Мінск калекцыйны: мінскія аб’екты на грошах, марках, этыкетках

05.04.2022 Гісторыя

Сёння мы запрашаем вас у вандроўку па «калекцыйным» Мінску. Пад навуковымі тэрмінамі «нумізматыка», «баністыка», «філуменістыка», «філатэлія» хаваюцца цікавыя прыклады адлюстравання Мінска як мастацкага і сацыякультурнага вобраза на незвычайных носьбітах — грошах, паштовых марках, запалкавых этыкетках.


mal_0.png

Колькі «каштуе» сталіца? Мінск на манетах і банкнотах

Нягледзячы на знаёмства нашых продкаў з металічнымі грашыма ад антычных часоў і факт з’яўлення першых папяровых грошай ужо ў Рэчы Паспалітай у 1794 г., грошы як месца для выяўленчых вобразаў, а тым больш — аб’ектаў гарадскога жыцця і інфраструктуры, — з’ява даволі позняя. Манетная тэматыка з вобразамі Мінска сфарміравалася пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991 г. Да гэтага перыяду існуе толькі пару прыкладаў змяшчэння вобразаў Мінска на савецкіх рублях, або на сувенірнай прадукцыі да Алімпійскіх гульняў у Маскве.

mal_1_hroszy-saveckija.png

Савецкі Мінск здолеў «засвяціцца» толькі на масавых юбілейных манетах да Алімпіяды-80 у Маскве, ды на настольных медалях «900 год. г. Мінск» (1967) і «Мінск — горад алімпійскага футбола» да Алімпіяды-80 (гэты аб’ект цікавы тым, што ў кампазіцыю знакавых будынкаў у першыя шэрагі патрапіў Чырвоны касцёл!).

Што наконт уласна беларускіх юбілейных і памятных манет Нацыянальнага банка Беларусі перыяду незалежнасці, то безадносна да тэматыкі і серый, у якіх манеты выпускаліся, можна заўважыць тры напрамкі сюжэтных вобразаў:

1) Мінск гістарычны і ягоныя аб’екты; 

2) рэлігійная і культурная тэматыка; 

3) выпускі да афіцыйных святаў, мерапрыемстваў і палітычнай дзейнасці, звязанай з усходнім суседам.

Што можна адразу заўважыць — дык гэта вельмі малы набор архітэктурных і гістарычных аб’ектаў, і амаль поўная адсутнасць — значных асобаў з гісторыі Мінска. Больш за тое, абраныя аб’екты ніяк не падкрэсліваюць амаль 1000-гадовую гсторыю горада, утвараючы часовыя разрывы і лапікавае ўяўленне аб важных эпохах у жыцці горада. Пры гэтым самім Нацбанкам запушчана некалькі даволі ўдалых агульнабеларускіх рэпрэзентатыўных, як у нацыянальным, так і ў гістарычным плане, серый — напрыклад, «Шлях Скарыны», «Гісторыя і культура Беларусі», «Праваслаўныя храмы», «Гарады Беларусі», «Помнікі архітэктуры Беларусі» і інш.

mal_2.PNG

Пакуль Нацыянальным банкам выпушчана вельмі мала манет (у срэбным і медна-нікелевым варыянтах), прысвечаных гісторыі сталіцы: справа ўверсе — аверс і рэверс 20 руб. «Глеб Менскі» з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы» (2007); злева ўнізе — памятных 20 руб. «Мінск» з серыі «Гарады Беларусі» (1999); справа ўнізе — аверс і рэверс 20 руб. «Мінск. 950 гадоў». У верхнім левым куце — помнік Манеце, пастаўлены да 20-годдзя з дня заснавання Банка «Дабрабыт» на вуліцы Камуністычнай, 49, як даволі ўдалы прыклад як графічнага, так і нумізматычнага адлюстравання нацыянальнай гісторыі

mal_3.PNG

Тэматыка рэлігійна-культурнага жыцця горада пакуль абмежаваная манетай «Мінск. Сталіцы краін ЕўрАзЭС» (2008), манетай, прысвечанай 2000-годдзю Хрысціянства (варыянт для каталіцкай канфесіі, на аверсе маюцца выявы Пінскага, Гарадзенскага і Мінскага касцёлаў; 1999); манетай «Беларускі балет» з выявай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета са сцэнай з нацыянальнага балета «Страсцi» («Рагнеда») (2003; выканана ў срэбным і залатым варыянтах); манетай «Ікона Прасвятой Багародзіцы "Мінская"» (выпускалася ў 2010 і 2013 гг.)

