Роўна 10 гадоў таму Еўрапейскі саюз вырашыў заснаваць уласную прэмію па літаратуры з тым, каб папулярызаваць на міжнародным узроўні не надта вядомых, але таленавітых аўтараў з розных краін Еўропы. Таму намінантам можа стаць аўтар, які мае не менш за дзве, але не больш за чатыры выдадзеныя арыгінальныя кнігі.
Каардынуе прэмію адмысловы кансорцыум, які стварае нацыянальныя журы і арганізуе цырымонію ўзнагароджання. Цікава, што конкурс можа ісці ажно цягам трох гадоў. Першы цыкл быў у 2009–2011 гг., трэці скончыўся ў 2017 г. А ў 2019 г. пачаўся новы цыкл, які завяршыцца ў 2021 г.
Кожны год каля 15-ці еўрапейскіх краін абіраюцца да ўдзелу ў конкурсе, пасля зацвярджаецца склад нацыянальных журы, бо ў кожнай краіне яно сваё. Ну а чальцы журы ўжо вызначаюць пераможцу.
Адметна і тое, што ў конкурсе маюць права ўзяць удзел не толькі краіны — сябры ЕС , але і іншыя краіны Еўропы, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі праграмы “Крэатыўная Еўропа”, — агулам 41 краіна.
Лаўрэаты атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры 5000 еўра і падтрымку ў выглядзе перакладу сваёй кнігі, а таксама яе прамоцыю на міжнародным узроўні. Сёлета ў конкурсе ўзялі ўдзел наступныя краіны: Украіна, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Грузія, Ірландыя, Італія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Венгрыя, Фінляндыя і Францыя.
Давайце пазнаёмімся з намінантамі і іх творчасцю.
Аўстрыя. Гэтую краіну прадстаўляе Лаўра Фройдэнтхалер.
Лаўра нарадзілася ў 1984 г. у Зальцбургу, вывучала нямецкую мову і літаратуразнаўства, філасофію, займалася гендарнымі даследаваннямі. Яе першая кніга выйшла ў 2014 г., а праз чатыры гады раман “Каралева маўчыць” атрымаў добрыя адзнакі ад крытыкаў і атрымаў літаратурную ўзнагароду. Раман пагружае чытача ў ізаляваны космас вёскі і складаецца з фрагментаў памяці старой жанчыны. Гісторыя яе жыцця трагічная, аднак сама гераіня не ўспрымае яе так, яна хутчэй носіць гэты цяжар на плячах з гонарам, як «каралева». Другі раман пісьменніцы “Гісторыя прывідаў” пабачыў свет у 2019 г., і менавіта за гэтую кнігу Лаўра атрымала Еўрапейскую прэмію па літаратуры. Твор пра пустэчу, якая раптоўна ўтварылася ў жыцці маладой жанчыны. Удзень яна блукае па вуліцах, уначы запісвае свае назіранні ў сшытак. Усё, што раней мела значэнне ў яе жыцці, паступова сыходзіць у цень
Фінляндыю прадстаўляе таксама жанчына — Пія Лейна (Piia Leino).
Пія нарадзілася ў 1977 г., жыве ў Хельсінкі, працавала журналісткай на тэлебачанні амаль 20 гадоў. Яе першы раман быў прысвечаны рэаліці-шоу і апавядаў аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жанчыны. Як аўтарку яе цікавяць правілы, згодна з якімі функцыянуе грамадства, і як яно развіваецца. Папулярная культура, сацыяльныя медыя і палітыка — вось галоўныя тэмы яе твораў.
Францыя. Сафі Доль (Sophie Daull)
Актрыса і пісьменніца, нарадзілася ў 1965 г. Вывучала музыку ў Нацыянальнай кансерваторыі ў Страсбургу, што і падштурхнула яе стаць актрысай, а потым паспрабаваць сябе ў літаратуры і ў жанры інсталяцый з музыкай і рухамі. Яе першы твор “Camille, mon Evolée” (2015 г.) атрымаў прыз за найлепшы дэбют ад часопіса “Lire”.
Бека Адамашвілі (Beqa Adamashvili) стаў лаўрэатам ад Грузіі.
Вядомы грузінскі блогер, дырэктар крэатыўнага агенцтва вывучаў журналістыку і сацыялогію ва ўніверсітэце. Яго літаратурны дэбют адбыўся ў 2009 г. Бека апублікаваў у інтэрнэце свае кароткія апавяданні і адразу ж набыў папулярнасць сярод чытачоў. У 2014 г. яго кніга “Бэстсэлер” стала сапраўдным бэстсэлерам у Грузіі. Добрае пачуццё гумару і глыбокія веды ў галіне сусветнай літаратуры, алюзіі на класічныя літаратурныя творы, а таксама выдатнае веданне прынцыпаў маркетынгу і рэкламы робяць яго апавяданні захапляльнымі і прыцягальнымі, што спрыяе росту яго папулярнасці.
Намінантам ад Грэцыі стаў Нікас Хрысас (Nikos Chryssos).
Аўтар нарадзіўся ў 1972 г. у Афінах і пачатку вучыўся на біёлага, але пасля вырашыў выбраць прафесію рэжысёра. Яму належыць букіністычная кнігарня ў Афінах. Нікас напісаў і выдаў 2 кнігі, сярод якіх раман “Новы дзень”, за які ён і быў намінаваны на прэмію. Кніга апавядае пра прыгоды банды бяздомных, якія жывуць і паміраюць у порце “поўдня Еўропы”. Раман пра жыццё і смерць, злачынствы і пакаранні. Па словах аўтара, менавіта "захапляльныя кароткія гісторыі, а таксама захапляльныя шматгранныя раманы складаюць ядро грэцкай літаратурнай традыцыі".
Ад Венгрыі лаўрэатам з’яўляецца Рэка Ман-Варэдзі (Réka Mán-Várhegyi).
Рэка нарадзілася ў 1979 г. у Румыніі, а ў 1990 г. пераехала ў Венгрыю, дзе цяпер і жыве. Вывучала эстэтыку і сацыялогію, а таксама этнічныя меншасці. Пасля шмат гадоў працавала рэдактарам дзіцячых кніг у выдавецтве. Яе першы зборнік кароткіх апавяданняў з’явіўся ў 2014 г. і быў прызнаны вельмі ўдалым дэбютам. Рэка піша кнігі для дзяцей і падлеткаў, за якія атрымала ўжо некалькі літаратурных прэмій у 2013 і 2018 гг. З чорным гумарам і яркімі дэталямі яна апісвае паднаготную венгерскай сям’і. Атлусценне, юнацкія комплексы, прабуджэнне сэксуальнасці — усё гэта можна знайсці ў творах аўтаркі.
Ян Карсан (Jan Carson) была намінаваная ад Ірландыі.
Яна жыве ў Белфасце. Яе першы раман быў надрукаваны ў 2014 г. і атрымаў добрыя водгукі. А ў 2015 аўтарка штодзённа пісала кароткую гісторыйку на паштовай картцы і дасылала яе аднаму з сваіх сяброў. Кожная такая гісторыйка апісвала нейкі момант з яе жыцця: падслуханую размову, пабачаную карціну, мімалётную думку і г.д. У 2018 г. зборнік гэтых звышмаленькіх апавяданняў атрымаў прыз ад Ірландскага саюза пісьменнікаў, а перад гэтым — у 2016 г. — ад часопіса “Harper’s Bazaar”.
Лаўрэатам ад Італіі стаў Джавані Дацыні (Giovanni Dozzini).
Аўтар нарадзіўся ў Перуджы ў 1978 г., дзе жыве і цяпер. Працуе журналістам і перакладчыкам. З 2014 г. — сябра арганізацыйнага камітэта “Encuentro” – фестывалю, які прасоўвае іспанскую літаратуру ў Італіі. Займаецца музыкай і сам сябе называе “рок-зорка, у якой нічога не атрымалася”. У сваіх творах Джавані ўздымае пытанне міграцыі. Што адбываецца з чалавекам, калі ён робіць першыя крокі на зямлі чужой краіны, яго страхі, жаданні, гнеў і настальгія, а яшчэ — надзея.
Нашу суседку Літву прадставіла Дайна Апалскайтэ (Daina Opolskaitė).
Аўтарка нарадзілася ў 1979 г. у Ваўкавішках, скончыла Віленскі педагагічны ўніверсітэт, дзе вывучала літоўскую філалогію. Цяпер працуе настаўніцай у школе ў родным мястэчку. У 2000 г. атрымала прыз Літоўскага саюза пісьменнікаў за сваю дэбютную кнігу, а ў 2018 г. — дзве літаратурныя прэміі за зборнік кароткіх апавяданняў. Дайна піша кнігі для дзяцей і падлеткаў. У 2017 г. яе раман “І аднойчы, Рычы” стаў кнігай года. Кніга апавядае пра сапраўднае сяброўства і ўздымае шмат важных пытанняў для падлеткаў, а самае галоўнае — імкнецца даць на іх адказы: “Як ты можаш адчуваць сябе шчаслівым, калі цябе зваць Баліс Белек? Што такое быць Белекам — гэта нішто. І нават калі дадаць рудыя валасы, добраахвотнікаў не знайшлося б. Іншы аднакласнік Рычы — прыгожы, разумны, смелы і спартыўны. Калі ён прыязджае ў школу на скутары, вочы ўсіх дзяўчат ззяюць, нібыта люстэркі”.
Сучасную літаратуру яшчэ адной нашай суседкі, Польшчы, прадставіла Марта Дзіда (Marta Dzido).
Аўтарка нарадзілася ў 1981 г., скончыла школу кіно ў Лодзі і здымае дакументальныя стужкі. А яшчэ яна напісала тры раманы і навукова-папулярную кнігу “Жанчыны салідарнасці”. Яе кар’ера як рэжысёра таксама паспяховая. Марта працавала галоўным аператарам на здымках дакументальнай стужкі "Underground Women’s State" (2009 г.) і адным з рэжысёраў дакументальнага фільма "Downtown" (2010 г.), які атрымаў прыз “Hollywood Eagle Documentary Award” у 2011 г.
