30 кастрычніка заўчасна пайшоў з жыцця беларускі музыкант Максім Кот-Кузьма. Ён быў бас-гітарыстам гуртоў True Litwin Beat, Pukstband, Pomidor/OFF, WZ-orkiestra са Змітром Вайцюшкевічам, «Дилижанс-jazz» і многіх іншых праектаў. Музыку было ўсяго 45 гадоў.
Фота: Facebook Максіма Кот-Кузьмы
Пра смерць Максіма ў сваіх сацсетках напісаў музыка Сяргей Пукст.
«...сышоў Максім Кот-Кузьма. Гэта чалавек надзвычайны, музыка, які меў выключны слых, які вельмі шмат разумеў, вельмі шмат даваў як чалавек, і, мне здаецца, ён быў бясконца добры да мяне, але потым я зразумеў, што быў добры да ўсіх. Мы ў апошні час рэдка бачыліся (я памятаю, мы пару разоў вельмі цёпла па-чалавечы стэлефаноўваліся) і я не магу паверыць, што больш ніколі яго не ўбачу...», — падзяліўся сваімі ўспамінамі лідар гуртоў Pukstband і True Litwin Beat, дзе граў Максім.
Адгукнуўся на сумную падзею і музыка Аляксандр Памідораў:
«Лёс бязьлітасны... ды нам таксама выходзіць піць гэты кубак... жахлівая і невыносная навіна... гэты сьвет пакінуў адзін з найлепшых, добрых, чулых і чульлівых людзей. Цудоўны музыка, басіст „mister Red Stringzzz“ ды кантрабасіст, цудоўны фатограф, праграміст, дызайнэр, муж, бацька, сапраўдны сябра, вялікі Чалавек ва ўсіх сэнсах, Максім Кот-Кузьма...
вельмі заўчасна... ды ня толькі таму пуста ізноў і ў галаве, і ў душы... страшная страта... шчырыя спачуваньні сям’і, жонцы Наташы Кот-Кузьма, дачцэ і старэйшаму сыну ад мяне ўласна, і ад сяброў-паплечнікаў з нашай групы Pomidor/OFF...».
Максім Кот-Кузьма скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум па класе фатаграфіі, але вядомасць яму прынесла музыка. Ён выдатна граў на бас-гітары і кантрабасе, супрацоўнічаў з рознымі калектывамі. У шлюбе з актрысай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Наталляй Кот-Кузьма ў музыканта засталіся дачка і сын.
Развітанне з творцам адбудзецца 1 лістапада ў 11.00 у Раўбічах у Храме абраза Божай Маці «Млекакарміцелька». Пахаванне пройдзе пасля адпявання на могілках Лясное (Магілёўская траса). Памінкі — у Мінску, на Кастрычніцкай, 16.
Калектыў Budzma.org выказвае шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім Максіма Кот-Кузьмы.