Мікола Плавінскі прэзентаваў свае кнігі ў Паставах

У пятніцу 22 студзеня ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» ў Паставах адбылася прэзентацыя новых кніг археолага і гісторыка Міколы Плавінскага. Прэзентацыя прайшла ў дзіцячай бібліятэцы імя Уладзіміра Дубоўкі. Актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемства ўзялі сябры Пастаўскай раённай арганізацыі ТБМ і супрацоўнікі Пастаўскага раённага краязнаўчага музея.

Падчас імпрэзы Мікола Плавінскі прэзентаваў свае новыя кнігі «Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 года» з серыі «Беларусь у войнах» і «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі». Апошняе выданне выклікала найбольшую цікавасць пастаўскіх краязнаўцаў і аматараў гісторыі, бо большасць нарысаў, з якіх складаецца гэтая кніга, прысвечаны менавіта паўночна-заходняму рэгіёну нашай краіны.

Апроч саміх кніг, на прэзентацыі гаворка ішла пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны і перспектывы даследаванняў археалагічных помнікаў рэгіёна. Асабліва шмат размаўлялі пра Мядзельскі замак, даследаваннямі якога Мікола Плавінскі займаецца напрацягу трох апошніх гадоў.

Тэгі: