Калі беларусы адзначалі дзень жніва, у які дзень дзяўчаты кумаваліся і што значыць гэты звычай — адказы на гэтыя пытанні знойдзем у народным календары беларусаў на ліпень.
Ліпень — самы цёплы месяц. Цвітуць ліпы, паспяваюць ягады, з’яўляюцца першыя грыбы. Для нашых продкаў гэта быў час падрыхтоўкі да жніва, нарыхтоўкі сена. Ён быў «спакайнейшым» за чэрвень, але таксама меў свае адметныя дні. Вось пра іх мы і пагаворым.
З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.
Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, гэта адзін з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў такіх зменлівых і няўстойлівых абставінах.
А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.
1 (па грыгарыянскім календары) і 14 (па юльянскім календары) ліпеня — Кузьма і Дзям’ян
Свята кавалёў. Адзначаецца 2 разы: у ліпені ды лістападзе. Згодна з паданнем, Кузьма і Дзям’ян былі кавалямі. Таму ў іх дні кузні «адпачывалі». Пры гэтым святыя лічыліся апекунамі земляробства. А яшчэ браты мелі дачыненне да шчаслівых шлюбаў — маладыя дзяўчаты ўшаноўвалі Кузьму ды Дзям’яна, просячы «скаваць» моцную сям’ю з каханым.
5 (па грыгарыянскім календары) і 18 (па юльянскім календары) ліпеня — свята Месяца
Месяц нашы продкі шанавалі, але да яго святла ставіліся негатыўна. Некаторыя хваробы дзяцей тлумачыліся тым, што на іх патрапіла святло Месяца. Гэтай жа прычынай тлумачылася і бясплоднасць жанчын.
Культ Месяца лічыцца старэйшым нават за сонечны. Ды й сама каляндарная сістэма склалася з назіранняў за рознымі квадрамі Месяца.
Народная творчасць тлумачыць зменлівасць гэтага нябеснага свяціла божым пакараннем. У адным выпадку — за гультаяватасць (не хацеў ён свяціць уначы). Іншыя ж паданні сцвярджаць, што Месяц пакараны за здраду. Быццам кахаўся ён з Сонцам, але пачаў заляцацца да Венеры.
Этнограф Адам Кіркор адзначае, што гэты дзень цесна звязаны з культам Вялеса — апекуна свойскай жывёлы, уладара падземных скарбаў.
8 (па грыгарыянскім календары) і 21 (па юльянскім календары) ліпеня — Градавы дзень
У гэты дзень засцерагаліся ад граду. А таксама маліліся ад хвароб вачэй і галавы.
12 (па юльянскім календары) ліпеня — Пятрок (Пятроў дзень, дзень Пятра і Паўла)
У некаторых рэгіёнах Беларусі ў гэты дзень быў звычай кумавацца. Дзяўчаты збіраліся на ўскрайку лесу і абменьваліся са сваёй сяброўкай нейкай рэччу (хустка, пярсцёнак, завушніцы). Ад гэтага моманту да наступнага Пятрова дня сяброўкі лічыліся кумамі і не мелі права сварыцца, а мусілі падтрымліваць адна адну і дапамагаць адна адной.
Шмат дзе хадзілі «развіваць» бярозы, што завівалі на Сёмуху. Вадзілі карагоды, спявалі, гушкаліся на арэлях.
Заканчваецца нарыхтоўка венікаў для лазні. Бо «прыйшоў Пятрок — апаў лісток». Лісце ўжо рыхтуецца зляцець з галінак у асеннім лістападзе, і венік не будзе трывалым.
14 (па грыгарыянскім календары) і 28 (па юльянскім календары) ліпеня — Шыпілінка альбо Серпавіца
Гэта дзень у гонар сярпа — падрыхтоўкі да жніва. Адзначаецца ў пятніцу перад Іллём.
19 (па грыгарыянскім календары) ліпеня — Макрыны (Макрэня, Макрыдка)
На Макрыны «варажылі» на будучую восень: «Глядзі восень па Макрыне». Асацыяваўся дзень з макрэчай, ужо не па-летняму зацяжнымі дажджамі.
20 (па грыгарыянскім календары) ліпеня — Ілля
У хрысціянскай традыцыі святы, які за свае здзяйсненні і добрыя ўчынкі быў узяты «жывым на неба» — быццам Бог даслаў за Іллём вогненую квадрыгу (калясніцу), і на ёй святы ўзнёсся на неба.
У народнай свядомасці Ілля асацыюецца з богам-грымотнікам, які перунамі знішчае нячысцікаў.
Пасля гэтага дня забаранялася купацца ў прыродных вадаёмах. Казалі: «Прыйшоў Ілля — накідаў гнілля».
22 (па грыгарыянскім календары) ліпеня — Мар’я (Магдалена)
Гэты дзень у гонар хрысціянскай міраносіцы Марыі Магдаліны быў прысвечаны жаночым клопатам пра ўраджай. Жанчыны і дзяўчаты выходзілі ў поле, жалі пад меладычныя, працяглыя песні. Таксама па надвор’і ў гэты дзень прадказвалі, якая будзе зіма: калі халодны туман доўга не раставаў, то чакалі раннюю і марозную зіму.
27 (па грыгарыянскім календары) ліпеня — Палікоп (Панцялей)
Стараліся не працаваць у гэты дзень на полі, казалі так: «Хто на Панцялея працуе, таму надалей не пашанцуе».
Панцялей (Панцеляймон) на Магілёўшчыне лічыўся лекарам ад галаўнога болю. З гэтага ж дня капуста пачынае звівацца ў качаны.
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна