«Луч» выпусціў лімітаваную калекцыю да 75-годдзя Перамогі

04.05.2020 У краіне
Мінскі гадзіннікавы завод працягвае добрую традыцыю: кожны год выпускаць лімітаваную калекцыю гадзіннікаў да 9 мая. Да 75-годдзя Перамогі «Луч» падрыхтаваў тры мадэлі гадзіннікаў, дызайн кожнай звязаны з канкрэтнай мадэллю ваеннай тэхнікі тых гадоў: савецкім танкам T-34, амерыканскім грузавіком Studebaker US6 і брытанскім знішчальнікам Supermarine Spitfire. Кожнай мадэлі гадзіннікаў выпушчана па 200 асобнікаў.

«Менавіта гэтая ваенная тэхніка натхніла дызайнераў завода на стварэнне юбілейнай калекцыі. Гэтая калекцыя — сімбіёз стылістыкі прыбораў кіравання ваеннай тэхнікі, якая прымала ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны, і наручных гадзіннікаў 40-ых гадоў у сучасным выкананні. Стрэлкі на гадзінніку паўтараюць форму арыгінальных стрэлак прыбораў тэхнікі, акрамя таго, яны з люмінафорам і свецяцца ў цемры» — адзначае арт-дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Іван Краўчэня.

1.jpg

Корпус гадзіннікаў выраблены з латуні і ў яго ўстаноўлена плоскае мінеральнае шкло. У гадзінніках — японскі кварцавы механізм Miyota з вынесенай секунднай стрэлкай на цыферблаце. Лічбы на цыферблаце выкананы друкам у такіх жа каляровых спалучэннях, як і ў арыгінальных прыбораў кіравання.

2.jpg

На заднім вечку з нержавеючай сталі нанесены парадкавы нумар кожнай мадэлі. Характэрныя таксама і раменьчыкі з натуральнай скуры: для кожнай мадэлі іх уручную выраблялі розныя рамеснікі. Кожны раменьчык — камбінацыя здымнага напульсніка з цісненнем і класічнага раменьчыка. На раменьчыку таксама ёсць гравіроўка «1945 — 2020».

5.jpg

Гадзіннік досыць масіўны — дыяметр корпуса 44 мм, таўшчыня 9,4 мм. Усе мадэлі гадзіннікаў з новай калекцыі устойлівыя да ўздзеяння вільгаці. У камплекце з гадзіннікамі ідзе інфармацыйны ўкладыш пра тэхніку, якой прысвечана канкрэтная мадэль, а таксама спецыяльная ўпакоўка калекцыі.

Лімітаваная калекцыя ўжо даступная для замовы на афіцыйным сайце Мінскага гадзіннікавага завода, а таксама ў фірмовых крамах. Заказваючы праз інтэрнэт-краму, можна выбраць функцыю безкантактнай дастаўкі кур’ерам.


Паводле прэс-рэлізу


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!