100 гадоў Янку Запрудніку: легендарны шлях хлопчыка з Міра, які стаў голасам Беларусі ў ЗША

Гісторык, літаратар, публіцыст, шматгадовы супрацоўнік «Радыё Свабода», галоўны рэдактар газеты «Беларус», сябра Рады БНР — усё гэта Янка Запруднік. Ён пражыў жыццё, у якім, здавалася б, несумяшчальныя рэчы — навуковая кар’ера, радыёжурналістыка і бясконцая грамадская праца — існавалі адначасова, не выцясняючы адно другое. А пачыналася ўсё ў маленькім мястэчку Мір, дзе нарадзіўся хлопчык, якога звалі Сяргей Вільчыцкі.

Культурна-асветніцкі партал «Будзьма беларусамі!» узгадвае біяграфію слыннага беларускага дзеяча, якому сёння споўнілася б 100 гадоў.

Janka-Zaprudnik.jpg
На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты” ў Мінску, 2016 год. Фота Яўгена Ерчака

Юнак з Міра, які стаў Янкам Запруднікам

Сяргей Вільчыцкі нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў сям’і настаўнікаў у мястэчку Мір. Яго дзяцінства скончылася разам з вайной — у чэрвені 1941 года сям’ю Вільчыцкіх павінны былі вывезьці ў Сібір, выратавала іх нападзеньне Германіі на СССР.

«У чэрвені 1941 наша сям’я — Вільчыцкіх — была ў сьпісе на вываз... У пятніцу частку сям’і вывезьлі, а ў нядзелю, 22 чэрвеня, пачалася вайна. Мой бацька і дзядзька мелі агульную гаспадарку. Наша хата была на другім канцы саду, і калі энкавэдзісты прыйшлі арыштоўваць Вільчыцкіх, то яны ўзялі толькі дзядзькаву сям’ю...» (успаміны Янкі Запрудніка з кнігі «Беларуская Амерыка» Леаніда Пранчака (1994 г.))


Сяргей Вільчыцкі з сяброўкамі, Баранавічы, 1943. Фота з кнігі Наталлі Гардзіенкі «Янка Запруднік»

У часе нямецкай акупацыі Сяргей закончыў у Міры пачатковую школу, а потым, каб не быць мабілізаваным у паліцыю, паехаў вучыцца ў Баранавіцкую прагімназію і гандлёвую школу, дзе выкладалі Лявон і Юрка Луцкевічы. Ён належаў да Саюза беларускай моладзі — факт, які, разам з вопытам сям’і, не абяцаў нічога добрага пры вяртанні саветаў.

«Улічваючы вопыт сваёй сям’і і факт вучобы ў гандлёвай школе, нічога добрага ад бальшавікоў мне чакаць не прыходзілася. Таму я рашыў, што трэба даваць ходу на Захад,» — чытаем ва ўспамінах Вільчыцкага ў згаданай вышэй кнізе «Беларуская Амерыка» .

Так у 1944-м пачаўся шлях, які праз дзесяцігодзе прывядзе яго з Мюнхена ў Ню-Ёрк. Спачатку — Германія, дзе Вільчыцкі трапіў у лагер перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу, а потым у Міхельсдорф. Каб атрымаць статус перамешчанай асобы, былому вязню трэба было «згубіць» дакументы ваеннапалоннага і ўзяць чужое імя — так ён стаў Янкам Запруднікам, назаўжды пакінуўшы сабе гэтае прозвішча чалавека з Вільні, які па нейкай прычыне пакінуў лагер.

У лагеры дзейнічала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую ён закончыў у 1947-м. Наступным пунктам стала Вялікабрытанія. У студзені 1948-га Запруднік паехаў туды і два гады працаваў на шахтах цэнтральнай Англіі, каб зарабіць на далейшую адукацыю.

Пра гэты час ён потым узгадваў з гумарам — беларускія хлопцы, вяртаючыся начным аўтобусам з шахты разам з ангельскімі шахцёрамі, спявалі ім «Ты, чырвоная каліна» і атрымлівалі авацыі: «Please, sing some more!».

Стыпендыя з Ватыкана дазволіла яму ў 1950–1954 гадах вучыцца на гістарычным факультэце Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта ў Бельгіі. Скончыўшы яго з адзнакай, Запруднік у 1954 годзе пачаў працаваць у беларускай секцыі мюнхенскай радыёстанцыі «Вызваленьне» (пазней названай «Радыё Свабода»). А ў 1957-м пераехаў у ЗША, якія і засталіся для яго новай радзімай да канца жыцця.

Як беларуская моладзь на чужыне прабівала сабе шлях

Досвед Запрудніка не быў унікальным — ён быў тыповым для пакалення беларускай моладзі, што апынулася на Захадзе пасля вайны без сродкаў, без дакументаў і часта без веры ў будучыню. Але менавіта гэтае пакаленне здолела ператварыць беспрытульнасць у пачатак новай справы.

У Лювене вакол Запрудніка склалася суполка, якая пазней увайшла ў гісторыю пад назвай «Дванаццатка» — дванаццаць беларускіх хлопцаў, якія прайшлі праз Нямеччыну, Вялікабрытанію і Бельгію ў 1946–1954 гадах і, звязаныя дамовай пра ўзаемную дапамогу, укладвалі вольны час і грошы ў выданне свайго часопіса «Наперад!».

Гэтай суполцы, а таксама сяброўству дзеля пошуку магчымасцяў для вучобы, Запруднік прысвяціў кнігу ўспамінаў «Дванаццатка», якая выйшла больш за 20 гадоў таму.

Гэтыя гады — стыпендыі, канцэрты ў Вэстмінстарскім абацтве, царкоўныя хоры, студэнцкія саюзы — сфармавалі Запрудніка не толькі як дасведчанага гісторыка, але як чалавека, гатовага дзейнічаць адначасова на некалькіх франтах: вучобы, журналістыкі і арганізацыі беларускага жыцця на чужыне.


Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік і старшыня Амерыканскага камітэта вызвалення ад бальшавізму Хоўланд.Фота з кнігі Наталлі Гардзіенкі «Янка Запруднік»

Радыё, універсітэт, Рада БНР

Ад 1954 да 1991 года Янка Запруднік працаваў на «Радыё Свабода», шмат гадоў узначальваючы яго нью-ёркскае бюро. Паралельна з журналістыкай ён рабіў навуковую кар’еру — у 1969 годзе ў Нью-Ёркскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю пра палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўнай думе Расійскай імперыі і потым выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы, а гісторыю і сучасную палітыку Беларусі — у Калумбійскім універсітэце.

Побач з гэтым ішла трэцяя, не менш патрабавальная лінія жыцця — удзел у Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні, дзе ад сярэдзіны 1950-х ён займаў пасаду Сакратара інфармацыі. У 1993 годзе ён быў сярод дэлегатаў III Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Мінску, якая пацвердзіла паўнамоцтвы Рады БНР, — падзея, якую сучаснікі называлі гістарычнай.


З падарункам для Беларускай місіі ў ААН у асобе яе шэфа Генадзя Бураўкіна. Пачатак 1990-х

Як яму ўдавалася сумяшчаць усё гэта, тлумачыў пазней даследчык эміграцыі Лявон Юрэвіч, назваўшы Запрудніка «брамнікам», на долю якога выпадала прымаць з усіх бакоў удары: «часам была і гульня ў абароне, і ў цэнтры поля, і вострыя атакі, і нават судзейства з трэнэрскай працай».

Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч заўважаў, што пакаленне Запрудніка — Антон Адамовіч, Наталля Арсеннева, Вітаўт Кіпель і іншыя — зроблена было з нейкага іншага цеста.

Сам жа Запруднік тлумачыў сваю жыццёвую пазіцыю:

«Аптымізм — рэч неабходная ў наш час. Часта абставіны складаюцца так, што няма іншага выйсця, як толькі быць аптымістам. Таму што альтэрнатывы няма. <...> Песімізм збівае запас тых сіл, якія чалавек мае».

Найважнейшы ўнёсак у беларушчыну

Пасля выхаду на пенсію ў 1991 годзе Запруднік не спыніў сваёй працы дзеля Беларусі, ён проста змяніў яе форму. Ён рэгулярна наведваў ужо незалежную радзіму, апісваў свае ўражанні на старонках газеты «Беларус», быў актыўным удзельнікам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».


На З’ездзе беларусаў свету: Алена Макоўская, Генадзь Бураўкін, Янка Запруднік. Мінск, 2005.

Але, бадай, найважнейшым яго ўнёскам стала праца архівіста і калекцыянера. Праз усё жыццё ён збіраў матэрыялы беларускай эміграцыі: сістэматызаваную па гадах калекцыю выразак з замежных газет пра Беларусь, тэчкі з публікацыямі, лістамі і інтэрв’ю дзеячаў беларускай культуры, дакументы і артэфакты беларускіх скаўтаў, а таксама архівы, перададзеныя яму іншымі эмігранцкімі дзеячамі: Антонам Адамовічам і Васілём Шчэцькам. Ён дапамагаў ідэнтыфікаваць людзей на непадпісаных эміграцыйных фотаздымках і адказваў на пытанні даследчыкаў пра гісторыю дыяспары.

Часткова гэтыя скарбы Запруднік яшчэ на мяжы тысячагоддзяў пачаў перадаваць у Беларусь, у Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Іншая частка трапіла ў амерыканскія сховішчы — дакументы і кнігі ён перадаваў у Александрыйскую бібліятэку Ратгерскага ўніверсітэту, дзе дзякуючы яго намаганням сфармаваўся значны фонд беларусістыкі.


У Мінску: Васіль Якавенка, Яўген Лецка, Сяргей Карніловіч, Янка Запруднік. 1991.

Гісторык Наталля Гардзіенка, укладальніца кнігі «Кантакты», заснаванай на лістах, што пісалі Запрудніку беларусы з метраполіі, згадвала, што нават у савецкія 1980-я людзі разумелі — пісаць у замежжа Запрудніку трэба па-беларуску.

Ён быў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра, аўтарам кніг «Belarus: At a Crossroads in History» і «Historical Dictionary of Belarus», якія знаёмілі замежных чытачоў з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці, а таксама зборнікаў уласнай перапіскі: «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны» і іншых. У 2018 годзе за гэтую працу ён атрымаў медаль да стагоддзя БНР.

Шчаслівыя, бо «можам памагаць тым, хто скрайне патрабуе дапамогі»

Пра сваё сямейнае жыццё Запруднік расказваў сціпла, але ў гэтых словах чуецца ўвесь сэнс яго паважнага веку. Другім шлюбам ён быў ажаніўся з мастачкай Надзеяй Кудасавай, і разам яны шмат гадоў дапамагалі царкоўнаму будаўніцтву ў Беларусі: спрыялі ўзвядзенню царквы святой Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, царквы ў вёсцы Запясочча на Гомельшчыне, выданню «Беларускага календара». За гэта ў 2007 годзе Беларуская Праваслаўная Царква ўзнагародзіла яго медалём святога Кірылы Тураўскага.

«Мы з жонкай Надзяй шчаслівыя, бо дажылі да паважнага веку і можам памагаць тым, хто скрайне патрабуе дапамогі, — казаў ён. — Шчасьце ў няшчасьці».

Разам яны, ужо ў сталым узросце, галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў 2020 годзе і, як казаў сам Запруднік, у анкеце напісалі, чаго спадзяюцца на новага прэзідэнта: «Спадзяемся, што ён, будучы дэмакратам, будзе працаваць на карысць дэмакратыі ў Беларусі». Гэтае імкненне — да дэмакратыі ў Беларусі — з’яўлялася амаль у кожным яго публічным выказванні, незалежна ад таго, пра што яго пыталіся.

«Жывём надзеяй»

Пра сваю прыхільнасьць да Беларусі Запруднік казаў без пафасу, але з нязменнай пастаянасцю: «Жыць далей клопатам пра Беларусь, пра будучыню, працаваць над гэтым і верыць у тое, што іхныя намаганьні, іхныя пакуты і трывога, любоў да краіны ня пройдуць марна». І далей — фраза, якую ён сам называў сваёй улюбёнай:

«Ёсць парасткі здаровага жывога грунту, і гэтым жывём. Жывём надзеяй!».

Пасля яго смерці паэт Уладзімір Някляеў назваў Запрудніка чалавекам, сэрцам якога была Беларусь, а мовазнаўца Вінцук Вячорка нагадаў, што менавіта Запруднік у 1956 годзе першым сфармуляваў прынцып перадачы беларускіх уласных імёнаў у мовах лацінскай графікі праз трансплантацыю, а не транслітарацыю — стратэгічны пункт, да якога ў самой Беларусі трэба было ісці яшчэ сорак гадоў.


Вітаўт Кіпель, Уладзімір Някляеў, Янка Запруднік. Фота з Фэйсбука Уладзіміра Някляева

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, згадваючы Запрудніка, сказала вельмі простыя, але надзвычай ёмістыя словы: «Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб у сьвеце не забываліся пра беларусаў, пра беларускі народ і ягонае права на сваю незалежную дзяржаву».


Z014.jpg
На кафэрэнцыі ў Іслачы: Вячаслаў Рагойша, Янка Запруднік, Алег Лойка. 1994



На прэзэнтацыі кнігі “Кантакты” ў Мінску, 2016 год


Тарас Тарналіцкі, Budzma.org

   Пачытайце гутарку з Янкам Запруднікам, запісаную ў 2019 годзе: