«Народная воля» працягвае публікаваць фрагменты з кнігі «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур». Гэтым разам аповяд пойдзе пра Іахіма Храптовіча.
Іахім Храптовіч (4 студзеня 1729 г. — 4 сакавіка 1812 г.)
Іахім Храптовіч — грамадска-палітычны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, яго апошні канцлер, асветнік, публіцыст, паэт, перакладчык.
І.Храптовіч нарадзіўся ў маёнтку Ясянец Наваградскага павета (цяпер Баранавіцкага раёна). Паходзіў са старажытнага беларускага магнацкага роду Літавораў-Храптовічаў, карані якога сягаюць у XV стагоддзе. Другое прозвішча роду, як мяркуюць, пайшло ад крыжакоў: адзін з продкаў Храптовічаў быў названы імем яго радзімы «Літвы» (Вялікага Княства Літоўскага) Ліцвінам (па-нямецку «Litauer»). Прадстаўнікі роду адыгралі значную ролю ў развіцці асветы і культуры ў Беларусі, займалі значныя пасады ў органах вярхоўнай улады і мясцовага кіравання дзяржавы. І.Храптовіч — прадстаўнік 11-га калена гэтага роду.
Пачатковую адукацыю атрымаў дома, у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы. Потым вучыўся ў Віленскай акадэміі (2 гады), у розных навучальных установах Брунсберга ў Заходняй Прусіі (3 гады), Нясвіжы (1 год) і зноў у Вільні (1 год). Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміну службы ў войску займаў пасады наваградскага стольніка (1752), дэпутата Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад Гродзенскага павета (1753), пасла ад Наваградскага і іншых паветаў на вальныя соймы Рэчы Паспалітай (1754, 1756, 1758, 1764, 1766), маршалка Наваградскага ваяводства (1764). У 1764 годзе быў прызначаны на пасаду вялікага сакратара ВКЛ. З 1765 года — маршалак Галоўнага трыбунала княства.
У 1766 годзе ў Варшаве І.Храптовіч узяў шлюб з Канстанцыяй Пшаздзецкай, дачкой падканцлера ВКЛ. У 1769–1772 гадах дзяржаўнымі справамі не займаўся. З мэтай лячэння і азнаямлення з жыццём заходнееўрапейскіх краін наведаў Германію, Францыю, Англію, Галандыю, Аўстрыю. Там ён пазнаёміўся не толькі з прагрэсіўнымі ідэямі Асветніцтва, найноўшымі філасофскімі тэорыямі ды іх вядомымі прыхільнікамі, але і з найбольш эфектыўнымі метадамі вядзення сельскай гаспадаркі. Па вяртанні ў Варшаву пачаў рэалізоўваць прагрэсіўныя ідэі ў сваёй рознабаковай дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці.
У 1773 годзе І.Храптовіч быў прызначаны падканцлерам ВКЛ. У тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў Адукацыйнай камісіі, якая была першым у свеце міністэрствам адукацыі, і 20 гадоў загадваў дэпартаментам Віленскай акадэміі і школ Вялікага Княства Літоўскага. За гэты час дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў, найперш у павелічэнні колькасці школ розных узроўняў і наданні навучанню свецкага характару.
На Чатырохгадовым (Вялікім) сойме 1788–1792 гадоў І.Храптовіч прапанаваў шэраг праектаў для вырашэння некаторых актуальных праблем. З 1791 года ён — міністр замежных спраў. На апошнюю высокую дзяржаўную пасаду — канцлера Вялікага Княства Літоўскага — І.Храптовіча ў 1793 годзе прызначыла Таргавіцкая канфедэрацыя. Ён стаў апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага. Складаныя палітычныя абставіны, сталы ўзрост, дрэннае здароўе і іншыя акалічнасці вымусілі яго скласці канцлерскія паўнамоцтвы. За заслугі перад дзяржавай апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў І.Храптовіча ордэнам Белага арла.
Перад пачаткам Гродзенскага сойма 1793 года — апошняга сойма Рэчы Паспалітай — І.Храптовіч паехаў на лячэнне у Аўстрыю, у Карлсбад. У час гэтай паездкі наведаў Рым і некалькі іншых гарадоў Італіі. Вярнуўшыся праз Вену ў 1795 годзе, канчаткова пасяліўся ў Варшаве, адышоў ад дзяржаўных спраў і захапіўся літаратурнай і навуковай працай.
Але спачатку ён мусіў давесці да ладу свае маёнткі: Шчорсы Наваградскага павета, Вішнева Ашмянскага павета, Зембін Мінскага павета, Халопенічы Аршанскага павета і іншыя, якія атрымаў у спадчыну. Рэарганізаваў панскую гаспадарку ў фальварках і асабліва сістэму карыстання зямлёй сялянамі і абкладання іх павіннасцямі. У выніку палепшылася жыццё шчорсаўскіх сялян. Яно залежала таксама і ад дабрачыннасці І.Храптовіча. У яго маёнтках існавалі школы, аптэкі, працавалі лекары. У пошуках лепшай долі ў беларускія маёнткі І.Храптовіча ўцякалі прыгонныя сяляне з Расіі.
