Запрашаем працягнуць пачатую намі вандроўку па «калекцыйным» Мінску. Сёння мы пашукаем мінскія аб’екты і сацыякультурныя вобразы сталіцы ў незвычайных рэчах для калекцыянавання — ад значкоў і талончыкаў на праезд у транспарце да цэтлікаў спажывецкіх тавараў і грампласцінак.
Чытайце па тэме: Мінск калекцыйны: мінскія аб’екты на грошах, марках, этыкетках
Мінск у міні-графіцы: вобразы і аб’екты сталіцы ў фалерыстыцы
Фалерыстыка — гэта навуковая дысцыпліна і від калекцыявання ордэнаў, медалёў, значкоў (у тым ліку сувенірных), настольных медалёў і плакетак, жэтонаў, розных нагрудных знакаў. Як адгалінаванне нумізматыкі фалерыстыка з’явілася крыху болей за 80 гадоў таму, а на савецкіх прасторах гэты тэрмін быў уведзены ажно толькі ў 1960-я гг. Калі сказаць, што Мінск у фалерыстыцы як набор аб’ектаў і вобразаў з’явіўся толькі ў пасляваенны час, гэта будзе няпраўда.
Паглядзіце ўважліва на юбілейны значок, распрацаваны цудоўным мастаком Генрыхам Вейсенгофам і падараваны знакамітаму «патрону» горада і выбітнаму патрыёту-«краёўцу» Эдварду Адамавічу Вайніловічу (1847–1928) чальцамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі ў 25-ю гадавіну ягонай працы ў таварыстве — імаверна, больш высокамастацкага твора, насычанага мінскімі і беларускімі вобразамі і аб’ектамі, за мінулае стагоддзе так і не было створана.
Юбілейны значок для Эдварда Вайніловіча як віцэ-старшыні і старшыні Мінскага таварыства, аднаго з самых паспяховых і ўплывовых грамадскіх (а потым — і палітычных) утварэнняў не толькі ў заходніх губернях, але і на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі, з’яўляецца вельмі інфарматыўным творам — тут мы бачым: зверху злева — Касцёл свсв. Сымона і Алены, фундаваны самім; знізу злева — г. зв. «палац Чапскага» на вул. Захар’еўскай — узведзены ў 1894 г. Каралем Чапскім, яшчэ адным «патронам» горада, прыгожы будынак у стылі эклектыкі, які стаў месцам збору Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а потым — і лясной біржы, але не захаваўся да нашага часу; справа ўнізе — спадчынны маёнтак Вайніловічаў у Савічах Слуцкага павета; справа зверху — вобраз аратага, які нібы збліжаецца з выявамі на знакамітым палатне Фердынанда Рушчыца «Зямля» (1910). Крыніца: Wikipedia
Як было заўважана, фалерыстыка доўгі час не была асобнай тэмай калекцыявання, да таго ж нешматлікія савецкія значкі працяглы час мелі або агітацыйна-прапагандысцкі, або прыкладны, функцыянальны характар выкарыстання. На з’яўленне вобразаў Мінска ў савецкай фалерыстыцы паўплывалі тры асноўныя падзеі — гучна адзначанае 900-годдзе горада, прысваенне Мінску ў 1974 г. ганаровага звання «Горад-герой» і Алімпіяда ў Маскве. Скразной тэмай пасля ўзнаўлення Парадаў Перамогі (1965) і вяртання 9 мая як агульнасавецкага свята стала, безумоўна, тэма Вялікай Айчыннай вайны.
Асноўныя мінскія аб’екты савецкіх значкаў — абеліск на плошчы Перамогі, будынак Дома ўрада, Палац прафсаюзаў. Крыніцы: ay.by, crafta.ua
Калі канкрэтныя вобразы Мінска — менавіта ягоныя архітэктурныя аб’екты — за савецкім часам вельмі спрошчаныя, невыразныя, падобныя адзін на аднаго, і да таго ж перакрыжоўваюца з падобнымі ж выявамі на савецкіх марках і этыкетках, то нашмат цікавей прасачыць змены ў эмблематыцы Мінска, то-бок у сімволіцы і сімвалізме горада: як ад прымітыўна-абстрактных савецкіх вобразаў горад паступова вяртае сабе сваю гістарычную, шматвяковую геральдычную сімволіку.
Візуалізацыя эмблематычных і сімвалічных вобразаў Мінска і іх эвалюцыя ў часе: верхні шэраг злева направа: псеўдагерб на значку 1968 г., выпушчаны на далёкім валгаградскім заводзе «Сувенір»; вобраз Мінска як горада-героя ў гады ВАВ, падкрэслены савецкім медалем «Залатая Зорка» (з 1974 г.); турыстычны значык 1980-х гг. з імперскім гербам Мінскай губерні ўзору 1878 г.; псеўдагербавая кампазіцыя 1980-х гг. з французскага геральдычнага шчыта і савецкай сімволікі Мінска. Ніжні шэраг — паступовае вяртанне ў гістарычны гарадскі дыскурс старажытнага месцкага герба «Унебаўзяцце Панны Марыі» (1591). Крыніцы: ay.by, crafta.ua
Сярод іншых тэматык значка можна сустрэць спартыўныя серыі, прысвечаныя як правядзенню спаборніцтваў у канкрэтных відах спорту, так і лагатыпы, да прыкладу ФК «Дынама-Мінск». Таксама аднаго часу была пашырана «прамысловая» серыя, на значках якой можна было заўважыць, напрыклад, лагатып завода «Гарызонт» або выяву мадэлі матацыкла «Мінск».
Мінск рухомы: вобразы сталіцы на праязных талонах, жэтонах, квітках
Перыдрамафілія (ад грэч. perì drómoy — «пра шлях» і philía — «прыхільнасць, любоў») або эйсітырыстыка — гэта калекцыянаванне знакаў аплаты праезду ў грамадскім транспарце (праязныя квіткі, жэтоны, талоны, абанементныя карткі і інш.). Намаганнямі «Мінсктрансу» ў бескампраміснай барацьбе з безбілетнікамі ў грамадзянскім транспарце звычка ўскладняць дызайн дзеля абароны ад падробак і шматразовага выкарыстання квіткоў неўзабавае прывяла да пад’ёму мастацкага ўзроўню праязных знакаў аплаты — настолькі, што з 2000-х гг. транспартныя квіткі стала цікава калекцыянаваць нават тым, хто ніколі не задумваўся над такім спосабам стварэння калекцый.
Пачаўшы з візуальна простых форм — тэкстаў, эмблематыкі транспартных прадпрыемстваў, геаметрычных элементаў абароны ад падробкі, квіткі і білеты «Мінсктрансу» выйшлі на зусім новы мастацкі ўзровень, непрыкметна «рэкламуючы» заўважныя сталічныя аб’екты. Ну, а жэтоны Мінскага метрапалітэна, пры ўсёй сваёй лаканічнасці — увогуле добры прыклад эфектыўнага і функцыянальнага дызайну на працягу 30 гадоў. Крыніцы: ay.by, minsk-metro.net
«Каларыйныя» сталічныя кварталы і прадмесці: мінская прамграфафілія
Самае незвычайнае месца, дзе можна сустрэць вобразы з гісторыі і тапанімікі горада — гэта... спажывецкія харчовыя тавары! Шмат якія прадукты мы спажываем штодня, не надта разглядаючы этыкетку ці задумваючыся над графічнымі вобразамі на ёй. А дарма! Дасведчаны мінскі калекцыянер-прамграфафіл здольны правесці «экскурсію» праз увесь горад, фактычна не адыходзячы ад халадзільніка ці кухоннай шафы!
Прамграфафілія — гэта своеасаблівы від калекцыявання малых форм графікі, што размяшчаюць на ўпакоўках ці этыкетках тавараў. Мы таксама прапануем зрабіць нашым чытачам харчшпацыр па Мінску, прычым для гэтага нам будзе дастаткова зазірнуць у хлебабулачны і малочны аддзелы тыповага сталічнага магазіна.
