«Сённяшняя моладзь у Беларусі ўстрымліваецца ад палітыкі ў прынцыпе». Вынікі сацыялагічнага даследавання

Сацыялагічнае даследаванне «Ха-ха, мы яшчэ тут» нацыянальны моладзевы савет «РАДА» правёў у мінулым годзе. 27 студзеня вынікі даследавання былі прадстаўленыя грамадскасці.

У межах даследавання было праведзена анлайн-апытанне маладых людзей ва ўзросце 18–34 гадоў, якія пражываюць у Беларусі. Атрымалася сабраць каля тысячы анкет і правесці 12 глыбінных інтэрв’ю.

Ілюстратыўнае фота. Беларуская моладзь на канцэрце гурта «Botanic project» у Вільні. Фота Яўгена Ерчака

Паводле полісі-сакратара «РАДА» Змітра Герыловіча, даследаванне дапамагло «выявіць цікавасці, праблемы і магчымасці моладзі ўнутры Беларусі, узровень інфармаванасці пра арганізацыі грамадзянскай супольнасці, а таксама міграцыйныя настроі».

Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» — добраахвотны саюз беларускіх моладзевых арганізацый і ініцыятыў. «РАДА» была створана ў 1992 годзе дзеля кансалідацыі дзейнасці моладзевых арганізацый у сферы прадстаўлення, прасоўвання і абароны іх інтарэсаў. У выніку рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці «РАДА» пазбаўлена афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі з 2006 года. А таксама паўторна ў 2021 годзе, падчас вялікай хвалі ліквідацый арганізацый грамадзянскай супольнасці. Зараз «РАДА» аб’ядноўвае 44 моладзевыя арганізацыі і ініцыятывы Беларусі. Каб не ставіць арганізацыі і ініцыятывы пад пагрозу, з 2020 году спіс арганізацый і ініцыятыў непублічны.

Галоўныя прыярытэты

Для большасці маладых людзей у Беларусі галоўнымі жыццёвымі прыярытэтамі з’яўляюцца фінансавы дабрабыт і блізкія адносіны. Свой вольны час моладзь Беларусі «праводзіць у інтэрнэце, спажываючы культурны або забаўляльны кантэнт (кіно, серыялы або музыку) і псіхалагічны кантэнт, або сустракаючыся з сябрамі_оўкамі)».

Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі сталі асноўнай крыніцай інфармацыі і платформай для параўнання наратываў альтэрнатыўных дзяржаўнай прапагандзе. У той жа час моладзь менш цікавіцца глабальнымі справамі і больш засяроджваецца на сваіх асабістых практычных навыках, пачынаючы ад кіравання часам або фінансамі і заканчваючы прымяненнем прафесійных або мастацкіх інструментаў.

У сваіх інтэрв’ю маладыя людзі неаднаразова падкрэслівалі каштоўнасці самарэалізацыі і псіхічнага камфорту, а таксама адзначалі, што традыцыйная сацыяльная іерархія страціла сваё значэнне: «дарослых больш няма». Гэта пацвярджае іх чаканне раўнапраўных і партнёрскіх адносін з іншымі пакаленнямі.

Чым моладзь цікавіцца і да чаго імкнецца?

Большасць маладых людзей схільныя праводзіць свой вольны час, спажываючы медыякантэнт і размаўляючы з сябрамі_оўкамі і сваякамі.

Найбольш распаўсюджанымі відамі дзейнасці з’яўляюцца прагляд фільмаў і серыялаў (71%), зносіны ў сацыяльных сетках (66%), праслухоўванне музыкі (60%) і сустрэчы з сябрамі_оўкамі (46%).

Далей ідуць: падпрацоўка (40%), чытанне кніг (34%), спорт або фізічная актыўнасць (32%), відэагульні (31%), навучанне або самаразвіццё (29%) і творчая дзейнасць (18%). Валанцёрская дзейнасць склала 3%.


Якія тэмы найбольш цікавыя для чытання, прагляду або абмеркавання

Кіно і серыялы (62%), музыка (47%), а таксама псіхалогія і самапазнанне (37%). За імі ідуць падарожжы і культура іншых краін (33%), спорт і здаровы лад жыцця (28%), навука і тэхналогіі (26%), адукацыя і кар’ера (21%), бізнес і фінансы (19%), мода і стыль (19%), а таксама мастацтва і творчасць (18%).

Палітыка і сацыяльныя пытанні цікавяць толькі 16% апытаных, а тэмы аховы навакольнага асяроддзя або ўстойлівага развіцця — 6%.


