Адварыць макарошкі. Перакруціць мяса з цыбуляй, убіць у фарш яйка, дадаць батону або манкі (каб не развальвалася), соль, перац на смак. Зляпіць катлеты, пасмажыць на патэльні. Пакрышыць памідоркі, паліць алеем (лепей сланечнікавым, нерафінаваным – як у дзяцінстве). Смачная маміна вячэра гатовая. А можна проста падсмажыць фарш з цыбуляй, кінуць у рондаль, дадаць памідоры і таматную пасту, віно, спецыі – і амаль з тых самых прадуктаў маем спагеці баланьезэ. Простае, сытнае і смачнае вынаходніцтва італьянскай кухні. Кажуць, гэта найчасцей замаўляная страва ў рэстарацыях свету.
Параноя як жанр
Калі задацца пытаннем, якая асноўная тэма раману “Сцюдзёны вырай”, адказ будзе такі:
каханне на фоне дыктатуры.
Ствараючы свой другі вялікі тэкст, Марціновіч карыстаўся тымі ж інгрэдыентамі, якія да таго ўжываў у дэбютнай кнізе “Параноя” (2009). Вось толькі скамбінаваў іх так, што выгляд, смак, і культуралагічны кантэкст прыгатаванай стравы кардынальна змяніўся.
Перспектыва двух тэкстаў, якая разгарнулася перад намі пасля рэлізу на сайце 34mag.net, дае права сцвярджаць: Віктар Марціновіч – пісьменнік аднаго жанру.
Аўтарскага жанру, які ён, лічы, запатэнтаваў на абсягу былога СССР, выдаўшы рускамоўную “Параною”. Жанру палітычнай антыўтопіі, дзе
ўсё самае страшнае адбываецца не ў рэчаіснасці, а ў свядомасці герояў. Калі заўгодна, Марціновіч запантэтаваў параною як сродак літаратуры.
Але адна справа вяшчаць на ўсю шостую частку сушы для “валькірыяў на джыпах” (паводле аўтара, адрасаткі раману “Параноя”), а іншая – шчыраваць для
“300 чалавек – прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты, аскепкаў некалі адной з самых адукаваных у Еўропе нацыяў, якія яшчэ цікавяцца тым, што адбываецца ў роднай літаратуры.”
Катлеты з макаронамі – каб праторыць шлях да сэрца маладога мужа, не даўшы яму сумаваць па мамінай гатоўцы ў родных Ганцавічах. Спагеці па-балонску – каб уразіць яго сталічных сяброў-снобаў, маўляў, і мы не пальцам пханыя, і гэты папяровы ліхтар ад “IKEA” невыпадкова падпірае кут здымнай хрушчоўкі. А фарш і там, і там – з аднаго і таго ж маразільніка ў найбліжэйшым гіперы.
Сам Марціновіч падчас мінскай прэзентацыі кнігі расказваў пра ледзь не зменены стан свядомасці, у якім пісаў шматузроўневы, поўны лінгвістычных забаваў і практыкаванняў твор па-беларуску. Але, калі добра ўчытацца ў “Вырай”, становіцца відавочным, што ў гэтым сваім запамарочным стане аўтар займаўся ні чым іншым, як перапісваннем “Параноі”. Яе чытачы выдатна памятаюць феерычную другую частку, дзе каханне галоўных герояў пераказана ў выглядзе пратаколаў праслушак (“влюблённые отслеживали закат”). Дык вось – праслушка як творчы метад прысутная і ў “Сцюдзёным выраі”! Праўда, вам у жыцці яе не прыкмеціць, пакуль аўтар не ткне пальцам – гэтак жа, як любімая бабуля ніколі не сцяміць , што ў баланэзе, па сутнасці, плаваюць яе фірмовыя катлеты.
Ружовыя соплі па маніторы
“Жаночы раман” Міхала Вівэга (дарэчы, па моцы ўздзеяння на жаночы пол, Вівэг, поруч з Янушам Леонам Вішнеўскім – самы блізкі літаналаг нашага Марціновіча ў сучасных славянскіх літаратурах) мае такую завязку: галоўны герой, разыйшоўшыся з дзяўчынай, спрабуе вярнуць яе, праплаціўшы рэламную плошчу ў пражскім метро: яго мілосныя лісты друкуюць проста ў вагонах падземкі.
Кажуць, раскрутка раману Вівега пачыналася менавіта з такога віруснага маркетынгу – выдавецтва сапраўды змяшчала ў метро млосныя допісы, якія потым увайшлі ў кнігу. У “Сцюдзёным выраі” выкарыстаны падобны прыём – штопраўда, да такога стратэгічнага аб’екту, як Мінскі метрапалітэн, героя Марціновіча б ніхто не падпусціў і блізка – але ж перад і задачы перад ім стаяць іншыя.
Галоўны герой “Выраю” – амерыканец Джон Вілаў, які, дазнаўшыся пра сваё паходжанне з-пад Наваградку, адчуў сябе беларусам Янам Вярбіцкім – апісвае гісторыю свайго стамбульскага знаёмства з беларускай апазіцыянеркай Настай, якая адкрыла яму шлях да беларушчыны і загадкава знікла. Вілаў з нуля вывучвае беларускую мову, прызнаецца на гэтай самай мове дзяўчыне ў каханні і – праз старонкі “часопіса беларускай культуры ACHREM” – прызначае ёй рамантычнае спатканне ў Вільні.
Але калі б у фінале твору нованароджаны Янка Вярбіцкі сапраўды кінуў аплот рэспубліканцаў штат Масачусэтс і, па выніках віленскага спаткання, прадаў дом і прыляцеў проста ў абдымкі Насты ў тутэйшы Сцюдзёны Вырай адраджаць маёнтак продкаў, выкупіўшы руіну ў наваградскага райвыканкаму, або нават не прыляцеў, бо праз умовы надвор’я, толькі крыху не дацягнуўшы да “Мінску-2”, ляснуўся рэйс “Люфтганзы” з Франкфурту – чытач, перапстрыкнуўшы ў кіндле апошнюю старонку, расчаравана пазяхнуў бы: ружовыя соплі па маніторы і поўнае адчуванне таго, што камусьці стала “с@мотн@ ў сеціве”.