У апошняй, кульмінацыйнай песні «Куды і калі» нашумелага альбома Лявона Вольскага «Emihranty» гучыць хор. Гэта Познаньскі спеўны сход — хор беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся ў невялікім горадзе на захадзе Польшчы. Як аматарскі хор пачаў супрацоўнічаць з Вольскім? Чаму амаль ніводная беларуская імпрэза ў Познані не абыходзіцца без выступу Спеўнага сходу? Якія сучасныя творы хутка можна будзе пачуць у харавым выкананні? Зазірнулі на рэпетыцыю і паразмаўлялі з куратаркай праекта Алёнай Гіранок і дырыжорам Іллём Сініцам.
Куратарка праекта Алёна Гіранок і дырыжор Ілля Сініца
«Першая рэпетыцыя адбылася на траве каля гандлёвага цэнтра»
Нягледзячы на тое, што Познаньскі спеўны сход даволі малады — год таму ён адзначыў сваю першую гадавіну — яго не ведае ў горадзе хіба толькі лянівы. Хор, які цалкам складаецца з беларускіх эмігрантаў, удзельнічае ў шматлікіх познаньскіх імпрэзах.
Познаньскі спеўны сход
«Сход стварылі ў жніўні 2022 года — ён пачаўся як чарговая беларуская ініцыятыва ў Познані. Падумалі: у нас няма хора, дык давайце збірацца і спяваць. Хуценька стварылі чацік — хто хацеў, далучыўся. Першую рэпетыцыю праводзілі каля «Старога бровара» (гандлёвы цэнтр у Познані — заўвага рэдакцыі) літаральна на траве, — расказвае Алёна. — Нам патрэбны быў дырыжор, які цяміў бы ў музыцы, умеў чытаць ноты. Здарылася дзіўнае: я ўбачыла на імпрэзе сына маіх знаёмых, мы ў Беларусі ў адным раёне жылі. Падышла да яго: «Ілля Сініца, здароў!». Ведала, што ў яго ёсць музычная адукацыя, але нават не спадзявалася, што ён мае такія амбіцыі і задаткі дырыжора. Ілля ўзяў на сябе гэтую ролю».
Хутка рэпетыцыі перамясціліся ў памяшканне «Барака культуры», польскай фундацыі, якая дапамагае рэалізоўваць творчыя ідэі і прапануе пляцоўку для правядзення імпрэзаў. Прэзідэнт фундацыі, упэўнены, што нельга забывацца на беларускае пытанне, падтрымаў ідэю Спеўнага сходу і прапанаваў вольныя дні для рэпетыцый.
«У мяне быў шок: я ўявіла, што было б, калі б мы прыйшлі ў якую-небудзь установу ў Беларусі і спыталі, ці дадуць нам памяшканне, дзе мы маглі б збірацца і спяваць. У «Бараку культуры» мяне бачылі літаральна другі раз. Які хор, яго быццам яшчэ і не было», — успамінае Алёна.
Праіснаваўшы некалькі месяцаў, Спеўны сход выступіў на адкрыцці адной з галоўных вуліц у цэнтры Познані — беларускія песні ў харавым выкананні выклікалі фурор сярод слухачоў.
«Да нас выступалі артысты, але прысутнічала чалавек дваццаць гледачоў. Калі мы выйшлі на сцэну, здаецца, усе беларусы Познані сабраліся — чалавек дзвесце. Быў уражвальны натоўп і вельмі цёплы прыём — гэта, напэўна, пакуль самы вялікі канцэрт, які мы давалі», — дадае Ілля.
«Хочам сканцэнтравацца на стварэнні новых аранжыровак»
Рэпертуар Познаньскага спеўнага сходу ў асноўным складаецца з беларускіх песень — на імпрэзах можна пачуць «Пагоню», «Купалінку», «Дзе мой край?» на верш Уладзіміра Караткевіча. Ёсць і некалькі польскіх песень, адна з іх — калядкі. Алёна і Ілля кажуць, што хор адкрыта ставіцца да рэпертуару, але, вядома, робіць фокус на беларускім кантэнце. Ілля сам піша аранжыроўкі і перакладае тэксты на матчыну мову — хутка на беларускай прагучыць вядомая фінская полька.
«Мы хочам сканцэнтравацца не на спяванні таго, што ўжо было спета, а хутчэй на стварэнні новых аранжыровак чагосьці сучаснага. У нас вялікай папулярнасцю карыстаецца песня «Грай» з маёй апрацоўкай, «Сонца нам дапаможа». Ёсць ідэі на «Зорку Венеру», «25 сакавіка» Вайцюшкевіча, «Маю радзіму» на паланез Агінскага, «Свяці» Naviband, «Радыё Свабода» Ulis. «Простыя словы» Вольскага ўжо рыхтуецца. Ёсць шмат сучасных песень, якія хацелася б выканаць хорам», — кажа Ілля.
Познаньскі спеўны сход таксама выкарыстоўвае для сваіх выступаў зборнікі «Годныя песні».
«Мы бяром усіх, нікому не адмаўляем»
Познаньскі спеўны сход цалкам адкрыты — заўсёды прыходзяць новыя людзі. Трапіць проста — варта толькі завітаць на рэпетыцыю. Хор гучыць вельмі прафесійна — гэта пры тым, што хіба толькі пяцёра маюць поўную музычную адукацыю.
Познаньскі спеўны сход падчас рэпетыцыі
«Спеўны сход — цалкам аматарскі хор, нават па нотах умеюць чытаць не ўсе. Але ўсё адно праз пару месяцаў пачынаюць спяваць вельмі чыста. Людзі хутка ўцягваюцца ў працэс», — распавядае Ілля.
