Маўчанне піраміды і гучанне старадрукаў

Кожны вандруючы бачыць сваё... Мастак падмячае асаблівыя спалучэнні колераў, прыродазнаўца — рэдкія расліны, гісторык — сляды мінулых падзей... Пісьменнік думае пра кнігі і іх стваральнікаў, піша «Звязда».


Гісторыя беларускай кнігі не можа быць напісаная без згадкі пра горад з дзіўнай назвай Узда, што на рацэ Уздзянцы, за дваццаць два кіламетры ад станцыі Негарэлае, дзе калісь праходзіла граніца паміж БССР і Заходняй Беларуссю... Датай заснавання Узды лічыцца 8 мая 1494 года — гэта было ўладанне шляхціца Корсака.

Я пісала пра нашу вандроўку ў тыя ж мясціны, у Кухцічы, звязаныя з імем Сымона Буднага, аўтара першай беларускай друкаванай кнігі — «Катэхізіса». А на тым «Катэхізісе» Сымон Будны пакінуў прыпіску: «пісано во Узде року от народжання Сына Божага у 1572, месяца іюня, 30 дня».

Узда належала таму ж мецэнату і прапаведніку Мацею Кавячынскаму, што і Кухцічы... Менавіта ў свае ўладанні перавёз ён друкарню з Нясвіжа, калі Радзівіл Сіротка, сын зацятага пратэстанта Радзівіла Чорнага, памяняў веравызнанне і пазбаўляўся ад сувязяў са «схізматыкамі»...

Дарэчы, ёсць версія, што «Катэхізіс» друкаваны шрыфтамі друкарні Францыска Скарыны... Так што Узда знаходзіцца не на адгалінаванай сцежцы, а на шырокім гасцінцы гісторыі беларускай кнігі. Пра што дарэчы згадаць напярэдадні Дня беларускага пісьменства.

161.jpg

Таямніцы піраміды

А пачалося наша падарожжа ва Узду з... могілак. З аднаго з самых незвычайных збудаванняў, якое я пабачыла на роднай Беларусі.

Уявіце сабе: звычныя выгляду магілы, дрэвы... А на іх фоне ўзвышаецца каменная, амаль чорная піраміда, на квадратным цокалі, з вострым верхам, які пагрозна ўздымаецца ў беларускае неба... Проста містыка. Тым болей прызначэнне ўздзенскай піраміды тое ж, што і егіпецкіх: пахавальня. Толькі не фараонаў, а роду Завішаў, магнатаў, якім належала наваколле.

Містычная ўсыпальня з’явілася ў дзевятнаццатым стагоддзі — мода на падобную экзотыку ўзнікла ў арыстакратаў усяго свету пад уплывам афрыканскіх паходаў Напалеона ў 1798–1801 гадах. Гісторыя Старажытнага Егіпта стала крыніцай вобразаў і сюжэтаў, гонарам было здабыць для хатняй калекцыі мумію ці папірус...

Зразумела, таямнічае збудаванне заўсёды прыцягвала цікаўных... Хто шукаў тут скарбы, хто сцвярджаў пра масонскае паходжанне ці далучанасць уладальнікаў да алхіміі і чорнай магіі... Тым больш што, акрамя памяшкання ўнізе з нішамі для пахаванняў, наверсе піраміды ёсць яшчэ адзін невялікі пакой, на вышыні каля васьмі метраў, наконт прызначэння якога дасюль няма адзінай версіі. Ці таемныя богаслужэнні там ладзілі, ці спірытычныя сеансы, ці алхімічная лабараторыя была?

Капліца-пахавальня Завішаў унесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў... Праўда, стан яе не тое каб выдатны. Уваход абараняюць краты. Зазіраючы праз іх, бачым невялікае памяшканне са скляпеністай столлю, цагляны алтар, ля якога — тры кошыкі штучных кветак. Перад уваходам — рэшткі калон, да сцяны збоку прыхілены жорнаў... Круглыя адтуліны ў сценах — быццам байніцы...

Адчуванне сапраўды містычнае...

«Няма ў свеце нічога мацнейшага ад веры»

Але ёсць на ўздзенскіх могілках і пахаванне, якое пакідае зусім іншыя адчуванні.

Вялікі металічны чорны крыж з абразом, шыльда з надпісам «Святый священномучениче Михаиле, моли Бога о нас», помнік з надпісам «Новицкий Михаил Константинович. 21.11.1889. 30.04.1935. Дорогому папочке от детей». Лампадкі, кветкі... І стэнд з інфармацыяй.

