Нобелеўскі камітэт сёлета здзівіў непадрыхтаваных грамадзян, уручыўшы прэмію па літаратуры вялікаму амерыканскаму спеваку Бобу Дылану. Budzma.by звярнулася да калекцыянера і спецыяліста па творчасці Дылана Германа Лубанскага, каб разам высветліць, у чым феномен легендарнага чалавека з гітарай, які, дарэчы, дагэтуль не выйшаў на сувязь з Нобелеўскім камітэтам.
– Насамрэч гэта прэмія амерыканскай манеры напісання песняў, – кажа спадар Герман. – Заўважце, ніякай рэакцыі ад самога лаўрэата няма да сёння. Мы маем справу з вельмі закрытым чалавекам, міфы і легенды пра якога ледзь не пераважаюць рэальна вядомыя факты. У 70-х гадах у адным часопісе выйшла карыкатура – Боб Дылан з крыху ссунутай чарапной каробкай і подпісам: “Я не хачу ведаць, што адбываецца ў вашых мазгах, навошта вы так імкняцеся зразумець, што адбываецца ў маіх?” Па вялікім рахунку, нам проста застаецца слухаць тое, што ён робіць.
Спадар Герман пачаў збіраць запісы Боба Дылана ў 1991 годзе – цяпер ягоная калекцыя налічвае больш за 4000 бутлегаў (запісаў, якія не выходзілі афіцыйна). Каб зразумець сэнс прэміі, спадар Лубенскі прапануе паглядзець на гісторыю дыланаўскай эвалюцыі.
– Дылан з’явіўся ў Нью-Ёрку ў 1961 годзе, тады на яго моцна ўплывалі Вудзі Гатры, Хэнк Уільямс, а таксама шмат блюзавых выканаўцаў. Дылан убіраў у сябе амерыканскі фолк, спяваў на канцэртах у асноўным чужыя песні – не быў упэўнены, што свае спрацуюць. І толькі ў 1962 годзе, калі збіраўся матэрыял на другі альбом, Дылан пачаў запісваць уласныя песні. Альбом Freewheelin’ Bob Dylan адразу ж стрэліў, паўплываў на шматлікіх музыкаў, у тым ліку на The Beatles – Дылану нічога не заставалася як працягваць пісаць уласны матэрыял.
Перыяд 1961–1964 – гэта цалкам фолк, а ўжо ў 64-м Дылан імкнецца змяніць гукавую палітру, стварыць тое, што сам называе “Тонкі ртутны гук” – сумесь цягучага року і жорсткага рок-н-ролу. Перыяд 65–66 – наймацнейшы: вялікая электрычная трылогія, першы ў гісторыі падвойны альбом (Blonde on Blonde). Гэты перыяд скончыўся матацыклетнай аварыяй, пасля якой Дылан пачынае жыць пустжльнікам і бярэ доўгую паўзу. За той час, пакуль Дылан адсутнічае ў публічнай прасторы, ён стварае The Basement Tapes – запісы ў сутарэннях уласнага дома, куды ўваходзяць не толькі ягоныя песні, але і кантры і фолк. Гэтыя запісы доўга былі аб’ектам палявання для калекцыянераў і цалкам выйшлі толькі два гады таму.
У 1967-м з’яўляецца альбом John Wesley Hardin’, які зноў фіксуе дыланаўскія змены – мінімальны гук, чысты рытм і фокус на лірыцы, тое, што пасля стане кантры-рокам.
У 1970 Прынстанскі ўніверсітэт уганараваў Дылана званнем доктара музыкі, сам Боб на цырымоніі выглядае нягегла – быццам не разумее, навошта ён сюды трапіў. Паралельна гуляецца з кантры. Тут важна заўважыць, што галоўная рыса Боба Дылана як творцы – спантаннасць, ён злёту стварае песні, такі сабе аўтыст.
Да 74-га года – ізноў вялізная паўза, пасля якой аматары пачынаюць запісваць кожны ягоны канцэрт – зразумець, куды рухаецца Дылан, без гэтага амаль немагчыма: інтэрв’ю ён не дае, ніякай інфармацыі пра яго, апроч той, што ледзь не па сметніках ля дыланаўскага дома збіраюць прыхільнікі, няма.