Марка малочных тавараў «Стары Менск» належыць ААТ «Малочны Мір» (Гродна), пад той жа маркай выпускаюць і «Данон Пружаны» і «Мінскі малочны завод № 1» — на ўпакоўках і этыкетках гэтых прадпрыемстваў можна пабачыць існуючыя, зніклыя і адноўленыя аб’екты гістарычнага Мінска: тут і Віленскі вакзал, і Чырвоны касцёл, Архікафедральны касцёл і касцёл св. Іосіфа, куточак старой Нямігі або фрагмент Траецкага прадмесця. Крыніцы: facebook.com, otzovik.com
Разнастайныя гатункі мінскага хлеба. Крыніцы: minskhleb.by, otzovik.com
Вы калі-небудзь разглядалі ўпакоўкі сартоў мінскага хлеба? А дарма! Аказваецца, акром знакамітага «Траецкага» і «Нямігі» і даволі танных «Мінскага» (з сілуэтамі выбітных будынкаў-візітовак Мінска) і «Сталіцы» (з Траецкім прадмесцем, Вялікім тэатрам і Нацыянальнай бібліятэкай) можна ўзяць «Стары Менск» з выявай зніклага Віленскага вакзала, а можна — «прагуляцца» па мінскіх прадмесцях: на «Курасоўшчынскім» хлебе можна пабачыць Белую дачу Ададуравых, на ўпакоўцы «Камароўскага кірмашу» — будынак Крытага рынку, безграфічны хлеб «Веснянский» пакідае нам сціплы напамін пра адпаведны сталічны раён, а ўпакоўка «Старажоўскага» дае волю для фантазіі, што і для чаго было абрана ў якасці задняга фона.
Яшчэ адзін цікавы напрамак калекцыянавання, блізка звязаны з харчовымі таварамі, які часам выдзяляюць у асобны кірунак — бірафілія, або калекцыянаванне піўных этыкетак. Як вядома, піва — найстарэйшы і самы дэмакратычны алкагольны напой у свеце — фактычна, на планеце няма краіны, якая б не мела хаця б пару-тройку ўласных сартоў піва з мясцовай сыравіны. Мінск, як сталіца, займае асобнае месца ў піваварнай традыцыі Беларусі: кожны з буйных піўзаводаў — і «Аліварыя», і «Крыніца», і «Лідскае піва» — абавязкова спрабуе стварыць свой сорт піва з прывязкай да мінскай геаграфіі.
Яшчэ ў сярэдзне 1990-х гг. піўзавод «Крыніца» абессмяроціў раён Дражня, дзе знаходзяцца асноўныя вытворчыя магутнасці прадпрыемства, выпусціўшы цэлую серыю аднайменнага піва. Прыблізна ў гэты ж час «Крыніца» спрабавала запусціць лінію жывога піва «Menesk Brau», але спатрэбілася амаль паўтара дзесяцігоддзі, каб вырашыцца на сур’ёзны і цікавы «мінскі рэбрэндзінг», выпусціўшы адразу серыю «Легенды Менску». Крыніцы: belbeer.com, otzovik.com
Завод «Аліварыя» адразу ўзяў планку вышэй, замацаваўшы за сабой такія знакавыя лакацыі, як «Няміга» і «Траецкае», а пазней — і піўную «антрапанімію» ў выглядзе серыі «Леккерт» і «Граф Чапскі». Крыніцы: belbeer.com, otzovik.com
«Лідскае піва» выпусціла спецыяльную серыю з трыма лёсавызначальнымі для Мінска (ды й Беларусі) датамі: першым успамінам у летапісах (1067), дараваннем магдэбургскага права на самакіраванне (1499) і абвяшчэннем БНР (1918). Крыніца: belbeer.com
На заканчэнне хочацца пажадаць аматарам, хто калекцыянуе або збіраецца калекцыянаваць, і проста усім улюбёным у родны горад: шукайце і збірайце свае калекцыі з вобразамі сталіцы — гэта не толькі захапляльнае і цікавае, але і вельмі адукацыйна-пазнавальнае хобі, вынікі якога часам прыводзяць да каштоўных музейных калекцый або паспяховых персанальных выставаў.
Той калекцыйны выпадак, калі выпуск савецкіх грампласцінак аздоблены высокамастацкімі творамі беларускіх мастакоў: крайні правы — адзін з эскізаў твора Анатоля Тычыны «Па-над Свіслаччу» (1954) быў выкарыстаны ў якасці фону вокладкі, надрукаванай у 1956 г. на мінскім заводзе Сталінскага райпрамкамбіната (Сталінскі раён Мінска — з 1961 г. пераназваны ў Заводскі). Крыніцы: incopolis.livejournal.com, russian-records.com
Змітро Пілецкі, budzma.org