А магіла гэта айца Міхаіла Навіцкага, які нарадзіўся ў сяле Сімонічы Тураўскай воласці Мазырскага павета ў сям’і святара і таксама абраў сабе духоўны шлях. Нягледзячы на нястачу, Міхал скончыў гімназію, гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта... Ажаніўся з Зіновіяй, таксама дачкой святара. Выкладаў лаціну ў Мінскай мужчынскай гімназіі. А святаром Міхаіл Навіцкі зрабіўся ў 1920 годзе. Самы небяспечны для гэтага час. Быў прызначаны служыць у Петрапаўлаўскай уздзенскай царкве. Жылі бедна... Нават дома свайго не мелі. Пяцёра дзяцей... Матушка Зіновія пачала шыць коўдры... Барацьба з рэлігіяй узмацнялася. Айцу Міхаілу неаднойчы прапаноўвалі адмовіцца ад веры, абяцаючы добрую працу. Дзяцей не прымалі ў школу. Калі ў 1933-м зачынілі і перарабілі ў збожжавы склад Петрапаўлаўскі храм, айцец Міхал пачаў служыць у вартоўні, куды і перасяліўся. Ён паўтараў: «Няма ў свеце нічога мацнейшага ад веры».

У 1935-м, напярэдадні Вялікай Суботы, калі хворы айцец Міхал ляжаў у вартоўні, туды ўварваліся два чалавекі, пачалі збіваць бацюшку, патрабуючы нейкіх каштоўнасцяў...

Айцец Міхал не сказаў пра гэта здарэнне нікому... Велікодную службу адправіў у ложку — падняцца не мог... На трэці дзень пасля Вялікадня памёр. Яго сям’ю праз тры месяцы выслалі..

Трое сыноў Міхаіла Навіцкага ваявалі. Адзін загінуў у Фінскую кампанію, два іншыя — падчас Вялікай Айчыннай. 10 кастрычніка 1942 года на Паўднёвым фронце сын айца Міхала Мікалай закрыў сабою амбразуру дота. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На Ленінградскім фронце служыла дачка Наталля.

На дошцы — здымак сям’і свяшчэннамучаніка... Разумны добры твар у акулярах святара, гожае аблічча жонкі, мілыя бялявенькія дзеткі...

Кажуць, забойцы айца Міхала ў хуткім часе пасля яго гібелі памерлі, перад смерцю паспелі прызнацца...

На магіле свяшчэннамучаніка свежыя кветкі.

162.jpg

Царква на Чырвонай плошчы

А наш шлях далей, у сам горад, назва якога ўзнікла, ці калі татарскі хан аброць, вышытую золатам, тут у рэчку ўпусціў, ці калі ладзілі тут праз балаты грэблю, якая па літоўску — «узда»... Ідзём на Чырвоную плошчу.

Так, так, ва Уздзе ёсць свая Чырвоная плошча! Мы стаім ля дома з чырвонай цэглы, на франтоне якога — лічбы 1913 і рэшткі надпісу «Торговля», на сцяне шыльда: «Красная площадь, 11».

Насупраць — кінатэатр «Кастрычнік», за чырвоным фасадам якога блішчаць купалы царквы. Так што ва Уздзе Петрапаўлаўская царква, пабудаваная ў 1905 годзе паводле праекта архітэктара Струева, стаіць на Чырвонай плошчы — такі яе афіцыйны адрас, «Чырвоная плошча, 20». Менавіта тут служыў бацюшка Міхаіл Навіцкі.

Вядома, калі тут праходзіў юны месціч Кандрат Атраховіч, ураджэнец суседняй вёскі Нізок, назва плошчы была зусім іншай.

Так, Кандрат Атраховіч, вядомы нам па псеўданіме Кандрат Крапіва, родам адсюль, з гэтых мясцін. Сёння ва Уздзе ёсць школа яго імя, музейная экспазіцыя...

Дарэчы, ёсць у лёсе знакамітага байкапісца, які гадаваўся ў сялянскай сямі, сувязь з мясцовымі магнатамі... Знайшла ва ўспамінах унучкі Кандрата Крапівы Алены Атраховіч цікавы эпізод, дакладней сямейную легенду. Былі ва ўладальніцы суседніх з Уздой Кухціч, Магдалены Радзівіл з Завішаў, сябры — рускія дваране Аляксей і Алена Пракопцавы, гасцявалі ў яе часта. Іх дачка Алена закахалася ў маладога афіцэра, а той загінуў адразу пасля заручын. Нявеста так сумавала, што адпрэчвала ўсіх жаніхоў, якіх падшуквалі бацькі. Урэшце бацька, Аляксей Пракопцаў, раззлаваўся і заявіў, што калі яна адмовіць наступнаму шляхетнаму жаніху, пазбавіць яе спадчыны і выдасць замуж за простага селяніна.

Алена адмовіла.

Пракопцаў звярнуўся да Магдалены Радзівіл з просьбай параіць добрага хлопца з яе сялян. Пані Магдалена паказала на Кастуся Махнача з вёскі Забалацце, выдатнага рамесніка, які рабіў ёй мэблю.

