Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org прыгадвае, як тры гады таму, у жніўні 2020-га, усё незваротна змянілася насуперак несуцяшальным прагнозам і паняверцы. Людзі ўжо не зробяцца ранейшымі і не зойдуць назад «у раку, якая завецца „мнеўсёадномаяхатазкраюяпазапалітыкай“».
Выбары, якія ператварыліся ў завядзёнку
Тры гады таму мне патэлефанаваў Сяргей Будкін і паведаміў, што каманда «Belsat Music Live» знайшла крутую студыю для здымкаў чарговага сэзону і, маўляў, варта зараз дамовіцца наконт нашага ўдзелу. Вось пройдуць выбары, потым — як заўсёды — тыдзень на пасьлявыбарчую дэпрэсію ды фрустрацыю і — наперад! Мы нават дамовіліся на пэўную дату.
Сапраўды, выбары ператварыліся ў завядзёнку. Штораз усё праходзіла паводле шаблёну — і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2011-м. У кожным з гэтых гадоў былі свае нюансы — адзіныя (ці не) кандыдаты, інтэнсіўнасьць пратэстаў, але схема заставалася нязьменнай. У 2015-м на чарговы фарс наогул ніхто не пайшоў. Нават я, такі ўвесь грамадзкі актывіст. І за гэтыя дзесяцігоддзі мы настолькі прызвычаіліся да звыклага парадку рэчаў, што я не заўважыў, што ўсё незваротна зьмянілася.
Глядзі ты! — нейкае абуджэньне
Не, натуральна, немагчыма было не заўважыць шматтысячны натоўп на Бангалёры падчас выступу трох новых лідарак. Альбо нязвыклую народную актыўнасьць у іншых гарадах, куды яны прыяжджалі. Здавалася, людзі даўно і назаўсёды заснулі, а тут — глядзі ты! — нейкае абуджэньне! У якое ня надта хочацца верыць, каб потым не злавіць чарговага жорсткага расчараваньня. Бо, нягледзячы на шаблённасьць кожных выбараў, усё адно штораз абуджалася дурная дзіцячая вера ў цуд. Ну, хіба апроч 2015-га.
Але на вуліцы быў ужо не 2015-ты, і пра няўдзел у галасаваньні не вялося. А, калі што, дык я маю вясковую рэгістрацыю, і галасаваць мне трэба было ў адным аграгарадку (спадзяюся, гэтыя наватворы пасьля Перамогі будуць назаўсёды выкінутыя з нашай мовы). Мы з жонкай узялі два заплечнікі з усім неабходным (на ўсялякі выпадак) і паехалі на Валожыншчыну. На выезьдзе з гораду стаяў вайсковы блёкпост. Людзі ў форме з аўтаматамі выбарча правяралі дакумэнты ў кіроўцаў і пасажыраў аўто, якія заяжджалі ў Менск. Стаялі на варце дзяржавы для народу і стабільнасьці.
плакат мастака Б.Рашэтнікава, крыніца rus-gal.ru
Тут былі амаль усе «свае»
У аграгарадку было ціха й спакойна. Ні міліцыі, ні вайскоўцаў. «А чаго ім баяцца, вёска — гэта ж асноўны лукашэнкаўскі электарат!» — звыкла падумаў я і раптам заўважыў, што ўсе людзі, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак і пашыхтаваліся ў невялікую чаргу перада мною, маюць на руках белыя стужачкі. І амаль усе бюлетэні, кінутыя ў празрыстую (вынік лібэралізацыі?) урну, былі складзеныя гармонікам. Такім чынам заклікалі складаць бюлетэні апазыцыйныя лідары. Каб можна было адразу адрозьніць «сваіх» ад «чужых». Дык, атрымліваецца, тут былі амаль усе «свае». Тут, у вёсцы! Я ня верыў сваім вачам. Што ж будзе ў горадзе?!
Усё зьмянілася
У горадзе галасавала мая жонка. Быў ужо вечар, але чарга на ўчастак была доўгая. Лішне казаць, што ўсе людзі ў чарзе таксама мелі белыя стужкі на руках і гучна, ажыўлена абмяркоўвалі немінучую перамогу дэмакратыі і прагрэсу і паразу калгаснай дыктатуры. Гэта ўсё нагадвала сьвята — бляск у вачах, гучная гутарка, сьмех, прыўзьняты настрой...
Тады я зразумеў, што ўсё зьмянілася. Што людзі ўжо ня зробяцца ранейшымі. Ім можна пагражаць, іх можна прэсаваць, ламаць, катаваць і зьдзекавацца зь іх. Яны папросяць прабачэньня і нават сьпяюць вам гімн у «пакаяльным відэа» (а як ты не сьпяеш — інакш цябе заб’юць!), але ня зойдуць назад у раку, якая завецца «мнеўсёадномаяхатазкраюяпазапалітыкай».
І калі я глядзеў з нашага апошняга паверху на выбухі сьветлашумавых гранатаў каля «Рыгі», і калі сьпяваў «Тры чарапахі» перад ланцугамі салідарнасьці, і калі граў дваровыя канцэрты, і калі глядзеў на шматтысячны натоўп, які сабраўся на наш спантанны канцэрт у «Пясочніцы» праз тры гадзіны пасьля абвесткі — і тады, тры гады таму, і цяпер —
я ведаю: народ зрабіўся сьвядомы.
Мінск, 2020 год. Крыніца: unsplash.com
І хай сабе наперадзе доўгая й няпростая дарога, але мы выйшлі на гэтую дарогу і йдзем па ёй.
А не сядзім у хмызах на кукішках, пацягваючы піва з плясмасавых паўтарачак, маўляў, хай сабе дурныя ламаюць ногі, а мы лепей пасядзім-паразьнявольваемся-паадпачываем.
Ня трэба спадзявацца на цуд. Гэты цуд ужо адбыўся. Тады, тры гады таму, у 2020-м, калі вуліцы нашых гарадоў заліла бел-чырвона-белая рака.
І як бы хто не стараўся — нават шпіц на стале ня верне народ і краіну ў некі аморфны, азызлы й бяззубы 2015-ты.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі
Чытайце яшчэ: Лявон Вольскі: «Ламай сыстэму!»