«Цяпер дзецям будзе прасцей разумець хімію». На ютубе з’явіўся канал пра хімію па-беларуску

Выдатная навіна для ўсіх, каму бракуе беларускамоўнага кантэнту. Новы карысны і пазнавальны ютуб-канал пра хімію па-беларуску пад назвай «Янахімічыла» абяцае дадаць і карысных ведаў, і добрага настрою.


У першым выпуску можна знайсці інфармацыю пра тое, як палепшыць смак кавы і што з навуковага пункту гледжання ўплывае на смак улюбёнага напою.

На канале пакуль толькі адно відэа, але каментары ад гледачоў вельмі пазітыўныя. Да прыкладу, пішуць:

«Толькі не спыняйцеся, вельмі прыемна чуць родную мову»;

«Ваў, сяджу, пʼю свой тры ў адным і проста тану ў падрабязнасцях. Дужа займальна распавяла, чакаю працягу».

«У нас такіх хімічак не было ў школе) Яна, добры якасны кантэнт. Цяпер дзецям будзе прасцей разумець хімію з гэтым каналам».

Насамрэч, канал будзе цікавы і карысны не толькі дзецям, але і дарослым.