Ад дакументальнай дакладнасці да фэнтэзі. Пяць шыкоўных серыялаў пра Другую сусветную

Гісторыя Другой сусветнай вайны да гэтага часу натхняе кінематаграфістаў на стварэнне захапляльных серыялаў. У цэнтры гэтых гісторый знаходзяцца як героі, якія змагаліся на фронце, так і тыя, хто жыў у ценю вайны.

PALATNO расказвае пра пяць серыялаў пра Другую сусветную вайну.


«Браты па зброі» (Band of Brothers)‎

Kadr z sieryjala «Braty pa zbroi»
Кадр з серыяла «Браты па зброі»

Год: 2001

Серыял «Браты па зброі» быў створаны на аснове аднайменнай кнігі гісторыка Стывена Амброўза пры падтрымцы Стывена Спілберга і Тома Хэнкса. Спілберг і Хэнкс разам працавалі над фільмам пра Другую сусветную вайну — «Выратаваць шарагоўца Раяна». Серыял «Браты па зброі» з’яўляецца рэканструкцыяй рэальных падзей, якія адбываліся з салдатамі роты «Ізі» 506-га парашутна-дэсантнага палка амерыканскай арміі падчас Другой сусветнай.

Серыял стаў адным з самых дарагіх для свайго часу, яго бюджэт склаў больш за 120 мільёнаў долараў.

«Браты па зброі» паказваюць шлях амерыканскіх салдат, якія сталі ўдзельнікамі Другой сусветнай вайны. Іх гісторыя пачынаецца ў 1942 годзе з трэніровак у ваенным лагеры, потым мы бачым іх падчас высадкі ў Нармандыі, у бітвах у Францыі і вызваленні канцлагераў. Кожная серыя засяроджваецца на пэўным этапе вайны і раскрывае лёс асобных салдат роты.

У серыяле выкарыстоўваюць дакументальныя запісы ўспамінаў рэальных шарагоўцаў роты «Ізі».

«Браты па зброі» дагэтуль лічыцца адным з лепшых серыялаў пра Другую сусветную вайну і з’яўляецца прыкладам, як можна спалучыць мастацтва і гісторыю ў кінематографе.

«Ціхі акіян» (The Pacific)

Kadr z fiĺma «Cichi akijan» Кадр з фільма «Ціхі акіян»

Год: 2010

«Ціхі акіян» з’яўляецца духоўным працягам «Братоў па зброі». Яго таксама стваралі пры ўдзеле Стывена Спілберга і Тома Хэнкса. Калі «Браты па зброі» засяроджваліся на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў, то «Ціхі акіян» прысвяцілі баям на ціхаакіянскім падзеям, дзе амерыканцы змагаліся супраць японцаў.

Прадукцыя «Ціхага акіяна» абышлася яшчэ даражэй, чым яго папярэдніка, — у 200 мільёнаў долараў.

Серыял быў заснаваны на ўспамінах трох марскіх пехацінцаў: Роберта Лэкі, Юджына Слэджа і Джона Басілонэ. Сюжэт серыяла ахоплівае асноўныя бітвы і ваенныя кампаніі на Ціхім акіяне: бітву за Гуадалканал, бітву за Кэйп Глостэр, бітву за Пелеліў, бітву за Івадзіму і Акінаву. Серыял варта глядзець, бо часта ціхаакіянскі тэатр ваенных дзеянняў абмінаецца ўвагай, але падзеі там былі такім ж важнымі, што і ў Еўропе.

У параўнанні з «Братамі па зброі», у «Ціхім акіяне» больш увагі надалі псіхалагічнаму стану вайскоўцаў і іх эмацыйным траўмам, якія яны атрымалі на вайне.

«Вайна Фойла» (Foyle’s War)

Kadr z fiĺma «Vajna Fojla»
Кадр з фільма «Вайна Фойла»

Год: 2002-2015

Брытанскі дэтэктыўны серыял быў у эфіры доўгія гады і застаецца адной з папулярных кінастужак, што змаглі аб’яднаць жанр дэтэктыва і гістарычнай драмы. Падзеі ў ім адбываюцца падчас і адразу пасля Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі. Усяго ў серыяле 8 сезонаў з 28 эпізодамі.

Асноўная тэма серыяла — расследаванне крымінальных спраў у Вялікабрытаніі падчас Другой сусветнай вайны. Галоўны герой, Крыстафер Фойл, з’яўляецца паліцэйскім інспектарам у Англіі. Ён хоча пайсці на фронт, але яго кваліфікацыя як паліцэйскага гэтага не дазваляе, бо, нягледзячы на вайну, злачыннасць працягвае жыць. Фойл займаецца расследаваннем складаных злачынстваў, звязаных з вайной: шпіянаж, растрата ваенных рэсурсаў, карупцыя ў ваеннай адміністрацыі і гэтак далей.

Серыял атрымаў высокія ацэнкі ад крытыкаў, намінаваны на прэстыжныя прэміі, а гледачамі быў успрыняты як адзін з самых якасных дэтэктыўных серыялаў у гісторыі брытанскага тэлебачання.

«Чалавек у высокім замку»‎ (The Man in the High Castle)

Kadr z sieryjala «Čalaviek u vysokim zamku»
Кадр з серыяла «Чалавек у высокім замку»

Год: 2015-2019

Адзіны фантастычны серыял у нашай падборцы, але яго нельга абмінуць увагай. Серыял заснаваны на аднайменным рамане Філіпа Дзіка. У ім расказваецца альтэрнатыўная гісторыя, у якой нацысцкая Германія і Японія перамаглі ў Другой сусветнай вайне і падзялілі свет на сферы ўплыву.

Падзеі серыяла адбываюцца ў 1962 годзе ў ЗША. Усходнія штаты знаходзяцца пад кантролем нацысцкага Рэйха, а заходняе ўзбярэжжа акупанавае японскай імперыяй. У цэнтральнай частцы ЗША знаходзіцца нейтральная зона, што амаль не кантралюецца ні Японіяй, ні Германіяй. Сюжэт засяроджваецца на групе людзей, чые лёсы пераплятаюцца з-за загадкавай асобы пад імем Чалавек у высокім замку. Гэты чалавек распаўсюджвае серыю забароненых фільмаў, у якіх паказана, што саюзнікі перамаглі ў вайне. Фільмы натхняюць людзей на супраціў і даюць надзею на тое, што можа існаваць і іншы свет.

«Нашы маці, нашы бацькі‎» (Unsere Mütter, unsere Väter)‎

Kadr z sieryjala «Našy maci, našy baćki»Кадр з серыяла «Нашы маці, нашы бацькі»

Год: 2013

Трохсерыйны нямецкі серыял расказвае пра лёсы пяці сяброў у часы Другой сусветнай вайны. Ён стаў адным з найбольш значных праектаў нямецкага тэлебачання, бо прапанаваў крытычны і эмацыйны погляд на падзеі вайны з боку саміх немцаў.

Гісторыя серыяла пачынаецца ў Берліне ў 1941 годзе. Пяцёра маладых людзей сустракаюцца, каб развітацца перад пачаткам вайны. Яны абяцаюць зноў сустрэцца пасля вайны. У кожнага з іх розныя спадзяванні, мары і перакананні, але вайна істотна змяняе іх жыцці, светапогляд і ўзаемаадносіны.