Падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў да нашага курса даходзілі размовы пра “рамантычныя стасункі” паміж выкладчыкамі і студэнткамі. Тады, здаецца, ніхто не задумваўся пра тое, што гэта можа пярэчыць этыцы: усе ж дарослыя. Сітуацыя цалкам адпавядала міфам, што пануюць у артыстычных колах, і спісвалася на чыста чалавечы чыннік — “людзі ёсць людзі”. Мы былі далёкія ад думак пра ўладныя дачыненні і сістэмную дыскрымінацыю, пра тое, што “рамантыка” ў сітуацыі, дзе адзін бок займае ўладную пазіцыю, а другі — залежную, рэдка заканчваецца нечым добрым. І няважна пра якую іерархію вядзецца гаворка — унутры інстытуцыі альбо паміж прафесій, сутнасць адна.
Каб пазбегнуць дэманізацыі, я ўсё ж дадам, што тады нічога не чула пра дамаганні альбо гвалт. Аднак “справа Вайнштэйна” прымусіла наноў задумацца пра (не)галосныя правілы, якімі прасякнутыя творчыя асяродкі. Гісторыя, што пачалася ў Галівудзе, актуалізавала пытанні прафесійных і асабістых стасункаў, “мяжы дазволенага” і рэсурсаў, якімі валодаюць гульцы аднаго поля.
Па слядах гучнай гісторыі беларускія журналісты і журналісткі спрабуюць узяць каментар мясцовых творцаў, але за рэдкім выключэннем атрымліваюць адмову за адмовай. Чаму? Хіба ў нас адно прыгожыя раманы і ўзнёслыя тэатральныя казкі? Малаімаверна. На жаль, гэта ўсяго толькі сведчыць, што тут і цяпер немагчыма сказаць нічога з асабістага траўматычнага досведу. А каб распавесці пра перажыты гвалт, патрэбная ўнутраная сіла, (больш) бяспечная прастора і спадзеў на тое, што цябе пачуюць. Спагада, а не агрэсіўныя каментары ды недаверлівыя пытанні. Замест пералічанага мы маем атмасферу, працятую з’едлівымі заўвагамі і ўсё тым жа спрадвечным “сама вінаватая”. А непасрэдна з боку творчай супольнасці — публічная цішыня альбо конкурс на самы няўдалы “жарт”.
Пра тое, што часам адбываецца ў нашым мастацкім асяродку, выдатна распавядае праца Алесі Жыткевіч “Натура”. Яна складаецца з дакументальных гісторый пра дамаганні, неэтычныя прапановы і паводзіны сэксуальнага кшталту з боку выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў. Што да тэатра і кіно, дык тут па-ранейшаму пануе патрыярхат і стройны гендарны парадак. На рэжысёрскім факультэце нязменна жаляцца, што да іх паступае занадта шмат дзяўчат. На акторскім пяюць пра хараство і талент. Аднак, здаецца, пра хараство, пераважна жаночае, усё ж болей. Акцэнт на “нарматыўнай” знешнасці (“дзяўчаты мусяць выглядаць як дзяўчаты”) пачынаецца з адукацыі і працягваецца потым у прафесійным полі. Вось як згадваюць свае ўступныя экзамены абітурыенткі тэатральнага факультэта:
Я зайшла , і адразу не было такога — вось чытайце нешта, а адразу:
— Ну, так, прыгожая, сімпатычная. А колькі вам гадоў?
— 17, — гавару.
— А які ў вас рост?
— Метр шэсцьдзесят два.
— Ну, канечне, малавата, хацелася б, каб вы былі вышэйшая. Ну ладна, давайце, што вы там хацелі прачытаць.
“Мне нічога не казалі, — працягвае яе каляжанка, — але вось дзяўчаты распавядалі, што іх папросту ў шэраг паставілі і выбіралі, хто прыгожая, а хто не. Ім казалі: “Вось ты прыгожая, а ты — не. Навошта табе быць акторкай?”.
Факусаванне на знешнім выглядзе рэпрэзентуецца як “натуральная” з’ява, абумоўленая патрэбамі прафесіі. Сапраўды, калі мы паглядзім, што прапаноўваюць нам “відовішчныя мастацтвы”, то ўбачым: чым далей, тым болей жанчыны ў кіно і на сцэне сэксуалізуюцца і аб’ектывізуюцца. Але пачакайце, ці было калі інакш? Тут яшчэ можна прыгадаць славутае выказванне пра тое, што “рэжысёр мусіць быць закаханым у акторку, інакш кіно не атрымаецца”.
Мова і культура цесна павязаныя. Напрыклад, панятак “харасмэнт” мае дакладнае значэнне і межы. Юрыдычны слоўнік нам гаворыць пра парушэнне недатыкальнасці прыватнага жыцця пераследам (тэлефанаваннямі, лістамі, высочваннем і інш.) і што здзяйсняецца ён звычайна з сэксуальнымі матывамі. А вось наш мясцовы аналаг — “дамаганні” альбо нават “сэксуальныя дамаганні” — трапляе ў шэрую зону як нашага заканадаўства, так і разумення. Мы тут, здаецца, яшчэ не вельмі разабраліся з тым, што ёсць гвалт. Напрыклад, тэлевядоўца Сяргей Філімонаў лічыць, што “дапамагчы памастурбаваць” таленавітаму чалавеку — гэта нармальна. Сапраўды, няўжо Гвінэт Пэлтраў, Анжаліне Джалі ці яшчэ каму шкада?
Гвалт трымаецца на дзвюх рэчах — беспакаранасць таго, хто яго ажыццяўляе, і навязаны пацярпелым сорам і пачуццё віны. І тут ужо няважна, пра што гаворка, пра армію, спорт альбо Галівуд. “Культура гвалту” вучыць: будзеш паводзіць сябе правільна — з табой не здарыцца нічога дрэннага. Не насі кароткае, заўсёды заставайся стрыманай і ветлівай, усміхайся, не хадзі поначы, не правакуй, не сустракайся з незнаёмымі мужчынамі, не сустракайся з мужчынамі. Дагэтуль можна пачуць вельмі шмат парадаў, як пазбегнуць непрыемных сітуацый, але ёсць толькі адна, што сапраўды працуе: хочаш пазбегнуць гвалту — не чыні яго.
Таня Сяцко