У парыжскім музеі Маёля працуе выстава Надзі Лежэ

У музеі Маёля ў Парыжы па 23 сакавіка працуе выстава «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда».

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com

Гэта першая буйная рэтраспектыва ў Францыі мастачкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ, вядомай не толькі як жонка аднаго са знакамітых мастакоў Францыі — Фернана Лежэ. Яна і сама была рознабакова адоранай асобай — мастачкай і змагаркай французскага Супраціўлення, камуністычнай актывісткай. І нашай зямлячкай, яе графіка захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, а ўнікальныя мазаікі — у вёсцы Зэмбін, піша reform.news.

Надзея Хадасевіч-Лежэ нарадзілася ў 1904 годзе ў беларускай вёсцы Асецішша, пазней сям’я пераехала ў Зэмбін. З ранніх гадоў яна марыла стаць мастачкай і жыць у Парыжы.

У 15 гадоў яна трапляе ў Вышэйшыя дзяржаўныя мастацкія майстэрні у Смаленску, спачатку на навучанне да Уладзіслава Стрэмінскага, потым знаёміцца з Казімірам Малевічам. Пасля — Варшаўская акадэмія і Парыж... Там яна заваявала прызнанне і стала жонкай французскага мастака Фернана Лежэ.

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»
Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com


На выставе паказваюць больш чым 150 твораў, якія на трох паверхах музея суправаджае храналагічны тур.

У сваёй творчасці мастачка трапіла пад уплыў кубізму, пазней — супрэматызму, потым — рэалізму, перш чым канчаткова вярнуцца да супрэматызму. На тэматыку яе прац моцна паўплывалі палітычныя перакананні: у 1933 годзе яна ўступіла ў французскую камуністычную партыю і неўзабаве пасля гэтага з’явіўся яе знакаміты «Аўтапартрэт з чырвоным сцягам» (1936). Падчас акупацыі Надзея Хадасевіч далучылася да руху Супраціўлення.

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»
Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com

На выставе паказалі і «Пантэон Надзі». Гэтая праца паказвае палітыкаў, а таксама мастакоў, пісьменнікаў і касманаўтаў, якія сталі мадэлямі і крыніцамі натхнення для аўтаркі. Сярод іх — Сталін, Талстой і Шагал. Гэтыя асобы, напісаныя гуашшу, увасоблены на фоне абстрактных каляровых плоскасцей. Гэты стыль, які знаходзіцца паміж фігуратыўнасцю і абстракцыяй, нагадвае поп-арт, які распаўсюдзіцца толькі праз некалькі гадоў. Як тлумачыцца на выставе, «некаторыя з гэтых партрэтаў упрыгожвалі з’езды французскай Камуністычнай партыі», у той час як «іншыя былі пераведзены ў манументальныя мазаікі, а затым прапанаваны і ўстаноўлены ў грамадскіх месцах у буйных гарадах СССР».

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»
Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com

Шэсць такіх мазаік знаходізцца ў музеі беларускай вёскі Зэмбін. 60 мазаічных пано Надзі Лежэ ў 1972 годзе прывезлі ў Маскву ў адмысловым вагоне. Міністэрства культуры не знайшло прыдатнага месца для размяшчэння твораў. 20 пано апынуліся ў расійскім Дубне, дзе яны паступова разбураліся на адкрытым паветры. У 1989 годзе лёсам мазаік зацікавіліся на радзіме Надзі — у Зэмбіне. Пасля адкрыцця ў вёсцы карціннай галерэі 6 мазаічных пано патрапілі туды. Гэта партрэты Уладзіміра Леніна, Пабла Пікаса (Надзея была з ім знаёмая), Фернана Лежэ, Марка Шагала і французскага калекцыянера і пісьменніка Даніэля-Анры Канвейлера.

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»
Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com

Да мазаік Надзя Лежэ звярнулася ў 65 гадоў, ужо пасля смерці свайго знакамітага мужа. Яна вырашыла выканаць фасад музея Фернанда Лежэ з мазаікі, дзеля чаго запрасіла італьянца Ліна Мелана. Назіраючы за яго працай, задумала выканаць з мазаікі цыкл партрэтаў «Вялікія людзі ХХ стагоддзя». Яна зрабіла малюнкі, якія Мелана — як выканаўца — перавёў у матэрыял.

Frahmient ekspazicyi vystavy «Nadzia Lieže. Žančyna avanharda»
Фрагмент экспазіцыі выставы «Надзя Лежэ. Жанчына авангарда». Фота: sortiraparis.com

Храналагічная частка выставы вядзе гледача па слядах вучнёўства Надзі Лежэ ў Смаленску, інтэграцыі ў Варшаўскую школу прыгожых мастацтваў і, нарэшце, прыбыцця ў Парыж у 1925 годзе. І, вядома ж, расказавае пра яе сустрэчу з Фернанам Лежэ. Яна стала яго вучаніцай у 1928 годзе.

Апошняя частка гэтай вялікай і насычанай рэтраспектывы, прысвечанай Надзі Лежэ, нагадвае пра заваяванне космасу ў 1960-я гады і касманаўта Юрыя Гагарына, які адзначыў новы паваротны момант у творчасці мастачкі.

Вырашыўшы паступова вяртацца да абстракцыі і супрэматызму, Надзя Лежэ больш не абмяжоўвае сябе стварэннем работ на палатне. Яна стала займацца ювелірным мастацтвам, габеленам, скульптурай.

Выстава заканчваецца кароткаметражным фільмам пра Надзю Лежэ.

Выстава «Надзя Лежэ. Жанчына авангарду» — гэта больш, чым проста рэтраспектыва, гэтая выстава з’яўляецца выдатным спосабам рэабілітаваць творчасць гэтай мастачкі, якая была вядомая пры жыцці, але малавядомай у Францыі пасля смерці, — паведамляе анатацыя выставы. Экспазіцыя таксама дазваляе адкрыць для сябе яе дыялогі з творчасцю Фернана Лежэ, Пабла Пікаса і іншых аўтараў.

Mazaiki Nadzi Lieže ŭ ZembinieМазаікі Надзі Лежэ ў Зэмбіне. Фота: 34mag.net

У Беларусі мастачку ніколі не забывалі. У канцы 1960‑х — пачатку 1970‑х гадоў яна наведала Савецкі Саюз і, у прыватнасці, Беларусь. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі атрымаў ад яе ў дар факсімільныя рэпрадукцыі з карцін вядомых еўрапейскіх майстроў, праз нейкі час — унікальную калекцыю калекцыю злепкаў з Луўра, кераміку Пабла Пікаса. Пазней Надзея Хадасевіч-Лежэ падаравала музею свае графічныя творы і працы Фернана Лежэ. У 2019 годзе, да юбілею мастачкі, яе персанальная выстава прайшла у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і адна выстава адбылася ў сценах музея пры яе жыцці. Нікаля Ценье, унук мастачкі Надзі Хадасевіч-Лежэ, казаў на адкрыцці персанальнай выставы 2019 года, што «Надзя часта распавядала пра Беларусь, казала, што любіць і шануе сваю родную краіну».

Надзя Лежэ прапаноўвала змясціць частку мурала свайго мужа Фернана Лежэ, прысвечанага спорту, на фасад мінскага Палаца спорту. Але ідэя не прайшла з-за занадта абстрагаванай выявы. Мастачка марыла пра музей у Віцебску. Частка яе выдатных задум у Беларусі не рэалізавалася.