Наступны перыяд – легендарныя альбомы Blood on Tracks і Desire пішуцца ў рэкордныя тэрміны, Дылан сістэматычна перазапісвае песні, на альбомы трапляюць не заўжды самыя ўдалыя версіі, а часам не трапляюць і вартыя песні. На Desire Дылан плануе запісаць духавую секцыю, мандаліну і гітару (нават ангажуе Эрыка Клэптана), але на выхадзе з сола-інструментаў на альбоме – толькі скрыпка ды гармонiк.
Дылан мяняе гучанне і музыкаў увесь час. У канцы 70-х у яго ўзнікаюць сямейныя праблемы, з якіх ён выходзіць з альбомам Slow Train Coming – нечакана, на ім запісаная музыка ў стылі госпел, негрыцянская духоўная музыка, што праўда, уласнага сачынення.
У 80-я Дылан працягвае змяняцца, ізноў выпускае альбомы, на якія не трапляюць вельмі вартыя таго песні – тлумачэнняў гэтаму няма. Урэшце у 88-м Дылан выпраўляецца ў тур, які доўжыцца да сённяшняга дня, ён мае назву Never Ending Tour і ніяк не прывязаны да выхаду альбомаў. За гэты час Боб запісвае альбомы фолк-песняў, эксперыментуе з аркестрамі, стварае яшчэ адну наймацнейшую трылогію, вяртаецца да каранёў, запісвае альбом калядных песняў, і за апошнія два гады – песні Фрэнка Сінатры.
Чаму важна ўсё гэта зразумець? Цягам жыцця Дылан прапускае праз сябе ўсю амерыканскую музыку, пачынаючы ад фолку і поп-джазу, да новай хвалі (было і такое) і рок-н-ролу – у прынцыпе, Дылан, пры ўсёй закрытасці, з катэгорыі душы. Рок-музыка – гэта, груба кажучы, душа, у Дылана ж дадаецца катэгорыя галавы. Сакратар Нобелеўскай прэміі не дарма падкрэсліла, што гаворка ідзе пра узаемадзеянне тэксту і музыкі.
– Дылан міфалагічны і рэальны – гэта, скажам так, не адно і тое ж. Як так магло атрымацца?
– У 1970-я быў такі праграміст Уэберман, які літаральна шукаў па сметніках ля дома Дылана ўсё, што тычыцца творчасці. Я пра гэта казаў – было вельмі мала інфармацыі. Так стваралася вялікая база – нейкія выказванні, урыўкі вершаў ці песняў, а кожны надаваў ім ужо сваё значэнне. Далей – болей. З’явіліся цэлыя даследаванні па Дылане. Дылан жа ніколі нічога не адкідваў і супраць такіх інтэрпрэтацый не быў.
– Такое адчуванне, што яго гэта не моцна цікавіла.
– Менавіта. Яўген Еўтушэнка, калі абвясцілі пра прэмію Дылану, назваў яго “дысідэнтам, творчасць якога стала класічнай”. Была гісторыя, калі Андрэй Вазнясенскі і Яўтушэнка прывезлі Дылана ў Маскву ў 85-м годзе, ён праспяваў тры песні на стадыёне для людзей, якія былі не ў курсе, хто гэта і што гэта за песні. Дылан вельмі расстроіўся і да 2008-га не ездзіў у Расію, а калі прыехаў, то не стаў мяняць праграму пад Greatest Hits, як шмат хто робіць. Адыграў тое, што і ў апошнім туры. Вельмі паказальная гісторыя.
– Дарэчы, у нашым рэгіёне Дылан –музыка не з першай катэгорыі, то бок у яго няма папулярнасці, якая ёсць у The Beatles ці Deep Purple. Як магло так атрымацца?
– Моўны бар’ер. Пры гэтым савецкія рок-класікі – Грабеншчыкоў, Майк Навуменка, часткова Макарэвіч – карысталіся дыланаўскімі напрацоўкамі вельмі актыўна. Часам проста перакладалі. З іншага боку, той самы Грабеншчыкоў рабіў хутчэй сэнсавыя падрадкоўнікі, якія мелі спасылкі на нешта з Дылана. Сам Боб такім таксама займаўся неаднаразова – падкрэсліваў моманты, якія лічыў найбольш важнымі. Магчыма, нездарма адзін з ягоных альбомаў называецца “Каханне і крадзеж”.
– І ўсё ж такі цяпер абмяркоўваецца пытанне, лічыць Дылана літаратарам ці не…
– У Дылана ёсць тры кнігі: эксперыментальны раман “Тарантул”, аўтабіяграфія “Хронікі” і зборнік песняў. Ну, яшчэ альбом мастацкіх твораў – калі Дылан спрабаваў сябе ў якасці мастака. Але, падкрэслю, гэта прэмія не за літаратурныя заслугі. Гэта прэмія за спалучэнне паэтыкі, музыкі і амерыканскай культуры агулам. Калі апошні пункт некаторых засмучае, то згадаем, што Шолахаву далі прэмію за тое, што ён паказаў асаблівасці рускай культуры. У Пастарнака – асаблівасці жыцця менавіта ў Расіі, а не дзе– небудзь яшчэ. За культуру, канкрэтную культуру, з сукупнасці якіх і складаецца агульнасусветная.
– А вось ёсць яшчэ меркаванне, што Дылана лепей слухаць не ў арыгінале, а ў каверах.
– Як на мяне, і тое, і тое – добра. У каверах ёсць іншыя фарбы, бо Дылан выступае як носьбіт ідэі, а ідэя апрыёры не можа быць закончанай. Нават праграмісты, якія пішуць код, не ведаюць, якім ён будзе на выхадзе – аптымізуюць яго. Дылан жа такім не займаецца – яго цікавяць ідэі і толькі ідэі. Толькі ў гэтым плане яго можна назваць перфекцыяністам.
– Ці існуе нейкі спосаб адкрыць для сябе Дылана?
– Надзвычай складанае пытанне. Апроч Дылана я вывучаю амерыканскую музыку, вось, напрыклад, Хэнк Уільямс, які моцна паўплываў на Дылана. Надзвычай цікавы лёс – чалавек памірае 1 студзеня ва ўзросце 29 гадоў, па дарозе на канцэрт. Калі глядзець павярхоўна, то Уільямс – гэта звычайныя кантры-стандарты, няма чаго там лавіць. Але, напрыклад, па адным з кантрактаў Уільямс працаваў на радыёперадачы, сутнасць якой была ў продажы мукі. Сельскагаспадарчая перадача. Паралельна там былі нейкія скетчы невялікія, навіны сельскай гаспадаркі, якія разбаўляліся песнямі. Калі слухаеш гэтыя перадачы, трапляеш у такі сабе мікрасвет і пачынаеш усё гэта ўспрымаць на ўзроўні душы, знаходзіць нешта агульнае: недзе там у Штатах нейкая сельгасперадача, дзе Хэнк спявае свае песні. У гэтым няма ні кроплі штучнасці. Пры гэтым самыя сумныя песні ён спявае ў мажоры – цікавы прыём. І гэта мы кажам толькі пра аднаго выканаўца, творчасць якога праз сябе прапусціў Дылан, а такіх было надзвычай шмат.
– Добра. Але калі чалавек захоча даведацца, хто ж такі гэты Боб Дылан і што ён напісаў апроч Knockin’ on Heaven’s Door, з чаго варта пачаць?
– Класічная трылогія 60-х: Bringing It All back Home, Highway 61 Revisited і Blonde on Blonde. Там ёсць усё – ад фолку і рок-н-ролу да факстроту і маршаў. Калі зачапіла, можна зладзіць глыбокае пагружэнне: The Basement Tapes. Але галоўнае прыслухацца сэрцам – калі нічога не адгукнулася, то не трэба працягваць, навошта? А калі адчулі, што “нешта ў ім ёсць” – вось тады вывучаць дыланаўскую музыку, а таксама храналогію вам будзе вельмі цікава.