Моўны вентылятар: стэрыльная беларушчына

Духі і дзяды беларускай мовы

Хіба што кожны “новы беларускамоўны” можа згадаць прынамсі пару гісторый, як яго ў залатыя часы навяртання ў беларушчыну нехта зганьбіў за памылкі. Пасля гэтага некаторыя, як калісьці прыніжаныя ў войску “духі”, самі становяцца моўнымі “дзядамі” ды пачынаюць ганіць іншых, маладзейшых, “навабранцаў”, якім дужа спадабаецца беларуская мова”, але яны паводле сваіх уласных законаў спрагаюць я гавору”, “зачыняюць вочы” на памылкі і кажуць: Вельмі дзякуй”. Але ж, здаецца, кожнаму відно, што калі не спрабаваць размаўляць – то само не загаворыцца. А пазіцыя “я не говорю / пишу / сижу / хожу по-белорусски, чтобы трасянки не было” не выглядае на стваральную.

Ды ўсё ж найбольш дратуюць далікатныя філалагічныя вушы не гэтыя вучнёўскія “я гавору на абодзьвух мовах” – а свядомыя сталыя выказванні зацятых рэальных і віртуальных ваяроў, якія першым каментаром да навіны “Няшчасны выпадак: хлопчык застрэліўся з паляўнічага ружжа” пішуць: “Па-беларуску слушна “стрэльба”, а з маскальскім ружьём – прэч з нашае роднае зямлі!”, жаўнераў, у чыіх руках слоўнікі пачатку 20 стагоддзя ператвараюцца ў полымя інквізіцыі для няверных сучаснікаў.

І вось збіраешся прыдбаць у якой-небудзь суполцы Укантакце сувеніры, але замест адказу на пытанне: “Хачу купіць дванаццаць ручак, ці можна заказаць?” спачатку выправяць усе “памылкі”: “Вы мелі на ўвазе: “Жадаю набыць тузін асадак, ці магчыма замовіць?”

 

Раскіданае гняздо сінонімаў

Сапраўды, у 1990-я многія беларускамоўныя адчувалі праблему празмернай кансерватыўнасці афіцыйнай беларушчыны ў адносінах да слоў новых або вернутых з 1920-х гадоў. Пралезці ў нейкую сур’ёзную паперыну “спартоўцу”, “асадцы” і “лядоўні” было цяжка. Але тыя часы мінаюць, і сёння нават на дзяржаўным радыё можна пачуць пра ўступныя іспыты, музычныя гурты і мастацкія выставы. Здавалася б, надышоў лексічны мір і згода, але ліха падкралася з-за другой павароткі. Барацьбіты з русізмамі ды моўныя рыцары, махаючы ад пляча сваімі мячамі і не даючы чужынцамі быць, выкраслілі з беларускай мовы дзясяткі беларускіх слоў ды выразаў.

Рэпрынты і лічбавыя копіі слоўнікаў ды моўных развагаў Ластоўскага, Станкевіча, Байкова і Некрашэвіча захапляюць, вабяць і даюць карысць, але малымі дозамі, па рэцэпце і толькі загартаванаму арганізму.

У сеціўных абшарах можна сустрэць і такое: чалавек, пабачыўшы назву кнігі “Чую, бачу, гавару”, зарокся яе купляць малому, бо кніга, у назве якой “трасянкаўскае” гаварыць” замест “праўдзівага” размаўляць” нічому карыснаму навучыць дзіця не зможа. Так, словы з правага слупка сёння апынуліся на выгнанні ў чужыне:

 

слова беларускай мовы таксама слова беларускай мовы
ведаць знаць
вусны губы
жадаць хацець / прагнуць / зычыць
жах страх / жудасць
згадваць успамінаць
кошт цана
менавіта іменна
мяжа граніца
набыць купіць
нагавіцы штаны
памятаць помніць
распавядаць расказваць
слушны правільны
сябар друг
улюбёны любімы
шмат многа

 

Словы і з аднаго, і з другога слупка маюць права на жыццё, больш за тое, ніякае з іх не лепшае і не горшае, яны ўсе могуць ужывацца, галоўнае, каб дарэчы і да месца.

 

Не, няправільна – гасцёў з іншаземных абласцёў

Часта слоўнікі, цытаты з класікаў, прыклады з фальклору як аргументы не ўспрымаюцца ўсур’ёз – хіба што толькі ў тым выпадку, калі яны граюць на руку самім абаронцам чысціні. А само выкарыстанне менш “расійскага” і больш “сапраўднага” сіноніма вядзе да стылістычных неадпаведнасцяў і недарэчнасцяў (пацаны з Шабаноў ператвараюцца ў дзецюкоў – і адразу ж на даляглядзе сінеюць гострыя зялезныя косы), ды нават да змены значэння (харошая = прыгожая дзяўчына робіцца добрай = не злой). Такога кшталту выбранае прарэджванне лексічнага масіву, бывае, нішчыць адценні значэння. Напрыклад, шэраг хацецьжадацьпрагнуць адлюстроўвае розную ступень неабходнасці. І пры сустрэчы з чалавекам, які пастаянна толькі “жадае” (і гарбаты, і пад’есці, і пагаварыць, і праехаць на аўтобусе), мімаволі задумваешся, ці кантактаваць надалей з такой ненасытнай асобай.

Дыягназ – гіперкарэктнасць, адным словам, жаданне зрабіць беларускае яшчэ больш беларускім. Мажліва, часткова, правакуюць гэты сіндром пільныя і дасціпныя суайчыннікі, якія штораз прагнуць ад вас пачуць “сапраўднае” беларускае слова. Гэта мужчыны, якія ў аўтобусе робяць камплімент вашай мове, але неадступна патрабуюць, каб вы прыдумалі беларускі адпаведнік да слова “фігня”. Гэта маладыя людзі ў берцах і з паўтарачкай піва, якія з выкладчыцкай хваткай патрабуюць перакласці з рускай “анчоусы” і на ваш адказ, што гэтак будзе і па-беларуску, звысоку шчоўкаюць языком, маўляў: ну дык пра што з табой размаўляць, калі ты не можаш назваць марскі далікатэс. Загнаны такімі паўсядзённымі экзаменамі, чалавек пачынае сумнявацца і старанна вышукваць, а то і вынаходзіць “больш беларускія” словы. Так нараджаецца прышпіл (прыкол), круціляц (верталёт) і далькажык (мабільнік).

 

Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч