Ужо цяпер карыстальнікі iPad могуць бясплатна спампаваць праграму Belarus Land, якая дае магчымасць агледзець нацыянальныя славутасці, прайсціся па беларускіх замках, пабачыць у вялікім пашырэнні абразы, роспісы і мазаікі. А неўзабаве ў App Store з’явіцца і беларуская анімаваная азбука для сучасных бацькоў ды іх дзетак, створаная сумесна з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
“Калі у App Store у пошуку набраць “Belarus”, знаходзяцца нейкія няякасныя гіды з інфармацыяй, па-хуткаму нацяганай з інтэрнэту, ды пару дастасаванняў СМІ. Вось і ўсё, больш там беларускага нічога няма”, – тлумачыць першапраходніцкі бок сваёй дзейнасці Андрэй Залатар, стваральнік кампаніі “Мабільныя рашэнні плюс”.
Кампанія ўвогуле займаецца распрацоўкай мабільных сервісаў для беларускіх аператараў, але паўгода таму адкрыла асобную студыю па выпуску дастасаванняў для платформы iOS. Пачаць вырашылі адразу з глабальнага, без чаго ну проста ніяк, – даць беларускім турыстам віртуальную прэзентацыю роднага краю, а беларускім дзецям – анімаваны буквар.
Дастасаванне еўрапейскасці
Выкарыстанне праграмы бачыцца распрацоўшчыкам прыкладна так. Калі беларуса, які жыве за мяжой альбо вандруе па свеце, чарговы раз спытаюць: “А Беларусь – гэта дзе?” – ён павінен рашуча расчахліць iPad ды загрузіць прыстасаванне Belarus Land. На галоўнай старонцы мапа Еўропы, дзе сцяжком пазначаная нашая краіна. “Вось, у самым цэнтры”, – паказвае беларус. А далей ён прагортвае цудоўнай якасці выявы замкаў і палацаў, паркаў, вежаў, касцёлаў, цэркваў ды сядзібаў, абразоў і роспісаў, лясоў і азёраў. “Карацей, я адсюль”, – сціпла кажа беларус ушчэнт уражанаму іншаземцу.
“Хацелася паказаць, што мы не з печкі злезлі, мы еўрапейская краіна, у якой ёсць свае багацці, – дадае Андрэй Залатар. – Але і самі беларусы адкрыюць для сябе шмат новага. Я, напрыклад, часта вандрую па краіне, але пра многія месцы і рэлікты даведаўся з матэрыялаў дастасавання”.
Асновай праграмы Belarus Land стала кніга журналістаў Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча “Спадчына Беларусі” – папулярны сувенірны фотаальбом, які зазнаў 7 перавыданняў, а ў 2004 годзе атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Апроч амаль 400 выяваў 70 храмаў, музеяў ды беларускіх скарбаў з невялікімі апісаннямі, Аляксееў і Лукашэвіч прадставілі таксама 9 відэаролікаў пра найбольш цікавыя архітэктурныя помнікі.
Усе аб’екты падаюцца на інтэрактыўнай мапе, а таксама асобным спісам па абласцях. У якасці музычнага аздаблення – класічная музыка і фолькавыя кампазіцыі гуртоў “Палац” ды Testamentum Terrae.
Падчас распрацоўкі праграму дапоўнілі і іншымі ўнікальнымі матэрыяламі. Напрыклад, Нацыянальнае агенцтва па турызме прадставіла 46 панарамаў беларускіх замкаў, што дазваляе прайсціся віртуальнай экскурсіяй па залах і разгледзець убранне.
Дастасаванне Belarus Land даступнае толькі карыстальнікам IPad, распрацоўшчыкі адмовіліся ад версіі для IPhone, бо вырашылі, што на маленькіх экранах гэтыя здымкі глядзецца не будуць. Але летась у якасці эксперымента выпусцілі аблегчанае дастасаванне для Android, дзе былі прадстаўленыя панарамы не толькі замкаў, але і некаторых мінскіх аб’ектаў – плошчы Перамогі, “Мінск-Арэны”, цырка ды інш. Тады праграму спампавалі 3 тысячы чалавек, з якіх актыўных карыстальнікаў каля тысячы. Андрэй Залатар лічыць, што гэта някепска для такога пачынання.
Праграма Belarus Land толькі-толькі з’явілася, а стваральнікі ўжо рыхтуюць яе абнаўленні, улічваючы заўвагі першых карыстальнікаў. “Дастасаванне мае тры мовы: беларускую, рускую і англійскую. Але паколькі ў iOS не падтрымліваецца беларуская як сістэмная “па змоўчанні”, то яе трэба ўключаць пры карыстанні. Не ўсе могуць знайсці, дзе гэта зрабіць, трэба перанесці кнопку на бачнае месца”, – пералічае багі Андрэй Залатар.
Апроч таго, у бліжэйшы час праграма дапоўніцца адным з самых прыгожых ролікаў пра Беларусь – відэа астранома і фатографа Віктара Малышчыца “Беларусь: у абдымках зорак”, якое зрабілася вядомым у інтэрнэце.
“Распрацоўка такіх праектаў – справа нятанная, – зазначае Андрэй. – І мы разумеем, што пра камерцыйную выгаду ці нават пра тое, каб адбіць выдаткі, не вядзецца. Бо карыстальнікаў iPad у Беларусі не так шмат, ды і звычкі плаціць за інтэлектуальныя прадукты ў нас пакуль няма”. Тым не менш стваральнікі вырашылі пайсці шляхам ахвяраванняў, працэнты з якіх будуць ісці аўтарам матэрыялаў. Усталяваўшы дастасаванне, карыстальнік адразу бачыць панарамы ды аб’екты Брэсцкай вобласці, штодня яму даступная новая вобласць, такім чынам, счакаўшы 5 дзён ён атрымлівае ўсе матэрыялы бясплатна. Каб атрымаць усё і адразу, можна зрабіць ахвяраванне – ад аднаго да 5 даляраў па жаданні.
“За гэтыя некалькі дзён дастасаванне спампавалі карыстальнікі амаль з 30 краінаў, сярод якіх Парагвай, Фінляндыя, Арабскія Эміраты, ЗША, Канада. Магчыма, гэта ўсё беларусы, рассыпаныя па свеце, але ў любым разе прыемна”, – кажа Залатар.
Першыя літары на IPad
Другая важная місія, якую ўзялі на сябе маладыя распрацоўшчыкі, – стварэнне анімаванага буквара для беларускіх дзетак, якія любяць пагуляцца з планшэтамі бацькоў. У дастасаванні выкарыстаная вершаваная азбука Кастуся Севярынца (так, бацькі Паўла), агучаная акторамі Купалаўскага тэатра Ганнай Хітрык і Паўлам Харланчуком: можна абіраць паміж іх галасамі, пераключаючы гукавую дарожку. Але калі раптам акторскае чытанне дзіцяці прыйдзецца не даспадобы, ёсць магчымасць бацькам начытаць свае словы і вершыкі на кожную літару.
Музыка для праекта напісаная Алегам Хаменкам, а анімацыю стварыў мастак студыі Аляксандр Моніч. “Магчыма, з анімацыяй мы нават троху перастараліся, – кажа Андрэй Залатар. – Перагледзеўшы пасля аналагічныя замежныя азбукі, якіх сотні, зразумелі, што звычайна анімацыя там зусім просценькая, аднатыпная, бо разлічаная на немаўлятаў. У нас жа ўсе карцінкі ў розных стылях”. Сапраўды, усе персанажы азбукі розныя: певень распісны, лубочны, быццам з рускай казкі, жораў усходні, бы сышоў з японскай вазы, некаторыя карцінкі нагадваюць старыя мультфільмы. Усе малюнкі інтэрактыўныя – тыцкаючы па экране, дзіця можа разагнаць хмаркі, зняць адзежы з цыбулі альбо ўпрыгожыць елку, каб яна стала ёлкай.
“Дастасаванне пратэставанае на дзецях, ніводнае дзіцё не пацярпела, – смяецца Андрэй Залатар. – Нам бы таксама хацелася, каб праграма была карысная беларускім сем’ям не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце”.
Беларуская анімаваная азбука ў хуткім часе будзе прэзентаваная і даступная ў App Store.
Аляксандра Дорская