Лаўрэат шэрагу прэстыжных міжнародных конкурсаў скрыпач Арцём Шышкоў у інтэрв’ю budzma.org распавёў, чаму дае 30 канцэртаў на год, хаця мог бы 130, па якіх прычынах выбраў Берлін месцам для жыцця, і чаму яго сям’я не можа вярнуцца ў Беларусь.
— Я ведаю, што вы нядаўна вярнуліся з Турцыі. Што вы там рабілі?
— З маёй жонкай мы чатыры тыдні хадзілі па гарах з намётам — па Лікійскім шляху, які цягнецца 540 кіламетраў уздоўж міжземнаморскага ўзбярэжжа і праходзіць па тэрыторыі антычнай Лікіі.
— Вандроўкі — гэта вашае хобі?
— Не тое, каб хобі, але ў пэўныя моманты я адчуваю патрэбу сыходзіць у прыроду, «сыходзіць у лес», каб мець сілы і энергію вяртацца ў грамадства.
— Самыя эказатычныя ці незвычайныя месцы, дзе вы бывалі?
— Магчыма, выспы Флорыш и Корва (Азорскія выспы), самая заходняя кропка Еўропы. На Корва жыве ўсяго каля 300 чалавек у невялічкай вёсцы. Гэта вулканічная выспа з кратарам, у якім ёсць азёры, дзе пасуцца каровы.
Але трэба сказаць, што мне вельмі падабаецца «паўночная» беларуская прырода з яе лясамі. Мы жывем на ўскраіне Берліна, і як толькі ў мяне з’яўляецца вольны час, замест таго, каб ехаць у бары-рэстараны, мы ідзем у процілеглы бок — у лес.
— У сакавіку вам споўнілася 40 гадоў. На якія этапы вы можаце падзяліць сваё дарослае жыццё?
— Хочацца пажартаваць, што першыя 40 гадоў дзяцінства у мужчын — самыя цяжкія. Першым этапам можна назваць жыццё ў Беларусі — вучоба, праца, выкладанне, канцэрты. Я з’ехаў, калі мне было 25-26 гадоў, тады пачаўся другі этап. Спачатку жыў у Вене, дзе працягваў вучыцца, адкуль ездзіў па Еўропе, наведваючы канцэрты і музеі. Затым быў пераезд у Берлін. Гэты этап працягнуўся 5-6 гадоў.
Цяперашні мой перыяд цягнецца ўжо больш за 7 гадоў — з таго моманту, як мы пачалі жыць разам з маёй сяброўкай, маёй жонкай. Гэта была важная мяжа ў маім жыцці. Элаіз з французскай часткі Бельгіі. Яна вельмі творчы і таленавіты чалавек, займаецца мастацтвам і вельмі тонка адчувае яго. Элаіз у глыбокім сэнсе вельмі дапамагае мне — развівацца і жыць.
— Вас называюць зоркай класічнага выканальніцтва...
— ...Калі шчыра, я лічу, што гэта перабольшанне. Нельга сказаць, што ў мяне бліскучая і асляпляльная кар’ера. У пэўны момант я вырашыў, што не хачу кар’еры сусветна вядомых зорак класічнага выканальніцтва, калі трэба граць 150-200-300 канцэртаў на год. Я не вельмі веру ў тое, што магчыма на сапраўдным глыбокім узроўні граць кожны канцэрт, калі трэба рабіць гэта праз дзень. Сёння што найбольш цэніцца? Стабільнасць, як мы бачым па музычных конкурсах, з прысутнасцю мінімальнай музычнасці і артыстызмам.
Таму, паўтару, я вырашыў, што не хачу сабе такога лёсу сусветна вядомага музыкі, хаця мяне з дзяцінства рыхтавалі да яго, прадказвалі бліскучую кар’еру саліруючага скрыпача.
Я вырашыў, што хачу належыць сабе. Няхай у мяне будзе менш канцэртаў, будзе меншы заробак, затое я магу выбіраць тое, што хачу рабіць, дзе і з кім іграць.
Унутраная свабода для мяне важней, чым знешняя, калі пасля ганарараў у 10-20 тысяч можна шмат сабе дазволіць. Хаця мне здаецца, сапраўднай знешняй свабоды насамрэч і не існуе, сапраўдная свабода — унутраная.
Поспеху і славы я не шукаю. Больш за тое, лічу, што гэта небяспечныя рэчы, якія могуць быць шкоднымі для мэты кожнага — стаць Чалавекам, мэты, якую можна называць самарэалізацыяй (у глыбокім сэнсе), Богам ці Абсалютам.
Я веру ў тое, што няма дыстанцыі да Бога. Ён ёсць усюды тут і зараз, пытанне — як зрабіць так, каб мы з ім кантактавалі пастаянна, а не некалькі разоў у жыцці. Парадаксальна, з аднаго боку, шлях да Бога мае працягласць ва ўсё жыццё, а з іншага — няма дыстанцыі да гэтага Абсалюту.
— Колькі вы даеце канцэртаў на год?
— Спецыяльна не лічыў, але наўскідку думаю, каля 30. Не магу дазволіць сабе халтуры. У мяне кожны канцэрт з глыбокімі музычнымі перажываннямі — у незалежнасці ад таго, колькі гледачоў сядзець у залі: дзве тысячы ці восем чалавек.
— Чаму вы працуеце без агента?
— Таму што вельмі цяжка знайсці агента, які не ставіў бы за мэту максімальны прыбытак — без уліку сапраўдных мэтаў мастацтва, як бы пафасна гэта не гучала. Вельмі цяжка знайсці агента, які падзяляў бы мае погляды, які не імкнуўся б эксплуатаваць талент. Які хацеў бы ўзяць 40-гадовага скрыпача, які не імкнецца пабудаваць агульнапрынятую кар’еру. Які не пагаджаецца на кампрамісы з самім сабою: напрыклад, не хоча рабіць рэкламныя відэа для сацыяльных сетак.
Для мяне найбольш цікавыя праекты, дзе я магу праявіць сваю творчую волю. Гэта значыць камерная музыка і сольнае выкананне. Седзячы ў аркестры, якім бы геніяльным ён не быў — з выбітным складам і дырыжорам — трэба выконваць творчую волю дырыжора. Дырыжор — музыкант, а аркестр — яго інструмент. Таму праца ў аркестры даволі хутка ператвараецца ў руціну. Я ж адчуваю, што мне ёсць што сказаць са сцэны, ёсць што даць людзям.
— На якой скрыпцы вы зараз граеце? Што гэта за інструмент?
— У мяне скрыпка італьянскага майстра Джаванні Баціста Габрыэлі, прыкладна 1780 года. Яна належыць маім сябрам, людзям, якія любяць мастацтва і дапамагаюць музыкам. Яны набылі інструмент і далі мне ў карыстанне.
— Колькі каштуе такі інструмент?
— Сотні тысяч еўра. Натуральна, што калі музыкант не з’яўляецца суперзоркай, ён не можа набыць такую скрыпку. З боку мецэнатаў гэта альбо інвестыцыя, альбо спонсарства. Старадаўнія інструменты ў кошце ніколі не падалі, толькі раслі — можна нават сказаць, што гэта больш выгаднае ўкладанне грошай, чым каштоўныя металы. Яшчэ важны момант: інструмент павінен гучаць. Калі яго проста пакласці на паліцу, ён губляе свае
якасці.
— Ці не страшна перасоўвацца з такім дарагім інструментам? Відаць, трэба выконваць нейкія меры бяспекі?
— У мяне ёсць кантракт со страхавой кампаніяй. Ёсць пэўныя ўмовы. Напрыклад, пункт, што я не магу пакідаць скрыпку ў машыне. Калі я кудысьці сыходжу, інструмент павінен захоўвацца выключна ў замкнёным памяшканні.
