Напачатку было Слова. І слова было беларускім

Пад такім дэвізам 5 верасня ў Лунінецкай гімназіі прайшло паэтычна-музычнае свята, прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства. У госці да гімназістаў прыехалі спявачка Таццяна Матафонава і паэт Міхась Скобла. Жадаючых трапіць на сустрэчу было столькі, што яе давялося праводзіць у два туры – асобна для вучняў малодшых-сярэдніх класаў і асобна для старшакласнікаў. І ў абодвух выпадках зала была запоўненая цалкам.

М. Скобла пачаў свой выступ з пытання: “З чаго і для чаго збудаваная Вялікая кітайская сцяна?” – “З камянёў, для абароны кітайскай дзяржавы ад варожых нападаў,” – прагучаў адказ з залы. “Правільна. Гэта цудоўна, што вы ведаеце сусветную гісторыю. А з чаго складзеная абарончая сцяна Беларусі? З якіх трывалых матэрыялаў, што і ў агні не згарэлі, і перад ваеннымі нашэсцямі ўстаялі?” Тут гімназісты прымоўклі, і паэт патлумачыў: “З кніг. З тысячаў і мільёнаў кніг, якія леглі ў тую сцяну замест цаглінаў і камянёў. І гэта самая трывалая сцяна ў свеце, бо яе не падкапаеш і таранам не разаб’еш. Таму мы, беларусы, павінны ў кожнай кватэры-хаце мець па бібліятэцы.  Таму нам трэба радавацца кожнай таленавітай беларускай кнізе – з яе выхадам ахоўная сцяна Беларусі мацнее”. Выступоўца расказаў аб сваёй працы над выданнем кніг Р. Барадуліна, Л. Геніюш, М. Стральцова. Асаблівае ўражанне на вучняў зрабілі дзве “цагліны” з ахоўнай сцяны Беларусі – тысячастаронкавыя анталогіі “Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ стагоддзя” і “Галасы з-за небакраю: паэзія свету ў беларускіх перакладах”, якія былі прадстаўленыя на выставе, зладжанай гімназічнай бібліятэкай. З цікавасцю слухалі гімназісты і новыя вершы М. Скоблы (сярод іх – твор, прысвечаны памяці таленавітай лунінецкай спявачкі Наталлі Мурко), а дзесяцікласнік Павел Усовіч пахваліўся, што чытаў вершы паэта на міжнародным конкурсе ў Вільні і заняў там першае месца.

У цудоўным выкананьні Т. Матафонавай прагучалі песні на словы М. Багдановіча, У. Дубоўкі, Г. Бураўкіна, У. Караткевіча ды іншых выдатных айчынных паэтаў. Вучні прадэманстравалі госці з Мінска сваю невялічкую вакальную праграму, а прысутны на сустрэчы мясцовы прадпрымальнік адразу загарэўся ідэяй зладзіць у Лунінцы спеўны конкурс імя Н. Мурко і запрасіў Таццяну ў журы. Адміністрацыя гімназіі была ўдзячная спявачцы за падараваныя дыскі. А на заканчэнне свята найлепшыя чытальнікі і спевакі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

 

Тэгі: