13 лістапада ў кавярні мястэчка Крэва прайшлі першыя “Літаратурныя дажынкі”. Ініцыятыва «Твой Фэст», сайт Krevo.by пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і беларускага ПЭН-Цэнтра падвялі папярэднія вынікі літаратурнага года і зладзілі камерны паэтычна-музычны фэст.
На фэсце ўзнагародзілі пераможцу ТОП-10 найураджайнейшых пісьменнікаў года (паводле версіі чытачоў). Ім стаў Віктар Раманцоў, які набраў 300 галасоў з 1000. Вялікую падтрымку яму аказалі яго прыхільнікі з Гомельшчыны. Віктар прыехаў на выступ не адзін, а з групай падтрымкі
У імпрэзе ўзялі ўдзел Раман Абрамчук, Андрэ Бём, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, Валерыя Кустава, Андрэй Мельнікаў, Віктар Раманцоў, Віталь Рыжкоў, Міхась Скобла, Анка Упала, гурт “BosaeSonca”. Вядоўца імпрэзы – Валярына.
На сустрэчы прысутнічалі не толькі карэнныя жыхары Крэва, але і госці з Мінска, Смаргоні, Горадні, Мядзеля. А яшчэ з Нямеччыны і Туркменістана. Таму фэст набыў статус не толькі рэгіянальнага, але і амаль міжнароднага.
Усім выступоўцам арганізатары прэзентавалі адмысловыя падарункі – слоікі з сочывам з пладоў ігрушы – Дрэва Паэзіі, што з’явілася ў мястэчку на падворку сям’і Магераў, сваякоў паэта Уладзіміра Някляева, гэтым летам, 4 чэрвеня 2011 года. Не засталіся без падарункаў і слухачы – усе дзеткі і прыезджыя атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, узяўшы ўдзел у вясёлых літаратурных конкурсах.
Да правядзення “Літаратурны дажынак” у Крэве было пасаджанае і другога Дрэва Паэзіі – у кампанію да Паэтычнай Ігрушы пасадзілі Літаратурны Дуб. Дуб садзілі ўсе разам – старэйшыя і маладзейшыя літаратары. Іван Магер, уладальнік маёнтка, адзначыў, што верыць, што на маладым дубочку з цягам часу з’явяцца залатыя жалуды, а на літаратурнай ніве – маладыя паэты, што прынясуць у беларускую культуру і літаратуру дабрыню і цеплыню.
Людзей сабралося роўна столькі, колькі магла змясціць кавярня, нават крыху болей, некаторым давялося стаяць.
Мяркуецца, што “Літаратурныя дажынкі” стануць штогадовым літаратурна-музычным рэгіянальным святам.
ул. інф, фота – Сяргей Гапон