Міхась Скобла: “Над Лунінцом лунае дух Паэзіі”

fota-1

Пісьменніцкі дэсант у складзе паэтаў Васіля Зуёнка і Міхася Скоблы высадзіўся ў Лунінцы 9 снежня. Адбыліся дзве літаратурныя сустрэчы – у СШ №4 і гарадскім агульнаадукацыйным ліцэі. У чацвертай школе была зладжаная прэзентацыя новай кнігі Міхася Скоблы “Акно для матылькоў”, якая выйшла ў мінскім выдавецтве “Про Хрысто”.

fota-2

Міхась Скобла:

“У СШ №4 працуюць таленавітыя, улюбёныя ў паэтычнае слова настаўніцы – Наталля Іванаўна Казанкова і Ганна Мікітаўна Вайтовіч. Іх выхаванцы любяць і разумеюць паэзію. У школе ледзь не штомесяц адбываюцца розныя літаратурныя імпрэзы, і мне было вельмі прыемна ўзнагародзіць пераможцаў раённага літаратурнага конкурсу Вольгу Ходзіну і Івана Канановіча. “Торбачкі калядоўшчыкаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” напярэдадні Калядаў прыйшліся ім дарэчы і даспадобы. У Лунінцы, дзякуючы супрацоўніцы газеты “Лунінецкія навіны” Таццяне Васільеўне Канапацкай, ніколі не гасне агмень роднага слова. Прыязджаеш і – адчуваецца, як над Лунінцом лунае дух Паэзіі”.

fota-3

Другая сустрэча – з ліцэістамі – прайшла ў больш інтэрактыўнай форме. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы паэт Васіль Зуёнак прачытаў новыя вершы, расказаў пра сваю кнігу “Нача”, якая пабывала ў космасе. Касманаўт Уладзімір Кавалёнак нават чытаў з арбіты вершы свайго земляка. На пытанне, дзе цяпер знаходзіцца легендарная кніга, паэт адказаў:
“Здаецца, у Музеі касманаўтыкі ў Зорным гарадку”. На што адзін з ліцэістаў заўважыў, што “касмічную” кнігу варта ўключыць у спіс нацыянальных каштоўнасцяў, якія мусяць вярнуцца на радзіму.

fota-4

Сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Фота 1. У актавай зале СШ №4.
Фота 2. Міхась Скобла з пераможцамі раённага літаратурнага конкурсу Вольгай Ходзінай і Іванам Канановічам (справа).
Фота 3. Здымак у фоталетапіс ліцэя.
Фота 4. Васіль Зуёнак і Міхась Скобла з ліцэістамі – пераможцамі бліц-конкурсу на найлепшае пытанне.

Тэгі: