Цікавая навіна: школьнікі парвалі білеты па гісторыі Беларусі і выклалі гэта ў Цік-Ток. Што было далей, ведае кожны беларус. Іх вымусілі выбачацца на камеру і ўскласці кветкі да помніка Перамогі. Мараль зразумелая — нельга здзекавацца з каштоўнасцяў краіны нават, калі гэтыя каштоўнасці з душком. Якія высновы можна зрабіць з гэтай сітуацыі? Разважае Ганна Златкоўская.
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву
Безумоўна, я таксама лічу, што ёсць рэчы, якія трэба паважаць. Напрыклад, плявацца ці кідаць недакурак у вечны агонь — так сабе справа.
Але сёння ў Беларусі ўлада вельмі пільна сочыць за кожным грамадзянінам і пазбаўляе кожнага любога самавыяўлення. І зусім нейкія нездаровыя адносіны да дзяцей ды падлеткаў.
Хаця відавочна, што рэжым баіцца моладзі, бо ёй так проста хлусню пад выглядам павідла не прадасі, маладыя людзі ўсё бачаць і ўсё разумеюць.
Нельга схаваць рэпрэсіі, бо ў кагосьці з сяброў ці аднакласнікаў тата альбо мама ў турме. Нельга схаваць недахоп настаўнікаў ці лекараў у школах ды шпіталях, нельга рабіць выгляд, быццам Беларусь — развітая краіна, калі зусім побач у Еўрасаюзе дзеці бачаць, колькі свабоды ў іх аднагодкаў. Тым не забараняюць ружовыя колеры валасоў, яны спакойна дыскутуюць з настаўнікамі, і гэта нават падтрымліваецца, бо як інакш сфарміруецца незалежная асоба? Ну, і галоўнае — гэтыя дзеці ведаюць, што за палітычныя погляды іх ці іх бацькоў нікога ў турму не адправяць.
Крыніца: radomira.ru
Рэжым ніяк не зразумее, што страх, хоць і моцная зброя, але немагчыма сілай прымусіць людзей цябе любіць. Незадаволенасць і крытычны погляд на тое, што адбываецца зусім побач, усё роўна аднойчы ператворацца ў моцны выбух.
2020 узнік не на пустым месцы. Беларусы стаміліся ад улады, якая толькі робіць выгляд, што клапоціцца пра сваіх грамадзян. Гаварлівы «прэзідэнт», які ўдае з сябе простага мужыка, на самой справе жыве ў рэзідэнцыях, носіць дарагое адзенне і лятае на ўласным верталёце. Яго не турбуе, колькі каштуюць лекі ў аптэцы, колькі звычайны пенсіянер можа сабе дазволіць купіць ежы ды адзення, чаму далёка не кожны з іх дазваляе сабе з’ездзіць на мора. Ён не бачыць, наколькі доўгай можа быць чарга ў паліклініцы да доктара, і нават не бачыць стан доктара, які павінен надаць увагу кожнаму пацыенту.
Яму пляваць на якасць адукацыі, таму што галоўнае для яго — каб дзеці раслі паслухмянымі абыякавымі салдатамі. Але куды дзець дзіцячыя мары? Пра тое, каб бачыць свет, каб зарабляць добрыя грошы, каб адчуваць сябе ўпэўнена кожны дзень?
Маёй сяброўцы спатрэбілася толькі адзін раз убачыць і даведацца, як яе сына прэсавалі настаўнікі за тое, што ён адмовіўся спяваць гімн у школе, каб забраць яго не тое што са школы, а з краіны і назаўжды з’ехаць у Еўропу.
Ніводны нармальны бацька не хоча, каб ягонае дзіця расло ва ўмовах страху. Тут толькі два варыянты: альбо эміграваць, альбо прыстасоўвацца, але аднойчы ўсё роўна выказаць сваю незадаволенасць.
Канешне, відавочна, што ўлада спадзяецца паўплываць хлуслівай прапагандай на вучняў. Яны будуць сцвярджаць, што двойчы два — пяць, а бел-чырвона-белы сцяг — фашысцкі, пакуль кожны не паверыць у гэта. Не разумеючы простай рэчы — там, дома, у дзяцей ёсць тата і мама, якія растлумачаць, чаму хлусня заўсёды застанецца хлуснёй. І што можна зрабіць выгляд тупаватага дрэва, згаджаючыся з тым, што гавораць настаўнікі, але ўнутры пасмейваючыся з тых, каму падабаецца быць прыслужнікам махровага дыктату.
Крыніца: www.bbc.com
Ва ўсім гэтым шкада падлеткаў, маладосць павінна быць лёгкай і радаснай, а не партызанскай і хітрай. Дзецям патрэбна свабода, а не бясконцае адчуванне, быццам яны ў турме са строгім наглядчыкам.
Але нават цяпер, калі прыходзіцца назіраць бязлітаснасць сістэмы нават у дачыненні да маленькіх беларусаў і беларусак, разумееш толькі адно — рэжым сваімі дзеяннямі выкопвае сабе магілу.
Запішы ты хоць сто пакаянных відэа са школьнікамі, якія раскаяліся, яны зненавідзяць сістэму яшчэ больш. І будуць чакаць той гадзіны, калі гэтую нянавісць можна будзе выказаць словамі і справамі. І зноў прыйдзецца неяк апраўдвацца на мітынгах з трыма ўдзельнікамі, фальшыва бляяючы аб тым, што большасць беларусаў падтрымлівае дыктатуру.
А тым часам краіна зноў разгорне БЧБ-сцягі і ў кожным кутку Беларусі прагучыць моцнае «Не!».
Ганна Златкоўская, Budzma.org