Наступны намінант — з Румыніі, Таццяна Цыбуляц (Tatiana Țîbuleac).
Таццяна нарадзілася ў 1978 г. у Кішынёве, навучалася на факультэце журналістыкі Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шырокая публіка ўпершыню даведалася пра яе ў 1995 г. дзякуючы калонцы “Сапраўдныя гісторыі” ў штодзённай газеце “Flux”. З 2008 г. аўтарка жыве ў Парыжы. Яе дэбютам стаў зборнік кароткіх апавяданняў у 2014 г. У 2017 г. яе першы раман “Лета, калі ў маці былі зялёныя вочы” атрымаў прэмію ад Саюза малдаўскіх пісьменнікаў, прыз літаратурнага часопіса “Observator Cultural” (Бухарэст) і прэмію “Observator Lyceum prize” на фестывалі ў Ясах. Кніга апавядае пра жанчыну, што памірае, і яе сына, якія праводзяць лета ў французскай вёсцы. Раман быў перакладзены на французскую і іспанскую мовы. Але на прэмію пісьменніца была намінаваная за раман “Шкляны сад”, дзе яна таксама звяртаецца да тэмы маці, любімага і нелюбімага дзіцяці, пра трагічныя наступствы “няверы”. Лёс сіраты ў мультыкультурным Кішынёве, якому самотная і амбітная жанчына можа прапанаваць квітнеючую будучыню, а можа купіць у якасці працоўнай сілы і бязлітасна эксплуатаваць. Сталенне дзяўчыны паміж дзвюма мовамі і дзвюма культурамі (малдаўскай і румынскай) у гады, калі мяняюцца межы і палітычная сістэмы. Твор спалучае і жорсткасць назірання за трагічнымі падзеямі, і спачуванне пакутам.
Івана Дабраковава (Ivana Dobrakovová) стала лаўрэаткай ад Славакіі.
Пісьменніца і перакладчыца жыве ў Турыне. Яе літаратурны дэбют — зборнік кароткіх апавяданняў — у 2009 г. быў намінаваны на “Anasoft Litera prize” і атрымаў прэмію “Ján Johanides Award” у катэгорыі “Найлепшая проза ад маладога аўтара”. А другі раман — “Bellevue” (2010 г.) апісвае жыццё маладой славацкай жанчыны, у якой здарыўся нервовы зрыў пасля працы ўлетку ў міжнародным лагеры для людзей з інваліднасцю у Марсэлі.
Сучасную літаратуру суседняй Украіны прэзентуе Гаська Шыян.
Пісьменніца, перакладчыца, блогерка, фатографка. Нарадзілася ў 1980 г. у Львове. Вывучала класічную філалогію ў Львоўскім універсітэце. З’яўляецца саўладальніцай кнігарні ў Львове, змагаецца супраць карупцыйных схем пры закупках падручнікаў для школ. Адкрыла Школу маладога пісьменніка, а ў 2014 г. надрукавала свой першы раман, большая частка якога была напісаная на мабільным тэлефоне, калі аўтарка ляжала ў бальніцы. Цяпер пісьменніца жыве ў Кіеве. Яе твор пра 27-гадовую паспяховую ўкраінку, жыццё якой рэзка змянілася, калі яе хлопцу прыйшла позва ў войска. Вайна падштурхне гераіню да пераацэнкі ўласных каштоўнасцяў і прыняцця няпростых рашэнняў.
Меліса Харысан (Melissa Harrison) стала лаўрэаткай ад Вялікабрытаніі.
Аўтарка раманаў “Гліна”, “У часы глогу”, “Усё сярод ячменю” і навукова-папулярнай кнігі (нон-фікшн) “Дождж: чатыры прагулкі ў англійскае надвор’е”. Усе творы намінаваліся на літаратурныя прэміі. Меліса супрацоўнічае як калумністка з такімі выданнямі, як “The Times”, “The Financial Times”, “The Guardian” ды інш. Яе творчасць неразрыўна звязаная з прыродаю. Апошні раман, за які Меліса і была вылучаная на прэмію, апавядае пра восень 1933 г. ва ўсходняй Брытаніі — гэта, на думку маці галоўнага героя, была самая прыгожая восень на яе памяці, хаця Вялікая вайна ўсё ж кідае цень на палі і вёскі вакол іх любімай фермы. З горада прыязджае даследчыца фальклору і этнаграфіі, каб запісаць вясковыя традыцыі, якія неўзабаве знікнуць. Галоўны герой і мясцовыя жыхары паступова захапляюцца наведніцай. Але з часам збору ўраджаю пачынае адчувацца эканамічны ціск на супольнасць, і галоўны герой вучыцца давяраць сваім інстынктам і шукае спосабы ўратавацца ад катастроф.
Паводле https://euprizeliterature.eu