mal_4.PNG

Сярод іншых тэматык, датычных Мінска — банкаўская (манета з выявай адміністрацыйнага будынка ААТ «ААБ Беларусбанк» 2012 г. і манета да 75-годдзя банкаўскай сістэмы з выявай сённяшняга адміністрацыйнага будынка Нацыянальнага банка, 1997). Палац прафсаюзаў бачны на манеце да 100-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі (2004). Абеліск «Мінск — горад-герой» («Стэла») бачны на манеце да Дня Незалежнасці (1997). Сярод аб’ектаў найноўшай гісторыі — спарткомплексы «Мінск-Арэна» і «Чыжоўка-Арэна» (да Чэмпіянату свету па хакеі, 2014) і будынак Выканаўчага камітэта СНД з манеты «Садружнасць Незалежных Дзяржаў. 15 год» (2006)

На першых банкнотах незалежнай Беларусі былі намаляваны жывёлы, менавіта адсюль паходжанне размоўнай назвы беларускай валюты — «вавёрачкі» («белочки») і «зайчыкі»: вавёрка была намаляваная на купюры ў 50 капеек, заяц на банкноце ў 1 рубель.

Архітэктура, а з ёй пазнавальныя аб’екты сталіцы, прыйшлі на беларускія грошы крыху пазней — 8 снежня 1992 года, калі ў абарачэнне былі запушчаны новыя банкноты.

Першымі на банкноце ў 200 руб. з’явіліся «Вароты Мінска» — дзве адзінаццаціпавярховыя вежы на Прывакзальнай плошчы. Выяве на банкноце ўжо тры дзясяткі гадоў, але за мінулую траціну стагоддзя тут амаль нічога не змянілася, хіба што падчас рэканструкцыі ў сярэдзіне 2000-х гг. аднавілі скульптуры.

mal_5_hroszy-200.png

Банкнота ў 200 руб. была ў абарачэнні з 1992 па 2001 гг.

На банкноце 500 рублёў з’явілася плошча Перамогі. Тут за 30 гадоў увогуле нічога не памянялася, толькі елкі вакол манумента прыкметна падраслі.

mal_6_hroszy-500.png

Банкнота ў 500 рублёў мела хаджэнне ў 1992–2001 гг.

Купюра ў 1000 рублёў на працягу 18 гадоў мела выявай каланаду Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Тут таксама нічога заўважнага, акром падрослага зялёнага масіву, не змянілася.

mal_7_hroszy-1.png

Банкнота ў 1000 руб. мела хаджэнне з 1993 па 2001 гг. (у 1998–2001 гг. абарачаўся яе крыху падноўлены варыянт). У 2000–2003 гг. у выніку дэнамінацыі купюра значна «схуднела» — наміналам да 1 рубля

На купюры ў 5000 рублёў была выява Траецкага прадмесця. Тут дрэвы з 1992 г. выраслі настолькі, што часткова закрылі відарыс з боку Свіслачы. Побач з крыжамі Кафедральнага сабора з’явіўся шпіль ратушы, адноўленай у 2003 годзе.

mal_8_hroszy-5.png

Купюра ў 5000 рублёў была ў абарачэнні з 1994 па 2001 гг. (а таксама крыху змененая версія ў 1998–2001 гг.). У выніку дэнамінацыі банкнота таксама «схуднела» да 5 рублёў (ужываліся ў 2000–2004 гг.)

У 1994–2001 гг., сярод іншых банкнотаў з шалёнай колькасцю нулёў, хадзіла купюра з выявай галоўнага будынка Нацыянальнага банка. Змены падаюцца мінімальнымі, але за гэтыя дзесяцігоддзі праспект «аблысеў» на дрэвы, а выхады з падземных пераходаў накрылі шклянымі купаламі. Дый сам будынак прайшоў фасадную рэстаўрацыю.

mal_9_hroszy-20.png

Банкнота ў 20 000 рублёў мела хаджэнне ў 1994–2001 гг. У выніку дэнамінацыі 2000 г. яна «патаннела» да 20 руб. і была выведзена з абароту ў 2013 г.

Перш чым стаць «зялёненькай сотняй» (у дызайнераў было ўсё добра з гумарам, бо атрымаўся нібы іранічны рэверанс Бэнджаміну Франкліну), банкнота з выявай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 1938 года пабудовы «важыла» цэлых 100 000 рублёў. У 2007–2008 гг. будынак быў адрэстаўраваны і рэканструяваны: на фасадзе з’явілася скульптурная кампазіцыя, а перад галоўным уваходам — вялікі каскадны фантан.

mal_10_hroszy-100.png

Банкнота ў 100 000 рублёў мела абарачэнне з 1996 па 2001 гг. і была крыху іншай колеравай гамы, чым яе пераемніца, стыльная зялёная сторублёўка (2000–2017 гг.)На банкноту ў цэлых 500 000 рублёў у 1998 г. патрапіў Палац прафсаюзаў. З гэтага часу змены ў наваколлі адбыліся кардынальныя — знеслі музей Вялікай Айчыннай вайны, пабудавалі новы офіс Velcom, вакол Палаца Рэспублікі з’явілася зона адпачынку, але сам Палац прафсаюзаў, нягледзячы на фасадную рэканструкцыю, лёгка пазнавальны.

mal_11.png

Купюра з мноствам нулёў у выніку чарговай дэнамінацыі «схуднела» да 500 рублёў (2000–2017), а таксама займела крыху іншую каларыстыку, але Палац прафсаюзаў застаўся цалкам пазнавальным

На банкноту ў цэлы 1 млн рублёў у 1999 годзе патрапіў Нацыянальны мастацкі музей. Цікава, што для малюнка на адваротным баку быў абраны фрагмент карціны Івана Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной».

mal_12_hroszy-1000.png

Паміж 1 млн і 1 тыс. рублёў: Нацыянальны мастацкі музей на банкнотах 1999–2001 гг. і 2000–2017 гг.

Апошняя банкнота, на якой засвяціўся Мінск — мела шалёную лічбу ў 5 000 000 рублёў. «Гран-пры» чамусьці дастаўся Палацу спорту на праспекце Пераможцаў, які ў 2000 г. яшчэ зваўся праспектам Машэрава. У 2001–2004 гг. была праведзена рэканструкцыя палаца, абнавілі фасад, з’явіўся надпіс «Палац спорту».

mal_13_hroszy-5mln.png

Самым «дарагім» малюнкам на банкноце чамусьці стаў Палац спорту, але толькі на кароткі перыяд (1999–2001). У 2000 г. з пачатай дэнамінацыяй купюра «ссохлася» да 5 000 руб. і мелася ў абароце да 2017 г.

На гэтым гегемонія Мінска на беларускіх грошах скончылася. Астатнія купюры прысвечаны славутасцям, якія знаходзяцца па-за межамі сталіцы. Пры распрацоўцы дызайну новых беларускіх грошай узору 2009 г. прымянілі тую ж логіку, што і на аўтамабільных нумарах: адпаведнасць абласцей наміналам банкнот вызначана ў алфавітным парадку: купюра ў 5 рублёў прысвечана Брэсцкай вобласці, 10 рублёў — Віцебскай і гэтак далей. Мінск жа з’яўляецца асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, ні ў адну з шасці абласцей не ўваходзіць. З гэтай абставінай звязаны лёс яшчэ дзвюх купюр, на якіх размясцілі Нацыянальную бібліятэку.

mal_14_hroszy-NBRB.png

Ад 3 цэнтаў да 250 даляраў — прыблізна такім быў «курс» Нацыянальнай бібліятэкі на банкнотах 2000–2013 гг.) і 2009 г. (у абарачэнні з 01.07.2016).

На купюры ў 10 рублёў, якая мела хаджэнне ў 2000–2013 гг., намаляваны будынак былой Нацыянальнай («Ленінскай») бібліятэкі 1932 года пабудовы. У 2000 г., калі распрацоўваўся дызайн гэтай купюры, ромбакубаактаэдра яшчэ не існавала. Будаўніцтва новага будынка бібліятэкі пачалося толькі ў 2002 г. Стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі аддалі Савету Рэспублікі. Затое новаму будынку бібліятэкі, адкрытаму ў 2006 г., прысвечана самая дарагая купюра за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі — 500 рублёў.

Горад у мініятуры: Мінск на запалкавых этыкетках

ХІХ стагоддзе сталася эпохай вялікіх пераменаў у жыцці грамадства, і маленькія запалкавыя скрыначкі, такія будзённыя сёння, былі на той час маркерам новай, тэхнічнай эпохі і эвалюцыйных зрухаў у побыце.

У 1869 г. у Расійскай імперыі было дазволена «паўсюдна, як у імперыі, так і ў Царстве Польскім, вырабляць фосфарныя запалкі». Неўзабаве ў беларускіх губернях запрацавала шэсць буйных фабрык, якія выпускалі гэты важны ў побыце тавар. У 1879 г. у Гомелі арганізавана запалкавая фабрыка «Везувій», у 1892 г. у Пінску пабудавана невялікая фабрыка «Вулкан», у 1891 г. у Барысаве запрацавала «Вікторыя», а ў 1901 г. — «Бярэзіна». З гэтымі часамі звязаны і першыя спробы размяшчэння рэкламных тэкстаў на запалкавых скрыначках і, адпаведна, з’яўленне аматараў калекцыявання такіх аб’ектаў. Складанае культурнае і палітычна-эканамічнае становішча затармазіла развіццё філуменістыкі ў нашых шыротах. Росквіт філуменіі у СССР прыпаў на пасляваенныя 1960-я — 1980-я гады.

Па запалкавых этыкетках можна прасачыць этапы развіцця краіны, а таксама асноўныя падзеі з палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця і саюзных рэспублік. У СССР этыкеткі ў першую чаргу выкарыстоўваліся для прапаганды сацыялістычнага ладу. Яны нагадвалі насельніцтву пра чарговыя юбілеі ўсталявання савецкай улады, стварэння камсамола, з’ездах КПСС і г. д. Часта этыкеткі на запалкавых скрынках ужываліся ў якасці агітацыйнага матэрыялу: прапаганды здаровага ладу жыцця, захаванні супрацьпажарнай бяспекі, заклікалі да беражлівасці, аховы прыроды, прадухіленні парушэння ПДР і інш. І, вядома ж, у якасці рэкламы: паслуг страхавання, пошты, пасажырскіх перавозак. У шасцідзясятыя — сямідзясятыя гады некалькі расійскіх запалкавых фабрык выпускалі сваю прадукцыю з выявамі аўтатранспарту і спецтэхнікі, у тым ліку беларускіх БелАЗаў, МАЗаў, МТЗ.

У БССР запалкі выпускалі Барысаўская, Гомельская і Пінская фабрыкі. Аднак традыцыйна Масква і РСФСР задавалі тэматыку і кірункі выяўленчых вобразаў. Так, архітэктуры Мінска, яго вядомым сілуэтам прысвечана серыя запалкавых этыкетак, выпушчаная ў 1960 г. камбінатам «Гігант» Калужскага Саўнаргаса. Этыкеткі з відамі беларускай сталіцы ў 1964 г. выпусціла Барнаульская фабрыка.

mal_15.PNG

Серыя запалкавых этыкетак з відамі Мінска, выпушчаная калужскай фабрыкай «Гігант» у 1960 г. Асноўнае адрозненне ад падобных серый, якія выпускалі Бабруйская і Гомельская фабрыкі, — за аснову былі ўзятыя рэальныя здымкі, а не малюнкі

У 1961 г. ужо Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат падрыхтаваў серыю запалкавых этыкетак, прысвечаных Мінску. Годам пазней у Барысаве выпусцілі этыкеткі з выявамі мінскіх ВНУ. У 1969 г. Гомельскі камбінат таксама прысвяціў беларускай сталіцы серыю этыкетак.

mal_16.PNG

Серыя запалкавых этыкетак Барысаўскай фабрыкі, прысвечаная савецкім аб’ектам Мінска (1961)

mal_17.jpg

Серыя запалкавых этыкетак Барысаўскай фабрыкі, прысвечаная вышэйшым навучальным установам Мінска (1962)

mal_18.PNG

Серыя запалкавых этыкетак Барысаўскай фабрыкі, прысвечаная гадзіннікам «Луч-Мінск» з выявамі савецкіх аб’ектаў Мінска (1966)

mal_19.jpg

Серыя запалкавых этыкетак Гомельскай фабрыкі з архітэктурнымі аб’ектамі Мінска (1968). Падобная ж серыя выпускалася і Барысаўскай фабрыкай

Адмысловае месца ў філуменіі займала тэматыка Вялікай Айчыннай вайны. Выпускаліся як асобныя этыкеткі, так і серыі ў гонар памятных дат вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у гонар гарадоў-герояў, з выявамі помнікаў, герояў вайны і інш.

mal_20.PNG

Серыя запалкавых этыкетак «30 год вызвалення ад нямецка-фашыскіх захопнікаў» (1975) з відарысамі Мінска і георгіеўскай стужкай, выпушчаная фабрыкай з Бранскай вобл. (РСФСР) сёння выглядае двухсэнсоўна...

У 1978 г. выйшла серыя этыкетак «Па Беларусі» з выявамі будынкаў і помнікаў Мінска, сярод якіх — чатыры з новымі відамі горада. У постперабудовачны перыяд нестабільная эканамічная і палітычная сітуацыя прыпыніла на доўгі час друк запалкавых этыкетак.

mal_21.PNG

Сярод несерыйных запалкавых этыкетак савецкага часу трапляецца няшмат тэм, якія б не паўтараліся іншымі фабрыкамі Савецкага Саюза. Сярод найбольш цікавых — этыкетка, прысвечаная выставе польскай прамысловасці ў Мінску (1973), якую асабіста наведаў П. Машэраў. Дом прафсаюзаў у Мінску толькі адзін раз сустрэўся на этыкетках Пінскай фабрыкі, а Гомельская фабрыка выпусціла несерыйную памятную этыкетку да 50-годдзя Політэха

Сёння запалкавыя фабрыкі намагаюцца аднавіць філуменістычныя традыцыі, але тэматыка і якасць прадуктаў вытворчасці знаходзіцца на невысокім узроўні. Да таго ж дзяржаўныя фабрыкі зусім не ўлічваюць попыт — на нацыянальнае, патрыятычнае (такіх серый і на дзясятак не набярэцца), а таксама, праз невялікі аб’ём, і камерцыйныя замовы для прыватных пунктаў харчавання — кафэ, пабаў, бістро.

Усё, чым жыве горад: Мінск на паштовых марках

Айчынная філатэлія налічвае ўжо больш за 100 гадоў — першымі ўласнабеларускімі паштовымі маркамі былі невялічкія рознакаляровыя маркі БНР (1918–1920). У міжваенны перыяд у заходняй частцы нашай краіны мелі хаджэнне польскія маркі, а ў БССР — рэдкія савецкія маркі падкрэслена агітацыйна-прапагандысцкага характару.

