Мова Нанова стартавала ў Астраўцы (фота, відэа)

Да самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы далучыўся Астравец! Першыя заняткі прайшлі тут 4 лютага, іх правялі вядоўцы менскіх курсаў Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.

У далейшым весці курсы будуць настаўніца Вольга Лябецкая і журналістка Алёна Гануліч. Гімназія, дзе будуць праходзіць курсы, зусім новая — яна адкрылася 12 студзеня. Кабінеты і памяшканні шыкоўна абсталяваныя тэхнікай.

На першых занятках прысутнічалі жыхары Астраўца і навакольных вёсак. Гасцей прывітала дырэктар гімназіі Алена Чаславаўна Севасцьян.

На занятках слухачы даведаліся пра беларускія формы сваіх імёнаў, абмеркавалі безэквівалентную беларускую лексіку, патрэніраваліся ў чытанні хуткамовак, успомнілі беларускія назвы сваякоў. У канцы ўсіх чакаў музычны падарунак — выступ саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі Сержука Доўгушава.

Наступныя заняткі курсаў адбудуцца праз тыдзень, 11 лютага, а 18.00 у будынку гімназіі (на ўваходзе падкажуць, у якім канкрэтна памяшканні).

 

movananova.by

Тэгі: