Увага! Вышук!

«Ёсьць падставы меркаваць, што крымінальная справа на падыходзе. «Абраза гонару і годнасьці» — усё, як мы любім. Хаця... Які там гонар, якая годнасьць...» Лявон Вольскі рэфлексуе з нагоды з’яўлення выяваў Сяргея Міхалка, Славы Камісаранкі, Яўгена Канаплёва, Юліі Лейдзік і іншых вядомых асобаў на шыльдзе «Іх шукае міліцыя» ды прыгадвае, з чаго пачалася ўся гэтая гісторыя. Гісторыя, якая цягнецца з далёкага і злавеснага савецкага мінулага, якое сёння намаганнямі беларускіх уладаў імкліва вяртаецца ў нашу рэчаіснасць.


Liavon Voĺski Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada

«Іх шукае міліцыя» — злавесная шыльда з мінулага

Памятаю, у дзяцінстве ішоў каля пастарунку міліцыі. Ішоў і спыніўся, бо прыцягнула ўвагу злавесная шыльда «Іх шукае міліцыя». З гэтай шыльды на мяне глядзелі чорна-белыя злодзеі-рэцыдывісты, махляры, бандзюкі і забойцы. Зрабілася страшна: недзе сярод нас, мірных ды законапаслухмяных грамадзянаў хаваюцца вось гэтыя злосныя крымінальнікі, для якіх парушаць закон — гэта звычайная справа. Я ўглядаўся ў гэтыя твары (яшчэ страшнейшыя ад таго, што друк быў няякасны, кантрасны, зярністы) і думаў: а раптам сустрэну каго зь іх у сваім двары? Ці то ў тралейбусе? Ці то па дарозе ў мастацкую школу? У такім выпадку адразу трэба тэлефанаваць на нумар 02 — пазначалася на шыльдзе. І я ўжо ўяўляў, як бягу да тэлефону-аўтамату і дрыготкімі непаслухмянымі пальцамі набіраю гэты нумар...

Часы зьмяніліся, шыльды засталіся

Часы зьмяніліся. Але, як высьветлілася, гэтыя шыльды «Іх шукае міліцыя» засталіся. Перажылі скон Савецкага Саюзу, кароткі пэрыяд недадэмакратыі, прыход да ўлады маладога энэргічнага дырэктара саўгасу, спробу імпічмэнту, грамадзкія хваляваньні, выбары-перавыбары, новыя грамадзкія хваляваньні, стабільнасьць, «па 500», дэвальвацыю, дэмакратызацыю-лібэралізацыю, каранавірус, спробу негвалтоўнай (з боку народу) рэвалюцыі, татальныя рэпрэсіі, масавую эміграцыю... Карацей, усё і ўсіх перажылі гэты шыльды. Іх і цяпер можна ўбачыць у пастарунках. 

І якасьць друку з далёкіх 1980-х не зьмянілася — застаўся фірмовы стыль — усё тыя ж кантрасныя зярністыя (і ад гэтага яшчэ болей злавесныя) твары парушальнікаў закону. Бандзюкоў, злодзеяў-рэцыдывістаў і махляроў. Але цяпер, прыгледзеўшыся, прадзершыся зрокам праз «фірмовы стыль», можна там заўважыць знаёмыя твары. 

Вось вядомая выкладчыца-аналітык Тацяна Чуліцкая. Вось выбітныя фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік. Вось Сяргей Міхалок... Я думаю, што для рок-музыкі, для франтмэна вядомых усім беларускіх гуртоў гэта сапраўдны гонар. Шмат хто з заходніх музыкаў змагаецца з сыстэмаю, а гэтая сыстэма нібыта іх і не заўважае. А тут — бачыш! — якая ўвага. Павесілі фотку на стэнд «Іх шукае міліцыя»!

«Ich šukaje milicyja»

2010 — пачатак гісторыі

А гісторыя гэтая пачынаецца з далёкага 2010-га. Тады пасьля аднаго са шматлікіх замежных канцэртаў Сяргей Міхалок даў інтэрвію, дзе прайшоўся па тагачасным (чамусьці, і цяперашнім) беларускім лідэры. Мякка кажучы, няўхвальна пра яго адазваўся. 

Карная сыстэма РБ (яна тады ўжо працавала, усе не пачалося з 20-га году), безумоўна, мусіла адрэагаваць на гэтае інтэрвію, якое дзякуючы інтэрнэту пагледзелі ўсе беларусы (хто не паглядзеў, таму распавялі), і была распачатая крымінальная справа. «Абраза гонару і годнасьці» — усё, як яны любяць. 

