеасаблівы даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут выкарыстаныя элементы больш як дзесяці стыляў — гатычнага і раманскага, ракако, маньерызму, барока, класіцызму і іншых. Сядзіба Козел-Паклеўскіх — гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленні якой выкарыстоўваўся рэдкі арабскі стыль — альгамбра.

Сярод пакояў палаца вылучаюцца яго раманская, гатычная, рэнесансная, кітайская, ракайльная і арабская залі. Апошняя была абсталявана арыгінальнай экзатычнай мэбляй, інкруставанай перламутрам і слановай косткай з Дамаска, а таксама персідскімі дыванамі. Бальная зала была зроблена ў стылі Людовіка XVI. Акрамя стылёвай мэблі палацавыя інтэр’еры былі ўзбагачаныя вырабамі з бронзы (фірма Лапенскіх), венецыянскім крышталём, ангельскім фаянсам, французскай парцалянай і найбагацейшай галерэяй партрэтаў.

Palac Koziel-Paklieŭskich

Palac Koziel-Paklieŭskich
Інтэр’еры палаца. Фота: museums.by

Комплекс гаспадарчых пабудоваў у сядзібе прадстаўлены будынкам былога вінзавода, стайнямі, складам, у афармленні якіх выкарыстаны розныя архітэктурныя элементы.

Palac Koziel-Paklieŭskich Флігель палаца. Фота: be.wikipedia.org

Цагляны флігель з асіметрычнай кампазіцыяй, які размешчаны непадалёку ад палаца, мае падобнае з палацам архітэктурнае выкананне.

Шпацыруючы тут, варта зазірнуць у парк, які з двух бакоў абнесены высокай сцяной, што захавалася з XIX стагоддзя, а з трэцяга боку — ракой. Асноўная сетка дарожак і акружны прагулачны маршрут дзеляць яго на некалькі зон: пладовы сад, базанавая ферма, пейзажны ландшафт, курціны вакол сядзібнага дома і бераг ракі. Тут знаходзіцца савіны камень-валун з дзвюма трыкутнымі адтулінамі. Згодна з традыцыяй, юнакі і дзяўчаты загадваюць каля яго жаданні.

Park pry palacy Koziel-Paklieŭskich
 Парк пры палацы. Фоты: museums.by

Увесь комплекс выглядае як праўдзівая эклектычная казка.

Палац Пуслоўскіх у Косаве — неагатычная манументальнасць (Брэсцкая вобласць)

Хоць Косаўскі палац робіцца ўсё больш папулярным, ён заслугоўвае асобнай увагі як выдатны прыклад неагатычнай архітэктуры. Гэты «рыцарскі замак» з 12 вежамі (паводле колькасці месяцаў у годзе — найвышэйшыя вежы сімвалізуюць цёплыя і ўрадлівыя месяцы) выклікае захапленне сваім маштабам. 

Palac Pusloŭskich
 Палац Пуслоўскіх. Фота: belarus.travel

Калісьці Пуслоўскія былі аднымі з самых багатых людзей краю, і іх рэзідэнцыя была сімвалам тэхнічнага прагрэсу таго часу. Будаўніцтва палаца распачалося ў 1830-х — 1840-х гадах на замову Вандаліна Пуслоўскага — мецэната, калекцыянера і прамыслоўца, які збудаваў у Хомску першую фабрыку з паравым рухавіком на Палессі. Месца пабудовы было абрана не выпадкова — побач знаходзілася сядзіба Марачоўшчына, дзе нарадзіўся і жыў Тадэвуш Касцюшка. Вандалін быў гарачым прыхільнікам кіраўніка паўстання, таму вырашыў недалёка стварыць сваё сямейнае радавое гняздо.

Пуслоўскія акультурылі тэрыторыю: выкапалі тры ставы, зрабілі насып і на ім пачалі будаўніцтва замка. Праект рыхтаваў польскі архітэктар Францішак Яшчолд. У тыя часы было модна настальгаваць па сярэднявечнай раскошы і рамантызме, таму Вандалін Пуслоўскі абраў арыстакратычны гатычны стыль. На ўваходзе наведнікаў сустракала манументальная і велічная Цэнтральная брама з дэкаратыўнымі вежамі, увянчанымі зубцамі, якая нагадвала замкавы мур. Праз гэтую браму ў сядзібу ўязджалі гаспадары і іх ганаровыя госці.

