Праект «Народная аўдыёкніга» набірае жадаючых для запісу новага твора

Калі вы хацелі паўдзельнічаць у агучванні аўдыякнігі, то вось цяпер — той самы чаканы момант. Праект «Народная аўдыёкніга» абвясціў аб наборы жадаючых для запісу чарговага твора.

Zrzut ekranu 2023-10-7 o 16.16.21.png


«У мінулым годзе разам з вялікай камандай (больш за сто ўдзельніц і ўдзельнікаў) мы запісалі аўдыёверсію кнігі „Мова 404“ Аліны Нагорнай. Праект стаў паспяховым. Заяўкі далучыцца мы атрымлівалі яшчэ доўгі час пасля рэлізу. Таму вырашылі ісці далей: мы распачынаем прыём заявак на ўдзел у запісе наступнай кнігі», — адзнаюць аўтары праекта.

Хто гэта робіць?

Праект audiobooks.by, выдавецтва «Скарына», пры ўдзеле выдаўніцы аўдыякніг акторкі Крысціны Дробыш.

Якую кнігу будуць запісаць?

Гэтым разам ўзяліся за анталогію беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Ейная прэзентацыя адбылася на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 7 кастрычніка 2023 года.

Чаму гэтая кніга?

«Прыйшоў час запытаць, чаму традыцыйна лічыцца, што беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і прыроды, а хутчэй бездапаможная і стэрыльная ў апісанні цялеснасці, сексуальнасці і інтымнасці? Беларуская квір-літаратура ўжо робіць свае першыя крокі і гэта — цікавая і важная з’ява», — пішуць аўтары праекта ў прэс-рэлізе.

«Літаратура і мова, здольныя казаць пра ўсе і любыя праявы жыцця — багатыя, з пачуццём уласнай годнасці. Менавіта такой — разнастайнай, адкрытай і захапляльнай — я хачу бачыць беларускую літаратуру. І на такой — жывой — мове хачу размаўляць», — адзначае кіраўнік выдавецтва «Скарына» Ігар Іваноў.

Аўтар ідэі запісу кнігі, стваральнік і кіраўнік праекту audiobooks.by Мікіта Белаглазаў адной з прычын выбару кнігі называе жаданне разварушыць аўдыёкніжную і культурную нацыянальную прастору незвычайным і, магчыма, спрэчным праектам: «Быць геем — натуральна, як і быць гетэра ці мець зялёныя вочы», — сцвярджае Белаглазаў.

«Надышоў час беларускай літаратуры расплюшчыць вочы на саміх сябе і свет, не хавацца ад шматлікіх праяваў жыцця і не займацца маралізатарствам. У нашай літаратуры цягам стагоддзяў назбіраліся цікавыя тэксты, якія ігнараваліся і не папулярызаваліся толькі таму, што ўздымалі тэму „забароненага“ ці „хворага кахання“, як часта называлі гомасексуальнасць», — кажа рэдактар анталогіі Уладзіслаў Гарбацкі.

На выданне папяровай версіі анталогіі быў абвешчаны збор сродкаў, які прайшоў паспяхова. На думку аўтараў праекта, гэта падкрэслівае надзённасць абранай тэмы і гатоўнасць грамадства чытаць і размаўляць пра яе.

Як узяць удзел?

Для ўдзелу запоўніце форму для заяўкі, далучыце да яе тры аўдыяфайлы (тэксты для чытання на выбар). Запіс можна зрабіць на звычайны дыктафон у тэлефоне.

Рэдактары праекта адбяруць колькі ўдзельнікаў і ўдзельніц, з якімі пачнёцца непасрэдны запіс. «З імі будзе працаваць прафесійная каманда рэдактараў, гукарэжысёраў і актораў. Мы дапаможам выправіць памылкі і недахопы маўлення, і падцягнуць якасць запісу», — абацаюць аўтары праекта.

Напрыканцы запісаная разам аўдыёкніга будзе выдадзеная бясплатна на падкастах і ў крамах.

 Паўдзельнічаць у запісе аўдыякнігі можа кожны незалежна ад узросту, валодання беларускай мовай і наяўнасці адпаведнага досведу!

Форма для заяўкі і кароткая інструкцыя па спасылцы. Заяўкі прымаюцца да 1 лістапада 2023 года.