І Пракопцаў выканаў сваю пагрозу: выдаў дачку замуж за таго Кастуся Махнача. Былая паненка да сялянскай працы была непрывычная, аднавяскоўцы смяяліся... потым пачалі лічыць вядзьмаркай за зялёныя вочы і адасобленасць. А Кастусь жонку вельмі кахаў, аберагаў, хоць пражыць разам давялося нядоўга. У няроўнай пары нарадзілася дачка Алена. Вось яна і стала жонкай Кандрата Крапівы.

Дарэчы, стрыечная пляменніца Алены Махнач — пісьменніца Лідзія Арабей — таксама з Уздзеншчыны.

163.jpg

Літаратурная грыбніца

Тут увогуле вялікая, як кажуць, «літаратурная грыбніца». З Уздзеншчыны Фадзей Булгарын, пра адыёзную асобу якога дасюль вядуцца спрэчкі... Прынамсі, ён пакінуў цікавыя ўспаміны пра норавы беларускай шляхты і падарожныя нататкі пра Беларусь, а ў сваіх папулярных творах апісаў шмат дзівосаў з будучыні: акваланг, ксераксы, булённыя кубікі...

З адной вёскі з Кандратам Крапівой — беларускі паэт Паўлюк Трус, які пражыў у чатыры разы менш за Крапіву. Памятаеце цудоўныя радкі — «Падаюць сняжынкі, дыяменты-росы»? Гэта з яго паэмы... Сям’я Паўлюка Труса — пагарэльцы. Пераехалі ў Нізок з суседняй вёскі. Паўлюк на сваю жабрацкую стыпендыю і сціплыя ганарары да апошняга памагаў радзіне... Памёр на мінскім вакзале, заразіўшыся тыфам у камандзіроўцы.

А Сымон Баранавых з вёскі Рудакова Уздзенскага раёна ад пачатку быў з прозвішчам Баран, як і ўсе продкі... Узяў псеўданім па парадзе сябра, Янкі Скрыгана. Эксперыментатар быў у прозе... «Месяц глыбей запусціў у чорнае неба свае клыкі, больш сярдзітым зрабіўся. Як дзікі кабан, наставіўшы хіб, хацеў рынуцца і распароць адвіслы жывот чарназорнаму небу — парадзісе ваўчыцы, хацеў раніць яго аж да самай крыві». Памёр на Калыме, арыштаваны па беспадстаўным абвінавачванні.

З Уздзеншчыны — Ілья Гурскі, Алесь Якімовіч, Пятро Глебка, Алесь Пальчэўскі, Антон Бялевіч. А таксама Алесь Махнач, адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці, стагоддзе ягога адзначаецца сёлета... Менавіта Алесь Махнач высветліў, што дзед Янкі Купалы — з ягонай роднай вёскі Забалацце...

Так, адсюль родам Ануфрый Луцэвіч. Той самы, які спрабаваў пацвердзіць сваё шляхецтва, ездзіў, ездзіў у Санкт-Пецярбург, грошай нямерана страціў... Ды так і не дамогся справядлівасці. Род прыпісалі да мяшчан... Водгукі тае трагедыі, нелюбоў да бяздушных чыноўнікаў адчуваюцца ў многіх творах Купалы...

А вось і касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дзе хрысцілі таго Ануфрыя Луцэвіча, а пасля ягонага сына, Дамініка Луцэвіча, бацьку Янкі Купалы. Пабудаваны ў 1798 годзе з дрэва генералам Казімірам Завішам, уладальнікам мястэчка. Літаратурная гісторыя храма не абмяжоўваецца гэтым — у школе пры касцёле вучыўся паэт Тамаш Зан.

Будынак уражвае... Драўляны, там, дзе не пафарбавана, — шэры, жоўты франтон, белыя калоны... Да касцёла падысці мы не змаглі — вакол агароджа, брама зачынена. У 1930-я тут зладзілі клуб, потым раённы цэнтр культуры. Здаецца, будынак прададзены, павінна адбыцца рэканструкцыя... Як нам паведамілі, ёсць музей свечак...

Давялося проста абысці вакол, здымаючы з-за агароджы. Побач, дарэчы, нядаўна паўстаў новы касцёл з той жа назвай. Застаецца спадзявацца, што стары храм захаваецца і папрыгажэе — без згубы аўтэнтычнасці... Бо шмат мы бачылі рэстаўрацый і рэканструкцый, пасля якіх плакаць па страчаным хочацца, хоць усё нібыта і «красівенька».

Дзень беларускага пісьменства адбудзецца далёка ад гэтых месцаў, у Добрушы. Але і там будуць гучаць імёны і прадавацца кнігі ўраджэнцаў Уздзеншчыны. Не абмінайце ж Узду на сваіх турыстычных шляхах.

Людміла Рублеўская, «Звязда»