Каштоўнасці

На першым месцы шчасце і здароўе сяброў і сваякоў (54%), сям’я і адносіны (53%), а таксама фінансавы дабрабыт і камфорт (47%). Значна радзей згадваліся асабістая свабода і незалежнасць (25%), цікавая праца (20%) і магчымасць рэалізацыі свайго патэнцыялу (19%).

Але, як зазначае полісі-сакратар «РАДА», калі рэспандэнтаў папрасілі ацаніць, што, на іх думку, з’яўляецца самым важным не для іх саміх, а для большасці людзей іх узросту, то рэйтынг стаў выглядаць інакш: «фінансавы дабрабыт стаў на першае месца (52%), затым асабістая свабода і незалежнасць (34%), сям’я і адносіны (33%), а таксама задавальненне і забавы (31%)». Пры гэтым шчасце і здароўе сяброў і сваякоў апусціліся на пятае месца (28%).


Культуры паменела, расейскасці і мілітарнасці паболела

Даследчыкі зазначаюць, што «культурнае жыццё ў краіне прыкметна збяднела». У Мінску і іншых гарадах і мястэчках праводзіцца менш якасных канцэртаў, фільмаў ці выстаў, якія б задавальнялі патрэбы моладзі. У выніку ўсё больш часу моладзь праводзіць дома ці сярод блізкіх сяброў і сябровак, а інтэрнэт стаў дамінуючым каналам спажывання культурнага кантэнту. 

«Змена арыентацыі з заходніх узораў на расійскія стала відавочнай. У модзе ці дызайне моладзь усё часцей прытрымліваецца расійскіх тэндэнцый замест еўрапейскіх. Для адпачынку ці падарожжаў расійскія напрамкі становяцца пераважнымі над еўрапейскімі. Акадэмічнае асяроддзе таксама разарвала свае сувязі з міжнароднымі партнёрствамі: супрацоўніцтва беларускіх універсітэтаў з еўрапейскімі ці іншымі ўстановамі амаль цалкам спынілася і застаецца ў межах СНД», — падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Заўважнай стала «новая хваля дзяржаўных інвестыцый у „працу з моладдзю“ ў відавочна мілітарызаваным ключы».

Створаны дзясяткі груп або лагераў ваеннага тыпу, дзе маладых людзей вучаць разбіраць зброю, насіць форму, глядзець парады і ўспрымаць армію як найвышэйшую крыніцу гонару. Гэта суправаджаецца сістэматычнай прапагандай, якая малюе Еўрасаюз як ворага, супрацьпастаўляючы ідэі саюза толькі з Расіяй.

«Нарэшце, сённяшняя моладзь у Беларусі ўстрымліваецца ад палітыкі ў прынцыпе. Для тых, хто непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях 2020 года, гэты выбар свядомы: як спроба абараніць сябе і пазбегнуць рызык для асабістай бяспекі. Для тых, хто з-за свайго ўзросту не быў сведкам падзей, палітычная апатыя хутчэй з’яўляецца неад’емнай часткай сацыяльнага асяроддзя, у якім яны выраслі», — адзначаюць даследчыкі.

rada_04.png

Чым моладзь заклапочаная і дзе адчувае свой уплыў?

Найбольш частымі праблемамі, з якімі сутыкаецца моладзь, з’яўляюцца працаўладкаванне або фінансавы дабрабыт: пошук прывабнай і годна аплочваемай працы, празмерная працоўная нагрузка або празмерныя цэны на жыллё. Значная частка рэспандэнтаў_ак таксама адзначае цяжкасці з навучаннем (яго занадта шмат і/або яно сумнае), асабістыя адносіны або псіхічны стан.

Інтэрв’ю сведчаць аб тым, што маладыя людзі адчуваюць сябе абмежаванымі ў сваім выбары або магчымасцях і адначасова шукаюць прагматычныя шляхі адаптацыі, пачынаючы ад захавання сумнай працы дзеля стабільнасці і заканчваючы распрацоўкай уласных праектаў.

Большасць маладых людзей упэўненыя, што яны могуць паўплываць на ўласны ўзровень жыцця (71%) і, у меншай ступені, на дабрабыт членаў сваёй сям’і або сяброў (34%). Значна радзей маладыя людзі бачаць свой магчымы ўплыў на прыняцце рашэнняў мясцовымі органамі ўлады (11%) або на дзеянні цэнтральных дзяржаўных структур (6%). Пры гэтым 13% перакананыя, што яны ні на што не могуць паўплываць, а 10% не могуць адказаць.

