Не сакрэт, што мастацтва — гэта не толькі класічныя пейзажы і нацюрморты. Калі ў пазамінулым стагоддзі развагі выключна пра ўзнёсласць, самабытнасць і патэтыку былі актуальнымі, то сёння наперад выходзіць сацыяльна-палітычны патэнцыял творчасці. Сучаснае мастацтва імкнецца размаўляць пра змены, якія адбываюцца ў нашым жыцці, уплываць на рашэнні, што прымаюцца на дзяржаўным узроўні, рэагаваць на несправядлівасць і дыскрымінацыю. Прапануем вам паглядзець, як беларускія мастакі і мастачкі працуюць з гендарнай тэматыкай.
З серыі “Inciting Force”. Жанна Гладко
Серыя фотаздымкаў, дзевяць аўтапартрэтаў і адзін партрэт — адмысловы працяг праекта “Inciting Force”(“Правакуючы сілу”), які быў прэзентаваны ў 2012 годзе. Тады, у межах персанальнай выставы, Жанна Гладко даследавала дачыненні са сваім бацькам. Цяпер жа яна звяртаецца да стэрэатыпаў, сфармаваных вакол паняткаў прыгажосць і сэксуальнасць. Прымяраючы на сябе розныя вобразы, мастачка разважае пра тое, як культура, рэлігія, грамадства канструююць вобраз жанчыны. Тое, што тэарэтыкі называюць “мужчынскім поглядам”, Жанна Гладко прысвойвае і адаптуе пад свае мастацкія патрэбы. Праз стварэнне амбівалентных вобразаў — “грэшніца”, “глянцавая красуня”, “д’ябаліца” — яна адмаўляе татальнасць патрыярхату і пазбаўляе яго права вызначаць сэнсы.
Сама мастачка так гаворыць пра серыю: “Гэта спроба даследавання ролі і месца жанчыны ў сістэме патрыярхальнага грамадства, дзе жанчына разглядаецца з пазіцыі Іншага ці меншасці, займае ролю пасіўнага аб’екта, “загадкавага, сэксуальнага і прыгожага”, а мужчына лідзіруе ва ўсіх сферах, з’яўляючыся дзейным, актыўным і паспяховым суб’ектам”.
“Маці-гераіня”. Антаніна Слабодчыкава
Працы Антаніны Слабодчыкавай — гэта заўсёды прастора асабістых знакаў і сімвалаў. Цялеснасць, сэксуальнасць, персанальныя страхі і фобіі — тэмы, якія так ці іначай з’яўляюцца ў яе працах. Праз даследаванне ўласнага “я” мастачка робіць бачным вопыт, які ў межах “высокага” мастацтва застаецца на маргіналіях альбо зусім па-за рэпрэзентацыяй.
Калаж “Маці-гераіня” — своеасаблівы адказ на сучасныя маральныя панікі і заклікі дзяржавы “нараджаць болей”. Іранічны вобраз дапаўняе надпіс: “Мадонна Люба гуляла па лесе, пад кустом знайшла сабе мужа, нарадзіла шмат шчаслівых дзяцей. Потым атрымала ордэн. Потым памерла”. Праца падкрэслівае двайныя стандарты і сацыяльныя клішэ, якія акаляюць мацярынства. Мастачка змяшчае ў калаж уласны партрэт і каляндарны лісток. На ім дзень 1 траўня — свята і гімн працы — праілюстраваны пры дапамозе рэнесанснай Мадонны ў атачэнні немаўлят. Так, “жаночая” праца не ведае адпачынку…
“Натура”. Алеся Жыткевіч
“Натура” з’явілася ў межах выставы “Дыплом”, што адбылася ў Галерэі “Ў” у 2015 годзе. Выстава была прысвечаная праблемам мастацкай адукацыі і прапаноўвала паразважаць над трывалымі міфамі пра духоўнасць і геніяльнасць, якія дагэтуль у межах афіцыйных інстытуцый разглядаюцца як адзіна магчымыя “вечныя каштоўнасці”. Тое, што найбольш ігнаруецца, — гэта непасрэдная сувязь паміж арт-прасторай і сацыяльна-палітычнным вымярэннем нашага жыцця.
Відэа Алесі Жыткевіч, апярэдзіўшы акцыю “Я не баюся сказаць”, пачынае вельмі няпростую размову пра гвалт, з якім жанчыны сутыкаюцца ў творчым асяродку. Праз гісторыі студэнтак Акадэміі мастацтваў мы даведваемся пра дамаганні, неэтычныя прапановы і паводзіны сэксуальнага кшталту з боку выкладчыкаў. Працу ўзмацняюць цытаты накшталт “Дрэнная тэндэнцыя, што на мастацкі факультэт стала паступаць шмат дзяўчат”. Вымалёўваецца трывожная атмасфера небяспечнай рэчаіснасці, дзе замест адэкватнай адукацыі, замест парады па кампазіцыі альбо жывапісе ты часам неспадзявана можаш пачуць, што “сэкс — гэта лагічная выснова нашых узаемаадносін”. А вы кажаце, роўныя правы і магчымасці…
“Кухонны стол” (“Молі”). Сяргей Шабохін
Свабода і падпарадкаванне, (не)нарматыўнасць, нябачная гісторыя часцяком трапляюць у фокус увагі Сяргея Шабохіна. Ён рэфлексуе над сістэмай культуры і гісторыяй мастацтва, займаецца тэмамі публічнай прасторы і ролі сучасных музеяў.
Беручы ўдзел у выставе “Фемініцкая (art) крытыка”, адзіны мужчына-мастак стварае “нябачнае” выказванне. Аб’ект “Кухонны стол” (“Молі”) уяўляе сабой уласна стол, накрыты цыратай з выявамі транс*чалавека. Праца наўмысна не была пазначаная як “твор мастацтва” і праз гэта да апошняга не разглядалася ў якасці часткі экспазіцыі. Нават болей: падчас выставы і шматлікіх мерапрыемстваў у яе межах “Кухонны стол” выкарыстоўваўся па сваім побытавым прызначэнні. З аднаго боку, трапляючы ў пастку прыватнага, “твор мастацтва” папросту не распазнаецца і страчвае свой сакральны статус. З другога, праца прымушае нас задумацца пра нябачную хатнюю руціну, якая таксама нярэдка застаецца незаўважанай і недаацэненай.
“Queer Belarus”. Група “Бергамот”
Гендарныя матывы неаднойчы з’яўляюцца ў творчасці групы “Бергамот”. У цыклах “Арганічнае жыццё” і “Арганічная праца” мы знойдзем перформансы, у якіх Вольга Маслоўская і Раман Трацюк асэнсоўваюць тэмы знешняга і ўнутранага гвалту, дэканструююць знакі “жаночага” і “мужчынскага”, выпрабоўваюць межы, што злучаюць мастацтва і паўсядзённае жыццё.
У 2010 годзе група “Бергамот” абвяшчае конкурс на стварэнне сцэнару чарговай акцыі. На гэты запыт адгукаецца куратар выставы ARS HOMO EROTICA Павел Ляшковіч. Ён прапануе даследаваць сітуацыю з правамі геяў і лесбіек у Беларусі, пазнаёміцца з гісторый руху за роўнасць і стварыць відэаперформанс у выглядзе праграмы беларускага тэлебачання. Як вынік мы маем магчымасць пазнаёміцца з працай “Queer Belarus”. Перформанс утрымлівае хроніку культурнага жыцця, архіўнае відэа і распавядае кароткую гісторыю беларускага ЛГБТ-актывізму.
Таня Сяцко для budzma.by