У Археалагічным музеі працуе ўнікальная гістарычная выстаўка «Змрок Сярэднявечча»

«Змрок Сярэднявечча» — выстава, якая раскрывае жудасныя таямніцы тых часоў і прапануе цікавае падарожжа па супярэчлівых старонках сусветнай гісторыі, піша «Звязда». Праект паказвае, з чаго складаўся быт сялян у перыяд з ХІІ да XVI стагоддзя і як чынілася правасуддзе, сведчанні пра якое і дагэтуль наводзяць жах...

«Zmrok Siaredniaviečča»

Для сучаснага чалавека перыяд Сярэднявечча ахутаны мноствам таямніц і непрагляднай цемрай. У многіх гэты час асацыіруецца з цяжкімі бытавымі ўмовамі і жорсткімі поглядамі на жыццё. І гэта не прыдумкі — яшчэ некалькі стагоддзяў назад на цэнтральных і гандлёвых плошчах маленькіх і буйных гарадоў стаялі эшафот і шыбеніца, а любы прахожы мог стаць сведкам пакарання. Дыба ў падзямеллях прымянялася для допыту, а праца ката лічылася тонкім рамяством.

Цялесныя пакаранні прымяняліся як дысцыплінарная мера і метад запалохвання яшчэ са старажытных часоў, аднак найбольш шырокае распаўсюджванне атрымалі ў Еўропе ў перыяд інквізіцыі — гэта быў час росквіту палявання на вядзьмарак і чараўнікоў. Так склікаўся каталіцкі суд, які разглядаў справы ерэтыкоў — а гэта значыць усіх, хто як-небудзь адхіляўся ад рэлігійнага вучэння, займаўся вядзьмарствам ці прароцтвам. Інквізіцыя сумяшчала ў сабе функцыі і следчага органа, і суда. З часам законы зрабіліся больш жорсткімі, з’явіліся новыя метады катавання і прыстасаванні, якія выкарыстоўвалі для атрымання прызнанняў ці выгнання злых духаў. Але з пашырэннем гуманістычных ідэй эпохі Асветніцтва да канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя катаванні перасталі ўжывацца ў якасці кары за правіннасці і злачынствы. У той жа час з’явілася мноства фантастычных легенд пра жорсткія спосабы катавання ў мінулыя стагоддзі.

У экспазіцыі археалагічнага музея прадстаўлены рэканструкцыі самых распаўсюджаных прылад інквізіцыі, якімі карысталіся ў Еўропе для пакарання вядзьмарак і барацьбы з ератыкамі. 

Экспанаты можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі: прылады псіхалагічнага ўздзеяння для выхавання грамадства праз пачуццё сораму і інструменты для катавання і здабычы прызнанняў, якія выкарыстоўваліся пры раскрыцці больш цяжкіх злачынстваў. 

Да першай катэгорыі адносяцца маскі ганьбы ў розных варыяцыях. У залежнасці ад яе выгляду можна было зразумець, у чым абвінавачаны чалавек — п’янства, грубасць, пляткарства, пралюбадзейства і інш. 

Другая група прадстаўлена вядомымі інструментамі інквізіцыі, такімі як іспанскі бот, дыба, гарота, груша пакут, крэсла допыту, калыска Іуды і інш. 

Экспанаты выкананы па тэхналогіях тых часоў і нічым не адрозніваюцца ад сярэдневяковых арыгіналаў, толькі цяпер яны маюць іншае прызначэнне — знаёміць з гісторыяй. Прадметы суправаджаюцца гравюрамі, малюнкамі, якія тлумачаць прынцып дзеяння механізма, і гістарычнымі каментарыямі.

Праект падыходзіць як для дарослых, так і для дзяцей школьнага ўзросту ў суправаджэнні бацькоў і настаўнікаў. Выстаўка кантактная — можна ўзаемадзейнічаць з экспанатамі і рабіць незвычайныя фотаздымкі.

Праект працуе да 18 студзеня 2026 года па адрасе вул. Кірыла і Мяфодзія, 6.