Мінск вачыма рымляніна: плюсы і мінусы беларускай сталіцы

Італьянскі турыст Франка Навечэнта Бутыльеры, які вядомы беларусам найперш як фатограф, — нярэдкі госць у Мінску. Рэч у тым, што Франка жанаты з беларускай, таму час ад часу наязджае ў беларускую сталіцу. Яму належыць прыгожы ролік пра наш горад.

А цяпер Франка ўзяўся за тое, да чаго наўрад ці дадумаўся б хто-небудзь з беларусаў, — параўнаў непараўнальнае: Мінск і Рым. Сваімі ўражаннямі ад беларускай сталіцы ён падзяліўся на сайце belarusfeed.com.

Minsk – Unexpected Beauty from Franco Novecento Buttiglieri on Vimeo.

Паводле Франка, у Рыме значна прасцей знайсці сабе гатэль ці арэндныя апартаменты. У італьянскай сталіцы іх так шмат, што кожны турыст можна адшукаць нешта для сябе паводле густу і мажлівасцяў. З іншага боку, працэдура арэнды ў Рыме мае нашмат больш бюракратычных момантаў, чым у Мінску.

Window-in-Grodno-by-Italian-in-Minsk

Грамадскі транспарт у Мінску добра арганізаваны і ходзіць па раскладзе, у адрозненне ад перапоўненага Рыма. Для перасоўвання рымляне ў асноўным карыстаюцца ўласнымі аўто і матацыкламі.

Натуральна, што ў плане гастранамічнага турызму Італія агулам і Рым у прыватнасці не маюць канкурэнтаў. Таму не дзіва, што танней, чым у Мінску, у Рыме можна замовіць лепшую страву. Паводле назіранняў Франка, у Мінску наведнікі рэстарацыяў нашмат больш засяроджаныя на знешнім выглядзе ўстановы, чым на якасці прадуктаў. Таксама выклікае пытанні беларускі сэрвіс, які значна саступае італьянскаму.

Night-Minsk-Galleria

Мінскія вуліцы — гэта месца, дзе рымлянін адчувае сябе цалкам камфортна і ў поўнай бяспецы нават уночы, чаго не можа сказаць пра свой родны горад.

На думку італьянца, Беларусь можа прапанаваць сваім грамадзянам большыя магчымасці ў плане прафесійнага росту, чым Італія, бо там бяруць на працу ў асноўным “сяброў сяброў”. У Італіі заробак нашмат вышэйшы, чым у Беларусі, але разам з ім высокія і выдаткі. Пры гэтым, у адрозненне ад Італіі, у Беларусі назіраецца вельмі моцны кантраст паміж буйнымі гарадамі і невялікімі.

Сістэма аховы здароўя ў нашай краіне, на думку замежніка, нашмат лепшая за італьянскую, бо не настолькі бюракратызаваная. Нягледзячы на тое, што якасць паслуг у Італіі можа быць лепшай, кошт іх будзе значна вышэйшым, прычым не толькі ў параўнанні з беларускімі расцэнкамі.

Minsk-by-Franco-Novecento-Buttiglieri-1

Чаго сапраўды не хапае Мінску паводле рымляніна — дык гэта славутасцяў сусветнага значэння, якія б прыцягвалі турыстаў. Усе ведаюць, напрыклад, Калізей, а чым можа пахваліцца Мінск? Пакуль замежніка прываблівае дагледжанасць гарадоў, незабруджаная прырода і пэўная аўтэнтыка.