Мільён надрукаваных слоў для захавання міру і свабоды самавыяўлення. Праект FreeAllWords заклікае далучыцца да абароны ўкраінскай і беларускай моў

26 верасня ва ўсіх краінах Еўропы святкуецца Еўрапейскі дзень моў. У гэты дзень праект Рады еўрапейскіх пісьменнікаў (EWC) #FreeAllWords звяртае ўвагу грамадскасці на няспынныя парушэнні моўных правоў не толькі пісьменнікаў, але і ўсіх грамадзян Беларусі і Украіны і заклікае міжнародную супольнасць далучыцца да захавання і абароны ўкраінскай і беларускай моў з дапамогай любых магчымых сродкаў.


260.jpg

Парушэнні моўных правоў ва Украіне

«На акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях Украіны адбываецца мэтанакіраванае знішчэнне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, гэта значыць усяго, што мае дачыненне да ўкраінскай мовы і культуры, — тлумачыць Ніна Георге (Nina George), раманіст і прэзідэнт EWC. — Наўзамен гвалтоўна насаджаецца руская мова, руская культура, расійскі светапогляд і ідэалогія, а людзей, якія размаўляюць па-ўкраінску, катуюць і забіваюць».

У Марыупалі акупацыйныя ўлады замяняюць украінскія падручнікі на рускія і ўкараняюць расійскую вучэбную праграму, запалохваючы бацькоў вучняў. 

У Балаклеі падчас акупацыі нельга было размаўляць па-ўкраінску, толькі па- руску. Людзі з праўкраінскай пазіцыяй і тыя, у каго знаходзілі ўкраінскую нацыянальную сімволіку, знікалі без вестак.

На акупаваных тэрыторыях расіяне знішчаюць украінамоўныя кнігі ў бібліятэках.
Дэпартаваных у Расію ўкраінскіх дзяцей прымусова русіфікуюць.

Парушэнні моўных правоў у Беларусі

У Беларусі дыскрымінацыя і прыцясненне беларускай мовы і яе носьбітаў ажыццяўляюцца самой дзяржаўнай сістэмай цягам двух дзясяткаў гадоў. За гады кіравання Лукашэнкі колькасць людзей, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшылася з 85,6% (1999) да 61,2% (2019). Беларускамоўныя школы наведваюць толькі 11,1% вучняў, а самі школы пераважна знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Дзеці, якія навучаюцца па-беларуску, не маюць магчымасці працягнуць сваю адукацыю на беларускай мове ва ўніверсітэтах, паколькі ў Беларусі няма аніводнай вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай выкладання. Мова беларускага друку і медыя — пераважна руская. Мова дзяржаўнага справаводства і арміі — руская. 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сітуацыя істотна пагоршылася. Да ўжо існай цэнзуры, унясення вялікай колькасці беларускамоўных аўтараў у чорныя спісы (іх кнігі не могуць трапіць у бібліятэкі і кнігарні, іх творы выключаныя з падручнікаў, немагчыма ладзіць публічныя сустрэчы з чытачамі) дадаўся пераслед не толькі беларускамоўных творцаў, але і ўласна носьбітаў мовы. У 2022 годзе ў Беларусі людзей саджаюць у турмы за сам факт выкарыстання беларускай мовы, а беларускамоўныя кнігі ўключаюць у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

Падрабязней з аглядам моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі, падрыхтаваным грамадскай арганізацыяй «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў», можна пазнаёміцца тут.

Пачынаючы з 2020 года Беларусь знаходзіцца ў стане «прававога дэфолту», усе незалежныя медыя, якія рабілі дакладныя маніторынг і фактчэкінг, вымушана пакінулі краіну, а бальшыня праваабаронцаў знаходзіцца за кратамі.

«Мы не павінны рабіць выгляд, што нічога дрэннага не адбываецца, ці спакойна прымаць нападкі на ідэнтычнасць і свабоду волевыяўлення. Знішчэнне мовы — гэта знішчэнне народа і яго гісторыі. Абарона фундаментальных каштоўнасцей Еўропы таксама ўключае ў сябе і абарону моў нашых суседзяў», — кажа Ніна Георге.

Разам з арганізатарамі праекта EWC #FreeAllWords мы заклікаем міжнародную супольнасць далучыцца да захавання і абароны дзвюх еўрапейскіх моў, украінскай і беларускай, з дапамогай любых магчымых сродкаў.

Нашы прапановы ўключаюць:

— зварот да міжнароднай супольнасці ствараць праекты перакладаў, праграмы падтрымкі ці рэзідэнцый і стыпендый дзеля захавання беларускай і ўкраінскай моў;

— зварот да кнігавыдаўцоў публікаваць беларускія і ўкраінскія кнігі ў арыгінале, асабліва тых твораў, якія былі забароненыя ці абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»;

— заклік да прыняцця Камітэтам па правах чалавека Парламенту Еўрапейскага Звязу адпаведных мер, каб абараніць культурную і лінгвістычную спадчыну Украіны і Беларусі;

— заклік да ЮНЭСКА даследаваць сітуацыю ў Беларусі і ва Украіне з пункту гледжання моўнай разнастайнасці, парушэнняў правоў чалавека і лінгвістычнай спадчыны.

Пра #FreeAllWords

#FreeAllWords — гэта праект падтрымкі для беларускіх і ўкраінскіх аўтараў ва ўсіх жанрах, арганізаваны пад эгідай Рады еўрапейскіх пісьменнікаў (EWC). #FreeAllWords быў заснаваны пісьменніцкімі саюзамі A*dS (Пісьменнікі Швейцарыі), Forfatterforbundet (Нарвегія) і Супольнасці беларускіх пісьменнікаў (Беларусь).

У межах праекта #FreeAllWords кароткія, актуальныя і арыгінальныя тэксты, інтэрв’ю, рэпартажы, эсэ, вершы і іншыя літаратурныя формы перакладаюцца на еўрапейскія і міжнародныя мовы і распаўсюджваюцца праз вялікую колькасць разнастайных каналаў сувязі — лічбавыя, друкаваныя, блогі, СМІ і г. д. Першыя творы і пераклады 30 аўтараў з Беларусі, Украіны і Расіі будуць выдадзеныя ў 31 краіне ў бліжэйшыя шэсць месяцаў.

Мэта — адзін мільён надрукаваных слоў для захавання міру і свабоды самавыяўлення, для паразумення паміж культурамі і народамі. Гэта наш унёсак, каб пераканаць людзей у тым, што нам усім трэба імкнуцца пабудаваць вольнае, дэмакратычнае, мірнае і інклюзіўнае грамадства.

Для дасылкі твораў для ўдзелу ў праекце: contact@freeallwords.org