Праваабаронцы «Вясны» Марфе Рабковай 11 лютага прад’явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай невысветленых асобаў) і ч.2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Таксама каардынатарку Валанцёрскай службы «Вясны» па-ранейшаму абвінавачваюць у фінансаванні і навучанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі. Праваабаронца ўтрымліваецца пад вартай у мінскім СІЗА-1 ужо амаль пяць месяцаў.
Марфа Рабкова. Фота: spring96.org
Як паведамляе Валанцёрская служба «Вясны», новыя абвінавачванні Марфе выставілі 11 лютага — пасля прапагандысцкага сюжэту на дзяржаўным тэлебачанні і ў дзень так званага УНС.
Сама Марфа лічыць новыя абвінавачванні «жаданнем ачарніць яе і Праваабарончы цэнтр «Вясна». Таксама яна лічыць, што з-за сканчэння тэрміну следства па мінулым абвінавачванні патрэбна была нагода пакінуць яе за кратамі на няпэўны тэрмін, як тое ўжо было зроблена ў дачыненні палітыка Міколы Статкевіча ды блогера Сяргея Ціханоўскага.
«Прыведзеныя ў сюжэце словы пра яе, Марфа назвала лухтой, бо яе ніколі не арыштоўвалі на мяжы за нібыта падпал будынка ва Украіне пяць год таму. Падпал падаткавай інспекцыі ў Гомелі чатырох-гадовай даўніны натуральна таксама выглядае недарэчнай хлуснёй, бо ў тыя дні яна прэвентыўна знаходзілася на соднях у Мінску за набліжаючыяся "дармаедскія пратэсты". Асобна Рабкова адзначае, што не прытрымліваецца анархічных поглядаў, да анархічных арганізацый не мае дачынення, і гэтая ідэялогія ёй не да спадобы», — паведамляе Валанцёрская служба «Вясны».
Марфа таксама заяўляе, што ў гэты момант на яе здзяйсняецца інфармацыйны напад:
«Замест таго, каб адказаць на пытанні аб сотнях закатаваных і скалечаных беларусаў, зацікаўленыя органы спрабуюць перавесці ўвагу, каб народ забыўся на жнівень 2020 і з чаго пачаліся пратэсты».
Вясна заклікае падтрымаць Марфу Рабкову лістамі падтрымкі і салідарнасці! Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030
Марыі Аляксандраўне Рабковай