Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў працягвае публікаваць анімацыйныя фільмы з серыі «Казкі на вакацыі» паводле твораў Уладзіміра Дубоўкі, падрыхтаваныя адмыслова як летні падарунак школьнікам і іхным бацькам. Другі выпуск ужо даступны на YouTube, піша bellit.info.
«Ганарысты конь» — казка беларускага пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі пра пыху і дабрыню, гонар і спагаду, грэблівасць і падтрымку. Тэкст чытае музыка і паэт Алесь Камоцкі. Анімацыю рэалізаваў мастак і музыка Андрусь Такінданг.
Класік беларускай паэзіі Уладзімір Дубоўка быў адным з найвядомейшых і ўлюбёнейшых паэтаў у 1920-я гады. Стваральнік і адзін з кіраўнікоў згуртавання «Узвышша», ён шмат працаваў і як перакладчык, і як мовазнаўца, але найболей часу аддаваў паэзіі, у якой стаўся віртуозам і адкрывальнікам новых жанраў. У 1930 годзе, разам з сотнямі беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, быў арыштаваны па выдуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы за межы Беларусі. Цягам доўгіх дзесяцігоддзяў Дубоўка намагаўся выжыць у лагерах і месцах высылкі, захавацца як асоба і як пісьменнік, адольваючы самыя складаныя перыпетыі сталінскага часу. Да літаратуры ён вярнуўся толькі ў 1950-я, калі пачалася «адліга» і з былых палітычных зняволеных сталі здымаць несправядлівыя абвінавачванні.
У гэты ж час Уладзімір Дубоўка вырашае пісаць для дзяцей: стварае аповесці для малых чытачоў і для падлеткаў, піша казкі, перастварае даўнія сюжэты і прыдумляе свае. У кожнай, нават самай простай, на першы погляд, казцы аўтар закладаў складаную этычную задачу, вырашыць якую належыць самім героям.