Музычная ангеданія: чаму некаторым людзям не падабаецца музыка

26.03.2014 Музыка

Новае даследаванне выявіла, што некаторыя людзі няздольныя адчуваць эмоцыі ад праслухоўвання музыкі.

Anhedonia — ангеданія (поўная абыякавасць да радасцяў жыцця): новае даследаванне таго, якім чынам людзі рэагуюць у эмацыйным плане на музыку, можа дапамагчы нам зразумець прычыны парушэнняў харчовых паводзін і схільнасці да забароненых рэчываў.

Нам усім даводзілася бываць музычнымі снобамі ці ахвярамі музычнага снабізму, але новае даследаванне паказала, што прычына гэтага — не заўсёды нашы густы ў музыцы. Насамрэч некаторыя людзі біялагічна няздольныя адчуваць эмоцыі ад музыкі.

Даследчая група, якая складаецца з навукоўцаў з усяго свету, пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Універсітэта Барселоны прыйшла да высновы, што ў ад 1 да 5% людзей назіраецца “спецыфічная ангеданія да музыкі”.

Тысячы студэнтаў ва ўніверсітэтах Іспаніі запоўнілі анкету, у якой пазначалі ступень сваёй згоды ці нязгоды з рознымі выказваннямі, такімі як, напрыклад, “Калі я дзялюся з кімсьці сваёй любімай музыкай, я адчуваю асаблівую сувязь з гэтым чалавекам” і “Я нічога не магу з сабой зрабіць і напяваю сабе пад нос ці падпяваю, калі чую любімую песню”.

Трыццаць удзельнікаў, у якіх выявілася нізкая, сярэдняя ці высокая адчувальнасць да музыкі, былі выбраныя для далейшага эксперыменту — ім далі паслухаць розныя кампазіцыі, адабраныя іх сакурснікамі, ад Вівальдзі да Саймана і Гарфанкеля. Даследчыкі зрабілі запіс іх рэакцый, выкарыстоўваючы фізіялагічныя індыкатары эмоцый: сардэчны рытм і паценне. Аматары музыкі паказалі павелічэнне і сардэчнага рытму, і электраправоднасці скуры, а вось у “ангеданічнай групы” ніякіх рэакцый не выявілася.

Хосэп Марка-Пальярэс, аўтар даследавання, кажа: “Няма нічога дзіўнага, калі чалавеку падабаецца нейкі адзін жанр музыкі і не падабаецца нейкі іншы: мы ўсе знаёмыя з людзьмі, якія, напрыклад, любяць оперу і ненавідзяць хіп-хоп, але даследаванне паказвае, што ёсць людзі, якія не маюць ніякіх эмацыйных рэакцый ні на якую музыку”.

“Ва ўсіх удзельнікаў гэтых трох груп была аднолькавая адчувальнасць да іншых відаў стымулаў — ежы, сэксу, грошай — і ў ніводнага з іх няма амузіі (страты здольнасці ўспрымаць музыку)”.

Марка-Пальярэс мяркуе, што акрамя канстатацыі самога факта наяўнасці ангеданіі і спроб навуковага тлумачэння нецікавасці да музыкі даследаванне можа быць карысным і ў іншых сферах: “Важным момантам тут ёсць тое, што цэлая галіна, такая як музыка, можа рабіць розны ўплыў на тыя аддзелы галаўнога мозгу, якія адказваюць за атрыманне асалоды. Гэта можа дапамагчы нам у разуменні некаторых парушэнняў, выкліканых збоямі ў працы мозгу, якія вядуць да расстройстваў прыёму ежы і схільнасці да наркатычнай залежнасці”.

Кіраўнік даследавання кажа, што група пашырае даследаванне і плануе правесці магнітна-рэзанансную тамаграфію ўдзельнікаў, каб вызначыць адрозненні ў працы мозгу паміж рознымі групамі ў той час, калі яны будуць слухаць прыемную музыку: “Мы лічым, што існуюць адрозненні ў тым, якім чынам аддзелы галаўнога мозгу, што адказваюць за атрыманне асалоды, кантактуюць з іншымі, якія таксама рэагуюць на музыку, такімі як асноўная слыхавая кара галаўнога мозгу ці асацыятыўныя вобласці ў лобнай долі”.

Паводле The Telegraph