Калі нешта здарыцца, страхоўка пакрые шкоду. Аднак з часам сэнс красці падобныя рэчы амаль знік. Прадаць такую скрыпку будзе амаль немагчыма: дарагія інструменты знаходзяцца ў каталогах, прадаць іх за вялікія грошы немагчыма без ацэнкі эксперта.
— Што вы думаеце пра сучасную музыку і мастацтва?
— Мне здаецца, мастацтва становіцца менш глыбокім. Знікае адукацыйная функцыя. Любы менеджар ці прамоўтар будзе імкнуцца прадаць як мага больш квіткоў і за большыя грошы, само мастацтва яго ўжо так і не цікавіць. Прыбытак — вось што вырашае, ці будзе праект паспяховым і ці будзе ён увогуле. Усё больш пачынае панаваць пасрэдная поп-культура.
Калі яшчэ ў сярэдзіне і ў другой палове XX стагоддзя прысутнічала адукацыйная функцыя ў кінематографе, музыцы, у выяўленчым мастацтве, то зараз усё вырашаюць рэйтынгі. Людзі ў цэлым выбіраюць тое, што не можа быць выбітным.
Крыніцу мастацтва, мне здаецца, усё больш шукаюць у галаве, форма стала замяшчаць змест. А змест, на мой погляд, павінен ісці, перш за ўсё, з сэрца ці з таго, што пад ім маюць на ўвазе. Неяк забываецца, што чалавек гэта не толькі думаючая, але яшчэ і духоўная істота.
Калі казаць пра апошнія гады, то насталі даволі цяжкія часы. Як сказаў мой сябар, інвестыцыі ідуць у бяспеку, а не ў мастацтва, напрыклад. З-за пандэміі пазіцыі мастацтва былі здадзеныя, і яно не вярнулася на ранейшыя. Публікі на канцэртах стала менш. Зніжаецца і ўзровень увагі да мастацтва з боку прэсы. Таму і выжываць творцам у практычным сэнсе ўсё цяжэй. Што для мастака можа і нядрэнна, з улікам спакусаў.
— Чаму вы выбралі Берлін месцам для жыцця?
— Гэта ён мяне выбраў, а не я яго. Пераехаў з Вены ў Берлін з-за таго, что Lipkind Quartet, удзельнікам якога я быў, перамясціўся ў сталіцу Германіі. Пасля усе раз’ехаліся хто куды, а я застаўся.
Да таго ж у Берліне ў мяне ўзнік эксперыментальны праект, які даў мне права на атрыманне фрылансерскай візы. Да таго ў мяне было шмат пакутаў з візамі. Увогуле быць фрылансерам даволі цяжка — дзе б ты не быў, сістэма не любіць вольных мастакоў. І, нарэшце, трэцяй прычынай, якая прывязала мяне да Берліна, стала тое, што мая будучая жонка таксама жыла ў сталіцы Германіі. Хаця мы думаем пра тое, каб пераехаць. Нягледзячы на тое, што мы жывем на ўскраіне горада, усё роўна пад вокнамі трамваі, аўтамабілі, а мы вельмі цэнім цішыню. І мы вельмі хацелі б жыць дзесьці на прыродзе. Таму шукаем зараз месца (у ідэале — хутар у лесе), дзе можна было б замацавацца. Пакуль што мы не ўпэўненыя нават у краіне. Спачатку думалі пра Беларусь — але здарыўся 2020 год. Пасля глядзелі месцы ў Карпатах — праз пяць месяцаў пачалася вайна. Аднак запыт у сусвет адпраўлены, чакаем адказу, магчыма, гэты дом сам нас знойдзе.
— Якія вы бачыце плюсы і мінусы для жыцця мастака ў Германіі?
