Такім вершаваным радком пачаў учора свой выступ перад студэнтамі філалагічнага аддзялення Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту паэт Леанід Дранько-Майсюк. Сустрэча праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Апошні раз у Брэсце паэт выступаў у 2005 годзе. За гэты час ён паспеў напісаць дзве новыя кнігі. Першая называецца “Кніга для спадарыні Л…”( яна існуе пакуль што толькі ў рукапісным варыянце), другая – кніга для дарослых і дзяцей з інтрыгуючай назвай “Цацачная крама”. Вось з яе і чытаў свае вясёлыя вершы для землякоў “давыдгарадоцкі” майстар слова. “Калі б не паэзія Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа, якую я чуў з вуснаў маці ад малых гадоў, я мог бы стаць багатым “мешчанінам” у давыдгарадоцкай кветкавай гільдзіі, а так я стаў самым багатым на вершы пра каханне беларускім паэтам…”, падсумаваў свой выступ Леанід Дранько-Майсюк.
Узнёсла і запамінальна выступіў паэт-бард Эдуард Акулін. Сведчаннем ягонага поспеху была доўгая чарга студэнтак па аўтограф і пацалунак ад “барда кахання й пачуцця” на памяць аб доўгачаканай сустрэчы. Сустрэча, дарэчы, як і тры гады таму, зноў адбылася ў славутай аўдыторыіі Уладзіміра Калесніка.
Другое спатканне мінскія паэты ладзілі ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Тут, дзякуючы загадчыцы бібліятэкі Святлане Мікалаеўне Сямашка, загадзя была падрыхтаваная ўнікальная кніжная выстава з творамі і публікацыямі Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна. Паслухаць “сталічных мэтраў” (так паэтаў прадставіла гаспадыня бібліятэкі) прыйшлі студэнты Брэсцкага чыгуначнага каледжа і навучэнцы Брэсцкага ліцэю сувязі.
А 17 гадзіне паэтаў чакалі вучні Астрамечаўскай сярэдняй школы, што месціцца непадалёк ад Белавежскай пушчы. Актуальнымі тут былі “Песенька беларускага зубра” і “Песенька галоднага ваўка”, якія разам з астрамечаўскімі навучэнцамі праспяваў Эдуард Акулін.
Паэтаў праважалі са шчырымі падзякамі і надзеямі на хуткую сустрэчу.
На здымках:
1. Леанід Дранько-Майсюк : “Мы не бачыліся цэлае каханне…”
2. Пушкін таксама не супраць паслухаць беларускую песню…
3. Пад час выступу ў Астрамечаўскай СШ.
Тэгі: Берасце