Колькі часу сыходзіць на стварэнне новага сусвету? Як разам ужываюцца фэнтэзі і філасофія? Чаму супраціў натхняе? Размова з пісьменніцай Ліляй Ільюшынай пра кнігі і пра тое, як гэта — працаваць у жанры фэнтэзі.
Ліля Ільюшына — пісьменніца і філосаф, жыве ў Мінску. Выкладае ва Універсітэце культуры. Адна з арганізатарак фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» і стваральніца Літаратурнага клуба па фэнтэзі для падлеткаў. Аўтарка дзвюх кніг фэнтэзі — «Ключ дарог. Пачатак» і «Мэтт Грэнвилл, Везучий Неудачник», абедзве кнігі выйшлі ў 2019 годзе. Цікавіцца футболам і любіць запускаць паветраных змеяў. Выхоўвае траіх дзяцей.
Ліля Ільюшына на адкрыцці фестывалю «Pradmova»
— Ліля, адна твая кніга — «Ключ дарог. Пачатак» — заяўленая як першая частка трылогіі, другая — «Мэтт Грэнвилл, Везучий Неудачник» — заканчваецца так, што складана не разлічваць на працяг. У абедзвюх дакладна выбудаваныя сусветы, разнапланавыя персанажы. Што цябе падштурхнула на стварэнне такіх складаных сюжэтаў? Ці шмат часу спатрэбілася?
— Вакол мяне заўсёды былі знаёмыя, якія ўвесь час пішуць. І ўва мне спрацоўваў пэўны нонканфармізм — навошта пісаць, калі ўжо столькі напісана?
Але так, я дзесяцігоддзямі пракручвала ў галаве сюжэты ў дэталях. Мыеш посуд, чытаеш лекцыю — думаеш пра штосьці сваё. А вось менавіта пісаць пачала ў часы дэкрэту, калі выбілася са звыклай каляіны справаў. Да таго ж я тады ўжо рэалізавалася ў пэўнай ступені — у мяне былі сям’я, праца — і перастала баяцца, што нешта не атрымаецца.
І вось тут здарылася нечаканасць: аказалася, я пішу доўгія гісторыі. Першую версію першай кнігі я напісала за тры месяцы. Усе дзеянні ў ёй адбываюцца ў Англіі — я фанат Дыяны Уін Джонс і ангельскіх, валійскіх, ірландскіх казак, — але ў пэўны момант я зразумела, што мне вельмі не хапае там беларушчыны. Але не вышыванак ці Пеці з Васем з суседняга пад’езда, а самой тэмы. Так за паўтара месяца я перапісала кнігу ў новым ключы і накідала план усёй трылогіі.
А вось другая кніга стваралася больш складана — на яе пайшло чатыры месяцы. Пасля яе здарыўся час цішыні — пакуль я нічога новага не напісала.
Вядома, я думаю пра працяг. Але для сябе адрозніваю два моманты — напісанне кнігі і яе выданне, апошняе не заўсёды проста. Але, з іншага боку, цяпер ёсць магчымасць размяшчэння электронных варыянтаў кніг — гэта вельмі зручна.
— Ты філосаф па адукацыі. Як у тваіх творах ужываюцца філасофія і фэнтэзі?
— Для мяне фэнтэзі — адна вялікая метафара. На філасофскім факультэце нас прывучаюць мысліць аргументавана, але калі не можаш сказаць дакладна, можаш выкарыстаць прыгожую метафару. Фэнтэзі для мяне — спроба паразважаць, падумаць, перажыць нешта немагчымае ў звычайным жыцці. Гэта не эскапізм, але адкрыццё новай рэальнасці.
Люблю фразу Толкіна: «Вельмі проста прыдумаць зялёнае сонца, але вельмі цяжка прыдумаць свет, дзе зялёнае сонца будзе арганічнае». Для мяне фэнтэзі — такая ж выбудова свету, мне важна ўявіць яго цалкам.
— У тваіх кнігах шмат адсылак — філасофскіх і не толькі. Раскажы пра некаторыя.
— Я люблю насычаныя сюжэты. Напрыклад, у кнізе «Мэт Грэнвилл, Везучий Неудачник» шмат усяго — дзеянняў, адсылак, рэбусаў, матэматычных загадак і шрыфтоў.
Прыкладам, Мэт — скарочана ад евангельскага Мацвея — гэта тэма вучнёўства. Яна, дарэчы, чамусьці, падвісае ў творах сучасных аўтараў. Але ж у юнацтве мы не столькі шукаем каханне ўсяго жыцця, колькі гуру і настаўніка! Імя Вайверын перакладаецца з англійскай як «тая, якая хістаецца». І так амаль з кожным персанажам.
Агулам, тут магла б быць велічэзная колькасць зносак, але я спецыяльна іх не рабіла — сучасны свет дазваляе чытаць кнігі з тэлефонам і адразу гугліць невядомыя моманты.
Ліля Ільюшына на фестывалі «Pradmova»
— Ліля, а раскажы пра сваё дзяцінства. Ці паўплывалі яго падзеі на тое, што ты стала пісьменніцай?
— Нарадзілася я ў Мінску. Калі мне было тры, бацькі паехалі на заробкі ў Нямеччыну, і я акурат да школы жыла з бабуляй і дзядулем у вёсцы. Лічу, гэта адзін з самых істотных момантаў, які заклаў ува мне вельмі важныя рэчы — у творчым, чалавечым, асабістым сэнсе.
У вёсцы было мегафайна — можна было хадзіць гадзінамі па лясных дарогах з дзедам, шукаць грыбы. Было шмат свабоды і прасторы. Тут я таксама пабачыла цяжкую фізічную працу, дысцыпліну. Але вёска і дала разуменне: людзі не павінны аддаваць усе сілы толькі на тое, каб выжываць.
Адсюль, магчыма, і мая цікавасць да кніжак і філасофіі. І частка сюжэта «Ключа дарог» — апісанні ўсіх гэтых абшараў, сцежак, агульная тэма згасання. Гэта быў канец 80-х — пачатак занядбання калгасаў, калі шмат якія палеткі ўжо не аралі, а сцежкі і просекі пачалі зарастаць.
Пераезд назад у Мінск стаўся вялікім стрэсам, бадай адзіным у маім дзяцінстве. Горад так і не стаў маёй прасторай, застаўся месцам, дзе мала месца. Таму і да сёння лепш за ўсё мне думаецца ў лесе альбо парку.
Ліля Ільюшына ў дзяцінстве
— Ты заснавальніца Літаратурнага клуба для падлеткаў, ведаю, што таксама планаваўся падлеткавы літаратурны фестываль, які быў перанесены праз пандэмію. Адкуль такая цікавасць да падлеткавай тэмы? І якім падлеткам была ты сама?
— Гэта былі шчаслівыя часы, я не перажывала ніякай падлеткавай драмы. Хіба што да пераходу ў ліцэй, у школе, крыху няўтульна адчувала сябе як вучаніца — не было аднадумцаў-равеснікаў, з якімі можна было б абмяркоўваць вучобу, кнігі, розныя падзеі.
Менавіта таму я і раскручваю тэму падлеткавага літаратурнага фестывалю: разумныя дзеці часам змушаны мімікраваць пад звычайных, і гэта пэўная праблема. Ну і, здаецца, на сучасных падлеткаў больш ціснуць — курсы, секцыі, дадатковыя заняткі. Шмат у каго з іх няма аддухі — месца, дзе яны могуць проста добра прабавіць час, падзяліцца сваімі цікавасцямі, абмеркаваць іх. Бо школа — гэта ўсё адно своеасаблівыя казармы, і нават калі выкладае самы геніяльны настаўнік, ён па статусе над вучнямі, а падлеткам патрэбная менавіта іх супольнасць. Таму, лічу, вельмі важныя падлеткавыя фэсты, клубы.
Летась я ладзіла Літаратурны клуб для падлеткаў, дзе мы абмяркоўвалі фэнтэзі, але ў гэтым годзе не запускала яго. Мы шмат гулялі, праходзілі квэсты — але так можна да бясконцасці. І тут пытанне: такім чынам ты прыцягваеш увагу да кніг ці да гульняў? Мне асабіста хочацца абмеркаванняў, пераходу на іншы чытацкі ўзровень — вось пакуль думаю, як гэта зрабіць.
Чароўны рэдкі звер: беларускае фэнтэзі
— А ці ёсць у тваіх кнігах персанажы, прататыпы якіх — твае дзеці?
— Не. Толькі ў «Ключы дарог» ёсць момант, калі захварэў маленькі Флін. Гэта позні пераказ таго, як хварэў мой малодшы сын — у яго была задуха, мы ляжалі ў лякарні, і гэта было вельмі цяжкае для нас выпрабаванне. Усё засталося ў мінулым, але цяпер — у фільмах, кнігах, навінах — вельмі цяжка назіраць, як дзеткі хварэюць.
— Хто цябе натхняе з пісьменнікаў, мастакоў? Увогуле, што цябе натхняе?
— Я фанат Борхеса і Брэдберы, а вось з беларускіх аўтараў люблю Мележа — там шмат блізкіх мне разважанняў пра жыццё, свет. З мастакоў мне найбольш блізкія сюррэалісты, асабліва Рэнэ Магрыт з яго дзіўнымі спалучэннямі.
А вось што ўвогуле натхняе пісаць... Пэўна, стан супраціву. Калі я ў норме, ёсць цікавая праца, мне нецікава пісаць. А вось калі стан «сняданне-абед-вячэра», як было ў часы дэкрэту, тады пачынаецца супраціў, бо жыццё мусіць падпарадкоўвацца не толькі жывёльным інстынктам, павінна быць штосьці яшчэ.
Павал Баркоўскі на адкрыцці фестывалю «Pradmova»
— У вас з мужам — філосафам і выкладчыкам Паўлам Баркоўскім — столькі асобных і агульных праектаў, праца, сям’я. Як ты знаходзіш час пісаць?
— Калі ёсць патрэба, робім з Паўлам графік — адзін працуе, іншы сядзіць з дзецьмі. У лепшыя часы нам вельмі дапамагаюць бабулі, але цяпер праз сітуацыю з каранавірусам да іх не звяртаемся.
— Як увогуле на цябе ўплывае сітуацыя з пандэміяй? Ці маеш час, натхненне, жаданне штосьці ствараць?
— Мне ўвесь час сняцца кашмары. Але так, я пачала пісаць працяг трылогіі «Ключ дарог». Гэта кніга пра жахі, цяжкі выбар, свет, які развальваецца. Запісала першы сказ: «З кожнай дарогі цягнула бядою», — і супакоілася.
Аляксандра Дварэцкая, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!