— Не магу сказаць, што з’яўляюся экспертам у гэтай тэме. Але калі параўноўваць з Беларуссю, то, безумоўна, тут нашмат больш магчымасцей для рэалізацыі. Не апошнюю ролю адыгрывае дабрабыт грамадства. Калі людзям не трэба штодзень думаць, як зарабіць на хлеб, калі ў іх ёсць час і сродкі, то яны ходзяць на канцэрты і ў музеі. Тое самае з узроўнем даходаў творцаў. Часам я магу некалькі тыдняў правесці дома і развучваць нешта новае. Не думаю, што ў Беларусі ў мяне была б такая магчымасць: трэба было б пастаянна дзесьці працаваць, каб забяспечыць сабе мінімальны ўзровень жыцця.
Падчас пандэміі Германія станоўча вылучылася на фоне іншых краін. Дзяржава выплачвала частку дахода, які быў у дакавідны год. Гэта, натуральна, была вялікая дапамога, бо працы не было зусім — ні канцэртаў, ні ўрокаў.
Зразумела, што ў Германіі няма і быць не можа той цэнзуры, якая ёсць у Беларусі. Калі казаць пра Берлін, так гістарычна склалася, што пасля падзення Берлінскай сцяны гэты горад стаў творчым цэнтрам, дзе асела шмат мастакоў. Хаця цяпер горад становіцца ўсё больш модным і тусовачным месцам, месцам вечарынак, што, мне здаецца, можа паўплываць на статус Берліна як меккі для артыстаў.
— Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?
— У жніўні 2020 года. Я прыехаў, каб паўдзельнічаць у выбарах, і паспеў перад імі з сябрамі правесці тыдзень у сплаве на платах. Мы, я і мая сям’я, удзелічалі ў мірных пратэстах.
З тых часоў я не вяртаўся ў краіну, бо мой кароткатэрміновы візіт можа ператварыцца ў доўгатэрміновы, і ў тых месцах, якіх я хацеў бы пазбегнуць. Мая сястра цяпер знаходзіцца ў статусе бежанца ў Нідэрландах, мая маці таксама не ў Беларусі. У апошні яе выезд у Еўропу да яе дадому ў Мінску прыходзілі людзі ў чорным, яна пабаялася вяртацца.
— Вы знаёмыя з Марыяй Калеснікавай, таксама прафесійным музыкантам?
— Мы не вельмі шмат з ёй камунікавалі, але лічу Машу сябрам. І падчас вучобы мы кантактавалі, і працягнулі камунікацыю, калі абое з’ехалі ў Еўропу. Я спыняўся ў Машы ў Штутгарце, калі яна яшчэ там жыла. З тым вобразам, які малюе рэжым, рэальная Маша не мае нічога агульнага. Маша — найдабрэйшы і жыццярадасны чалавек. Яна заўсёды поўная энергіі, у яе шмат ідэяў. Усміхаецца, смяецца, нешта распавядае, жартуе. Мне вельмі балюча і горка ад таго, што сёння з ёю адбываецца.
Чаму гэтыя «людзі» робяць такія ўчынкі ў адносінах да соцень тысяч сваіх суграмадзян? Не думаю, што яны з’яўляюцца злыднямі. Думаю, яны бліжэй не да іх, а да прыматаў. У іх быццам бы адсутнічае нейкая свядомасць. Яны выкарыстоўваюць зачатак розуму для задавальнення нізінных інстынктаў, для кіравання сваімі дзеяннымі на самым прымітыўным узроўні — каб здабыць ежу, жыллё, партнёра для размнажэння.
Пажадаў бы ўсім помніць пра тое, што мы ўсе павінны станавіцца Людзьмі, помніць пра тое, што нельга станавіцца падобнымі да іх — інакш гэта будзе іх перамога. І вельмі важна ерыць: уяўленне і вера пры добрай волі робяць цуды.
Антон Навумчык, budzma.org
Фота і відэа з афіцыйнага сайта і сацсетак Арцёма Шышкова
Чытайце яшчэ:
Кампазітарка Вольга Падгайская: «Калі на рэпетыцыях на трагічнай музыцы палова каманды плача, значыць, спрацавала»