Алёна падтрымлівае:
— Мы бяром усіх — мы нікому не адмаўляем. Праслухоўванне, калі яно ёсць, існуе больш для таго, каб вызначыць, у які голас чалавека пасадзіць. Усё залежыць ад таго, ці ёсць жаданне спяваць, колькі часу ўдзельнік можа патраціць. Нават калі ёсць праблемка, але чалавек надта хоча спяваць, усё вырашаецца: слых трэніруецца, сувязь паміж голасам і галавой наладжваецца.
Лагатып Познаньскага спеўнага сходу
«Дазволю апрацоўваць песні, калі паўдзельнічаеце ў запісе да новага альбома»
Нядаўна Познаньскі спеўны сход узяў удзел у праекце «Emihranty» Лявона Вольскага — запісалі апошнюю песню альбома, выступілі разам на двух канцэртах. Як гэта сталася?
«Мы збіраліся рабіць апрацоўкі песень сучасных беларускіх музыкантаў. Пісалі розным людзям: Вайцюшкевічу, Міхалку — пыталіся, ці дадуць яны дазвол на тое, каб скарыстацца іх песнямі. І ўсе неяк так проста дазвалялі — «вядома, карыстайцеся». А Вольскі прапанаваў зрабіць гэта на бартэрных умовах і паўдзельнічаць у запісе песні да новага праекта. Мы з вялікай радасцю падхапілі гэта і паўдзельнічалі ў праекце, — расказвае Ілля. — Мне падабаецца, што наша песня — адна з найлепшых у альбоме, думаю, што хор тут сыграў вялікую ролю — яна апошняя, такая кульмінацыйная. Атмасфера супрацы з Вольскім вельмі натхніла, дала нам паверыць ва ўласныя сілы, у тое, што мы не проста тут збіраемся і спяваем сабе ў шапку, а сапраўды штосьці з сябе ўяўляем».
Алёна кажа, што хор атрымаў каласальны досвед — было вельмі складана, прыпеў пісалі чатырма галасамі дзве гадзіны.
«Калі ў цябе ёсць гук і толькі гук, нават чутна, калі пасярэдзіне фразы хтосьці бярэ дыханне. У выпадках, калі «дыхалкі» заўважна не хапала, пісалі ўсё нанова. Многія зразумелі, як гэта няпроста, і што трэба шмат трэніравацца. Фішка хора — калі некалькі галасоў гучаць як адзін. У мяне была звычка сольнай спявачкі: «Я павінна сябе чуць!». У хоры, наадварот, ты не павінен чуць сябе — калі гэта адбываецца, значыць, твой голас «тырчыць» з усіх астатніх. Падчас запісу ўсе стараліся зліцца ў адно — гэта было вельмі крута».
Падчас выступу на галоўнай плошчы Познані
Што азначае ўдзел у праекце для Познаньскага спеўнага сходу?
На думку Алёны, па-першае, для многіх удзельнікаў здейснілася мара дзяцінства: заспяваць з Вольскім — гэта нешта з разраду фантастыкі. Па-другое, пра суполку даведаліся, з’явілася важная інфанагода, пра якую варта расказаць. Лявону Вольскаму супраца з Познаньскім спеўным сходам спадабалася: сказаў, што калі будуць такія праекты, хор будуць з радасцю запрашаць.
«Было адчуванне эпахальнасці. Я асабіста вырас на песнях Вольскага, з маленькага ўзросту іх слухаў — гэта першыя песні, якія свядома гралі ў слухаўках. Знаходзіцца з ім на адной сцэне — штосьці такое, што немагчыма патлумачыць, настолькі яно па-за штодзённасцю», — дзеліцца ўражаннямі Ілля.
«Мы ў самым пачатку развіцця. А гэты працэс — бясконцы»
Сярод планаў на будучыню — прафесійны запіс, на які ў хора пакуль няма грошай. Познаньскі спеўны сход падаўся на гранты, але пакуль іх не атрымаў — фінансавай падтрымкі няма, таму даводзіцца рабіць усё ўласнымі сіламі, а ў Спеўнага сходу малады састаў, шмат студэнтаў.
«Хацелася б запісаць творы, апрацоўку якіх мы зробім самі, каб яны з’явіліся на стрымінгавых платформах. А яшчэ — набраць ноты і пакінуць іх у адкрытым доступе — любая спеўная суполка будзе мець магчымасць узяць іх сабе, — дзеліцца ідэямі Алёна. —
Мы у самым пачатку развіцця, шмат чаго трэба яшчэ ўкласці, заўсёды павінен быць рухавік, які штурхае цягнік наперад. Варта думаць пра тое, каб і ўдзельнікі, і слухачы не гублялі цікавасці. Гэта бясконцы працэс развіцця — нельга сказаць, маўляў, праспявалі з Вольскім і кропка».
Познаньскі спеўны сход на Тыдні беларускай культуры
Ілля дадае, што супрацы з іншымі харамі беларусаў, якіх зараз у Польшчы тры, у Познаньскага спеўнага сходу пакуль не было. Але супрацоўнічаць хацелася б — абмен творчымі ідэямі, сустрэчы, агульныя праекты — гэта вельмі бадзёрыць.
У снежні хор плануе зрабіць сапраўднае калядаванне — не проста праспяваць святочныя песні, а пахадзіць па дамах беларусаў — усё згодна з нашымі традыцыямі.
Таццяна Краўчанка, budzma.org
Фота з уласнага архіва Познаньскага спеўнага сходу
Чытайце яшчэ:
Лявон Вольскі: «Апошнія гады жыццё ў Беларусі нагадвала эміграцыю»