Міхалок зьехаў з краіны — перачакаць, пакуль усё супакоіцца. Тым часам нехта разумны (тады ва ўладзе рэдка, але сустракаліся такія людзі) скамандаваў усё замяць — занадта Міхалок вядомая постаць, зашмат розгаласу, зашмат негатыўнага іміджу для краіны. У прэсу зьлілася інфармацыя ад «праваахоўных ворганаў» пра тое, што справе ня дадзены ход, яна нават не распачатая, няма чаго хвалявацца. І ўсё сапраўды супакоілася.

Але прыйшлі іншыя часы. Часы, калі ва ўладзе зусім ужо не засталося разумных людзей. І з пыльнае шуфляды выцягнулі справу пятнаццацігадовае (!) даўніны. Змахнулі пыл, выкарысталі старажытны фотаздымак (відаць, адклеілі з гэтае самае справы) і — наперад! — «Іх шукае міліцыя».

2016 — справа аб «парушэньні гастрольна-канцэртнага заканадаўства»

Мяне таксама калісьці шукала міліцыя. Гэта быў 2016-ты. Я быў у чорным сьпісе. Улады, як заўсёды, хлусілі, што ніякіх чорных сьпісаў не існуе, але ў рэчаіснасьці граць і сьпяваць забаранялі. І тут партал «Тузін гітоў» праводзіць конкурс маладых выканаўцаў, пераможцы якога мусяць выступіць на выніковым канцэрце. Мне прапанавалі быць хэдлайнэрам гэтага шоў. Я, натуральна, згадзіўся, і неўзабаве зьявіліся абвесткі пра канцэрт.

І тут пачаліся прыгоды. На дырэкцыю кавярні, у якой мусіла ўсё адбывацца, улады пачалі ціснуць і шантажаваць. Урэшце ўстанова адмовілася ад правядзеньня акцыі (дзе ты не адмовісься, калі пагражаюць закрыцьцём!), але партал TUT.BY прапанаваў правесьці канцэрт у канфэрэнц-залі іхняга офіснага будынку. Гэта было літаральна ў дзень канцэрту, людзі прыходзілі на акцыю ў кавярню, а іх адтуль перанакіроўвалі на TUT.BY. Усё прайшло выдатна, адно што падазроных асобаў, якія круціліся ў фае і спрабавалі прарвацца на канцэрт, ахова не пусьціла на шоў. Гэтыя ціхары не прайшлі фэйскантроль і гучна нэрваваліся з гэтае нагоды.

Здавалася б, і ўсё. Але не. Рана раніцай (як яны любяць) наступнага дня да маёй мамы (то-бок, па мейсцы рэгістрацыі) уварваліся некалькі асобаў у форме і цывільным з крыкамі: «Дзе ваш сын?! Ён вышукваецца па справе аб парушэньні канцэртовага заканадаўства!» (Прыдумалі, як заўсёды, нейкую лухту, ніякае заканадаўства не парушалася). 

Мама спалохалася і дала ім нумар маёй здымнай кватэры. Неўзабаве настойліва пагрукаліся і ў гэтую кватэру. Там была мая дачка, якой яны наверзьлі лухту пра злоснае парушэньне нейкага канцэртовага заканадаўства (парадку гастрольна-канцэртнай дзейнасьці?) і пакінулі нумар тэлефону. Маўляў, калі я зьяўлюся, адразу мушу патэлефанаваць. 

І я зьявіўся праз пару гадзінаў. І патэлефанаваў. Бо мне карцела паразмаўляць з гэтымі «ахоўнікамі гастрольна-канцэртнага заканадаўства», каб яны мне растлумачылі сутнасьць майго парушэньня (якога не было). Яшчэ вельмі хацелася пагаварыць пра чорныя сьпісы беларускіх музыкаў. Я нават быў гатовы прыехаць да іх у іхні РУУС, ці куды яны скажуць...
Я тэлефанаваў да самага вечару, але ніхто так і не падыйшоў. Чаму? 

Відаць, таму, што знайшоўся там, у іх, нейкі надзвычай разумны чалавек, які загадаў адкаціць гэтую справу назад. І адкацілі.

2024 — разумных людзей там няма

wyszuk-01.jpgМалюнак Лявона Вольскага

Але гэта было даўно. Цяпер, як вы ведаеце, разумных людзей там няма. І не зьдзіўляйцеся, калі неўзабаве сярод няякасна надрукаваных выяваў Сяргея Міхалка, Славы Камісаранкі, Тацяны Чуліцкай і Алеся Лагвінца ўбачыце і мой твар. 

Ёсьць падставы меркаваць, што крымінальная справа на падыходзе. «Абраза гонару і годнасьці» — усё, як мы любім. Хаця... Які там гонар, якая годнасьць...

Лявон Вольскі, Budzma.org