Далей перад вачыма паўставаў садова-паркавы комплекс з тэрасамі і палацам на пагорку. У палацы было ажно 132 пакоі, прычым ніводзін з іх не быў прахадным. Усе пакоі мелі своеасаблівы непаўторны інтэр’ер.

Palac Pusloŭskich
Фасад палаца, увенчаны прыгожымі гатычнымі вежамі. Фоты: museums.by

Кожная зала мела сваё прызначэнне. У Белай ладзілі балі і прыёмы, у Чорнай, аблямаванай мармурам, гулялі ў настольныя гульні, у Ружовай музыцыравалі. У адной з заляў была дзівосная шкляная падлога, пад гэтым шклом, проста пад нагамі наведнікаў, плавалі рыбы. У замку была багатая бібліятэка і мастацкая галерэя, бо Пуслоўскі вельмі шанаваў літаратуру і мастацтва. 

Palac Pusloŭskich

Palac Pusloŭskich
Фантан і скульптуры ў прыпалацавым садзе. Фота: museums.by

Каб «убачыць на свае вочы» ўсю раскошу гэтай выбітнай арыстакратычнай сядзібы, трэба перанесціся ў тыя далёкія часы. Гэта быў унікальны для першай паловы ХІХ стагоддзя архітэктурны аб’ект з інжынернымі камунікацыямі! У доме было шмат камінаў з рознымі парталамі, але абаграваўся ён праўдзівай вадзяной ацяпляльнай сістэмай з разводкай трубаў. Ваду для гэтых батарэй награвалі ў катлах. І гэта быў далёка не адзіны цуд інжынернай думкі! На тэрасах былі фантаны, на тэрыторыі размяшчалася аранжарэя, алеі парка аздаблялі скульптурныя кампазіцыі.

Палац Пуслоўскіх наведвалі знаныя асобы: Напалеон Орда, Эліза Ажэшка, Вацлаў Ластоўскі, Генрых Сянкевіч.

Палац мае сваю легенду, паводле якой пад замкам было сутарэнне, з якога шматкіламетровыя хады вялі да Косава, Ружанскага замка і Вільні. На жаль, археолагі так і не знайшлі нават слядоў гэтых лёхаў. Магчыма, што гэта звычайная легенда, як і аповеды пра льва, які жыў у замку і часам гуляў каля яго з дазволу гаспадароў.

Вечарамі, калі палац падсвечваецца, ён выглядае як дэкарацыя да прыгожай казкі.

На жаль, неўзабаве сям’я Пуслоўскіх страціла сваё радавое гняздо, якое будавалі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў — сын Вандаліна, Леон Пуслоўскі, прайграў косаўскую сядзібу ў карты.

У час Першай сусветнай вайны сядзібу разрабавалі, і ўнікальныя рэліквіі (малюнкі, рукапісы, сямейныя каштоўнасці) незваротна зніклі. Напрыканцы Другой сусветнай вайны у Косаўскім палацы здарыўся пажар, які зладзілі савецкія партызаны ў якасці дыверсійнага акту супраць акупацыйных уладаў. Ён амаль што знішчыў замак. Доўгі час пра былую веліч нагадвалі толькі счарнелыя ад сажы і часу сцены.

Palac Pusloŭskich

Palac Pusloŭskich
 Багата аздобленыя залі палаца Пуслоўскіх. Фота: museums.by

У наш час было вырашана аднавіць палац. У 2007 годзе архітэктары дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» распрацавалі генеральны план аднаўлення палаца і сядзібы Тадэвуша Касцюшкі, а таксама рэканструкцыю парку як адзінага палацава-паркавага ансамбля. Пасля рэстаўрацыі палац Пуслоўскіх стаў адной з галоўных турыстычных славутасцяў Палесся.

 budzma.org