«Яшчэ адна тэндэнцыя ўзнікла з-за ўсеагульнага разумення нестабільнасці як новай нормы. Моладзь, здаецца, прызвычаілася да думкі, што будучыня непрадказальная, і таму схільная менш спадзявацца на ўласныя дзеянні як інструмент змен», — гаворыцца ў даследаванні.

Дзе моладзь плануе жыць далей?

Па-першае, значна павялічылася колькасць тых, хто не плануе эміграцыю (з 30% у 2022 годзе да 62% цяпер), і, адпаведна, скарацілася доля тых, хто хацеў бы з’ехаць, але не мае магчымасцей (з 28% да 10%). Па-другое, сярод прычын эміграцыі цікавасць да іншых краін зараз значна вышэйшая (34% супраць 46%), тады як адсутнасць магчымасцей у Беларусі згадваецца значна радзей (48% супраць 30%), а таксама пачуццё небяспекі (41% супраць 31%). Гэта можа сведчыць аб тым, што ў матывацыі эміграцыі элемент неабходнасці крыху змяншаецца, кампенсуючыся элементамі асабістай цікаўнасці і жадання самаразвіцця.

rada_05.png

Сярод перашкод для міграцыі павялічылася доля адсутнасці рашучасці або энергіі (21% супраць 33%), а таксама недастатковага ведання іншых краін або іх культуры (14% супраць 23%). Іншыя бар’еры, у тым ліку фінансавыя абмежаванні або сямейныя абавязкі, застаюцца на ранейшым узроўні. Медыяпрастора поўная прапагандысцкіх матэрыялаў пра цяжкае жыццё ў Еўропе, што не спрыяе аднаўленню жадання з’ехаць. Па-другое, некаторыя рэспандэнты_кі адзначаюць працэсы «нармалізацыі» ў краіне: для многіх людзей пасля 2020 года жыццё вярнулася ў адносна звыклы стан.

Што праноўвае «РАДА»?

Эксперты распрацавалі шэраг рэкамендацый арганізацыям грамадзянскай супольнасці для працы з моладдзю ўнутры Беларусі. Трэба, як лічаць у «РАДА», «пазбягаць трыгерных словаў і тэм, замест «правы чалавека» або «дыктатура» лепш выкарыстоўваць паняцці кшталту «сацыяльныя праекты», «урбаністыка», «экалогія горада». Варта пазбягаць адкрытых згадванняў палітыкі, вайны і 2020 года, бо гэта моладдзю ўспрымаецца як «эмігранцкі кантэнт».

Развіваць кам’юніці — напрыклад, клубы выпускнікоў і выпускніц адукацыйных праграм, якія падтрымліваюць сувязі і ствараюць сеткі даверу.

Садзейнічаць афлайн-нэтворкінгу. Бяспечныя сустрэчы ў жывым фармаце маюць асаблівую каштоўнасць для пабудовы даверу.

«Выкарыстоўваць магчымасці супрацоўніцтва з універсітэтамі. Нягледзячы на абмежаванні, у асобных выпадках магчымыя калабарацыі нават праз структуры, лаяльныя дзяржаве, напрыклад, БРСМ», — такую рэкамендацыю прапаноўваюць даследчыкі.

«Як ажыццяўляць дыялог паміж дыяспарай і моладдзю ўнутры Беларусі? Думаю, гэта галоўны матыў гэтага даследавання: як у гэтых умовах і пры ўсіх негатыўных фактарах працягваць працу, — падкрэсліў Зміцер Герыловіч. — Для нас гэта суперважнае пытанне, але не пытанне „ці рабіць?“ , пытанне „як рабіць?“. 

Людзі, для якіх мы працуем, — яны там, у Беларусі. Думаю, з імі не трэба казаць пра „дыктатара“, „сінепалага дзеда“, трэба казаць пра развіццё, асабістае развіццё, развіццё навыкаў. Важна падумаць, як грамадскі сектар можа ўзаемадзейнічаць з моладдзю там. Трэба даведвацца пра фарматы, якія ім зручныя, а не навязваць ім тое, што было зручным да ліквідацыі сектара НДА ў Беларусі. Трэба шукаць новыя формы — у медыя, у камунікацыйнай сферы.

Калісьці для камунікацыі былі зручныя вэб-сайты, потым фэйсбук, пасля інстаграм, зараз цік-ток. Трэба пераходзіць у гэтыя пляцоўкі, праца мусіць весьціся адпаведна запытам моладзі. Трэба знаходзіць агульную мову».

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org