У пасляваенны час савецкая філатэлія адносна рэспублік у складзе СССР не паказвала разнастайнасці — тэматыка была прыблізна такой, як і на запалкавых этыкетках, пра што было згадана вышэй. Па некаторых падліках, у часы СССР з больш чым шасці тысяч паштовых знакаў толькі 90 былі хоць неяк звязаныя з Беларуссю.

mal_22_marki1.png

Сярод савецкіх марак, прысвечаных БССР і звязаных з вобразам Мінска — усяго некалькі экземпляраў, выкананых на добрым мастацкім узроўні. Асноўныя аб’екты, звязаныя з Мінскам — плошча Перамогі, Дом урада, «Вароты Мінска» — усё лёгка пазнавальнае

Першая марка незалежнай Рэспублікі Беларусь — «Крыж Еўфрасінні Полацкай» — была выпушчана ў паштовы зварот у сакавіку 1992 г. Прыблізна з гэтага часу «мінская тэма» таксама пачынае набіраць абароты ў філатэлістычных серыях: адна з першых марак — выява гістарычнага герба горада (1993).

mal_23_marki2.png

Адны з першых марак, дзе з’яўляюцца вобразы Мінска, маюць дастаткова высокую якасць, з улікам тагачаснага ўзроўню друку

Асноўнымі тэмамі першага дзесяцігоддзя беларускай філатэліі былі, фактычна, тыя ж знакавыя святы і аб’екты, што і ў мінулыя гады — шмат якія выяўленчыя аб’екты перагукаюцца з выпускамі новых банкнот, напрыклад — Абеліск Перамогі, Нацыянальная бібліятэка. Аднак больш заўважным робіцца ухіл у культурна—гістарычны бок: на марках можна пабачыць храмы і тэатры, музеі і аб’екты мастацтва, а з другога боку — новыя будынкі сталіцы, напрыклад, Ратушу ці БелЭкспа.

mal_24_marki3.png

Сярод новых вобразаў Міснка — відарыс набярэжнай, адноўленая ратуша, а таксама памяць аб мінскім медыку і ўдзельніку падполля — Я. У. Клумаве, імя якога носіць адна з мінскіх вуліц

mal_25_marki4.png

Сярод новых тэм, звязаных з Мінскам — грамадскія будынкі, храмы і будынкі культурнага прызначэння

У наступныя перыяды далей развіваецца рэлігійны напрамак: сярод серый і асобных выпускаў марак па гісторыі храмавай архітэктуры Беларусі і дзейнасці рэлігійных дзеячаў заўважныя і маркі мінскай тэматыкі (праўда, з цягам часу — усё больш і больш з ухілам у праваслаўныя культы РПЦ).

mal_26.PNG

Сёння храмавая архітэктура — адна з візітовак Мінска. І гэта заўважна па марках

Сярод раней не выкарыстаных сталічных архітэктурных аб’ектаў на марках можна заўважыць Цырк і Галоўпаштамт, відарысы набярэжных, спартовыя аб’екты. Зусім новай мінскай тэмай стаў выпуск розных серый марак, прысвечаных Мінскаму метрапалітэну.

mal_27.PNG

Прыемна, што спіс зацяганых стандартных архітэктурных «топаў» Мінска разбаўляецца новымі аб’ектамі і новымі тэмамі

Яшчэ больш пашырыўся складнік гісторыка-культурнай тэматыкі Мінска: у сувязі с 70-годдзем Нацыянальнага мастацкага музея былі выпушчаны якасныя блокі, серыі, а таксама асобныя маркі, як з выявай самога будынка, так і з палотнамі з музейных калекцый. Высакаякаснай атрымалася серыя «125 гадоў Мінскай конкі», а ў серыі «150 гадоў чыгуначнай магістралі Смаленск — Мінск — Брэст» можна ўбачыць марку з будынкам знішчанага Віленскага вакзала.

mal_28.PNG

Даволі паспяхова развіваецца культурны і гістарычны напрамак адлюстравання мінскіх аб’ектаў, падзей, асобаў

Бадай ці не самай прыгожай маркай, звязанай з Мінскам, на сёння застаецца выпуск у гонар 950-годдзя сталіцы, зроблены з высокім мастацкім густам.

mal_29.jpg

Асноўныя крыніцы ілюстратыўнага матэрыялу — Wikipedia, ay.by, nbrb.by, belpost.by, belarussiancollection.com, matchlabel.com

Змітро Пілецкі, budzma.org