Аграрная рэформа забяспечыла трохразовае павелічэнне даходаў І.Храптовіча. Уведзеная ім новая сістэма эксплуатацыі праіснавала без істотных змен да адмены прыгоннага права ў Расіі ў 1861 годзе. Панская гаспадарка ў Шчорсах была адной з лепшых у ВКЛ. Узорнай яна заставалася і ў XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Сярод рэалізаваных Храптовічам праектаў былі і металургічны завод у Вішневе (1778), які праіснаваў да 1870 года, а таксама іншыя прадпрыемствы ў іншых маёнтках.
Паводле праектаў замежных архітэктараў Джузэпе Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля І.Храптовіч узвёў у Шчорсах палац і стварыў выдатны палацава-паркавы ансамбль. У 1784 годзе тут гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Храптовіч пабудаваў школу, уніяцкую царкву, арганізаваў бібліятэку з архівам, якую збіраў усё жыццё. У яго бібліятэцы было больш за 10 тысяч экзэмпляраў кніг, у тым ліку творы найвялікшых філосафаў, рымскіх і грэчаскіх класікаў, італьянская і французская класічная літаратура, творы па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы. Бібліятэкай І.Храптовіча карысталіся вучоныя Яхім Лялевель, Францішак Малеўскі, Ян і Анджэй Снядэцкія, бываў у ёй Адам Міцкевіч. Бібліятэкарамі працавалі М.Вольскі і Ян Чачот.
І.Храптовіч хацеў падараваць сваю бібліятэку Віленскаму ўніверсітэту, але яго рэктары перавезці яе з Варшавы ў Вільню не спяшаліся. Таму яго нашчадкі перавезлі бібліятэку з Варшавы ў родавы маёнтак. У 1910 годзе новы ўласнік маёнтка граф Канстанцін Храптовіч-Буцянёў найбольш каштоўную частку рукапісаў і кніг шчорсаўскай бібліятэкі, у якой тады налічвалася каля 15 тысяч тамоў, вырашыў перадаць бібліятэцы Кіеўскага ўніверсітэта на часовае захоўванне з умовай вярнуць іх Віленскаму ўніверсітэту тады, калі той будзе адноўлены. У 1913 годзе кіеўская ўніверсітэцкая бібліятэка закончыла прыём гэтага вялікага багацця, якое там захоўваецца і па сённяшні дзень. У 1915 годзе пры набліжэнні фронту К.Храптовіч-Буцянёў перавёз рэшткі бібліятэкі, архіў, карціны выдатных мастакоў, у тым ліку абразы Шчорсаўскай царквы, у свой дом у Маскву. Далейшы лёс гэтых скарбаў не высветлены.
У апошнія гады жыцця І.Храптовіч займаўся ў асноўным навуковай дзейнасцю. У канцы XVIII стагоддзя стаў адным з заснавальнікаў у Варшаве і членам Таварыства сяброў навукі. Аўтар вершаў на польскай мове.
Філасофскія, сацыялагічныя канцэпцыі асветніка, яго погляд на праблемы палітэканоміі найбольш поўна адлюстраваны ў яго творах «Аб штогадовым нацыянальным узнаўленні» і «Аб натуральным праве». Ён паказаў сябе ў іх як выдатны прапагандыст ідэй фізіякратызму. Сцвярджаў, што ў цэнтры ўсяго павінен знаходзіцца чалавек з яго патрэбамі, інтарэсамі, правамі і абавязкамі. Разглядаў грамадства як натуральны арганізм, што складае частку прыроды, у якую ўваходзяць чалавек і яго маральныя прынцыпы. Калі ж чалавек вырваны з заканамернай сувязі прыроды (не мае свабоды, бяспекі або пазбаўлены ўласнасці), ён становіцца ізгоем, бескарысным для сябе і грамадства. Маральны парадак І.Храптовіч ставіць у залежнасць ад фізічнага парадку прыроды. Маральныя законы цалкам адпавядаюць таму, што карысна і неабходна чалавеку ў яго жыцці. Ён лічыў чалавека і яго здольнасці (перш за зсё разумовыя) галоўным элементам вытворчасці. Верыў, што пры належнай арганізацыі грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі «натуральнага права» ўзнікае магчымасць стварэння пастаянна растучай забяспечанасці і асветы для ўсіх. Гэта быў асветніцкі гуманізм і адначасова ўтапізм. Сацыяльныя тэорыі і дзейнасць Храптовіча атрымалі прызнанне сучаснікаў і нашчадкаў.
Памёр на 84-м годзе жыцця. Пахаваны ў Варшаве ў касцёле капуцынаў.