Што мы ведаем пра народныя інтэрпрэтацыі сноў? Лайно — на грошы. Грошы — на бяду. Вяселле — на смерць... Калі прысніўся жах, то кажы: «Куды ноч, туды і сон». Вось, бадай, і ўсё. Насамрэч гэты сусвет — бязмежны.
У кракаўскім беларускім выдавецтве Gutenberg выйшла кніга «Беларускі народны соннік». Гэта праца маладой фалькларысткі Аліны Высоцкай (нар. 1990), якая жыве ў ЗША. Кніга напісаная цалкам у навуковым ключы: са спасылкамі, слоўнікам і архіўнымі крыніцамі.
Але не пужайцеся. Тут поўна сакавітай чалавечай мовы з ваколіцаў Пружанаў, Ляхавічаў, Кобрына, Ушачаў ды інш. Усё гэта — вынікі шматгадовых палявых даследаванняў. У тым ліку зборы такіх тытанаў, як Лобач ці Валодзіна. Ёсць таксама звесткі ад класікаў: Сержпутоўскага, Багдановіча, Раманава.
Кніга складаецца з раздзелаў. Пра аб’екты, пабачаныя ў сне (чорт, нажніцы, рыба...) — у форме слоўніка. Пра табу і забабоны. Пра варажбу. Пра спосабы праграмавання сну, а таксама пра трактоўкі «абміранняў» — летаргічнага сну.
«Калі ксёндз сніцца, то гэта чорт»
Сон заўжды нагадваў чалавеку стан смерці. Маўляў, для гэтага свету ты памёр — часова — але можаш працягваць жыць, бачыць, спазнаваць нешта ў іншым свеце. Таму досвед і веды, атрыманыя ўва сне — гэта важна. Гэта камунікацыя з некім або нечым «адтуль».
Таму сны не толькі запаміналі, пераказвалі (хоць часам пераказваць сны — табу), але і стваралі цэлую сістэму інтэрпрэтацыяў. Рэчы, пабачаныя «там» — гэта сімвалы. Пасланне, вартае расшыфроўкі.
Напрыклад, зубы лічыліся сімвалам жыцця. Калі зубы выпадаюць або сцякаюць крывёю — на смерць. Вішні ці іншыя ягады — слёзы. Вошы — грошы. Вужака — шчасце. Воўк — сябар. Ікона — дрэнна. Воз — смерць. Важныя дэталі: напрыклад, чыстая вада ці крыніца — добра, мутная — на бяду. Тое самае з белым і чорным канём.
Часта сімвалы ў сне трактуюцца люстэркава. Таму плакаць — на шчасце, хаўтуры — на вяселле, а спраўляць у сне вяселле — на смерць. Магіла — добра, грошы — дрэнна. З аднаго боку, гэта псіхалагічнае супакойванне, бо каму ж прыемна, калі сніцца магіла. З іншага — трактоўка тагасвету, уласцівая не адно беларусам. Бо там усё люстэркава, як у вадзе. Усё наадварот.
Прыклад — сны пра папоў ды ксяндзоў:
«Калі ксёндз сніцца, то гэта чорт»
«Папа бачыць — трапіцца якоесь ліхо»
«Як поп па вёске ідзе — пажар»
Яшчэ горш ува сне цалавацца з бацюшкам, бо гэта на хваробу. Святар, які прыйшоў ува сне, з вялікай верагоднасцю — д’ябал. Царква — турма. І так далей па спісе.
Чаму нельга спаць з адкрытым ротам?
Яшчэ больш яскрава карціна «перакуленага свету» вымалёўваецца ў снах пра гной ці фекаліі. Як правіла, гэта да грошай і на шчасце:
«Калі ўва сне быццам то ўсерашся — разбагацееш»
«Кал — добрэ: грошы, богацтво»
«Гаўно як відзіш добра. Я ўжо еслі кучу ўвідзіла: ілі дзецкую, ілі сабакі — знай, грошы будуць»
«Малако, гаўно, рукі як мачаеш — прыбыль, очань харашо»
Зразумела, варыянтаў расшыфровак шмат. Блытанасць, няпэўнасць, варыятыўнасць у залежнасці ад сітуацыі і нават дробязаў («чорны», «белы», «жоўты», «мокры», «сухі»...) — характэрная рыса народных трактовак сну.
Адзінае, што аб’ядноўвае ўсіх інфарматараў — пякучае жаданне разгадаць. Не толькі перамагчы трывогу, але і ўпарадкаваць свет. Некаторыя сны людзі разгадваюць і праз 20–30 год, звязваючы падзеі, паміж якімі часовая прорва.
Але сон — гэта не заўжды фаталізм: як прыснілася, так і будзе. Існавала практыка «праграмавання» сну. Праз рытуалы ў адпаведныя ночы можна было даведацца адказы на пытанні. Такая інфармацыя лічылася сакральнай. Напрыклад, калі дзяўчына пасля калядных варожбаў клалася спаць у надзеі прысніць жаніха.
Былі і правілы сну. Нічком (на жываце) спяць чэрці, таму лепш на спіне — «каб зоры бачыць». Спаць на правым баку добра, але каб не прыдушыць анёла-ахоўніка (на правым плячы). Спаць з адкрытым ротам — зусім дрэнна. Праз рот можа залезці нячыстая сіла. Калі прыснілася дрэннае, варта глянуць у вакно — «вока дому». Ці памаліцца.
«Прысніся ты мне, як вам на тым свеце»
Беларусам сніліся не толькі рэчы, але і людзі. Канечне ж, родныя. Бацькі, бабулі з дзядулямі, мужы, загінулыя на вайне, памерлыя ў маленстве дзеткі... Справа ў тым, што пераход памерлага ў іншасвет дзядоў-продкаў адбываецца не адразу пасля скону. Нейкі час душа можа бадзяцца, існуючы ў маргінальным стане — ні там ні тут.
З аднаго боку — гэта блізкі чалавек. З характарам і звычкамі. Родны. З іншага боку, нябожчыкі ў снах, як правіла, маўклівыя, гэта «агенты» небяспечнага іншасвету. Нягледзячы на гэта, такія «сустрэчы» людзі ахвотна абмяркоўвалі з сямейнікамі і суседзямі. Гэта не толькі пра залечванне эмацыйных ранаў, але і пра завяршэнне біяграфіі нябожчыка — апошні акорд.
Некаторыя нават прасілі, каб той ці іншы нябожчык прыйшоў у сне з таго свету, праграмавалі сон: «У нас адна расказвала, як яе мужык прыйшоў з вайны ранены і памёр. Дык яна ўсё лажылася і ўставала, а ўсё прасіла: «Прысніся ты мне, як вам на тым свеце».
Калі нябожчык не сніцца, значыць з ім закрытыя ўсе гештальты: «Я яго нічым не абідзела нідзе. Дык і не сніўся. (...) А вот некаторыя кажуць, каторы памрэць, ці што зробіцца, і вот што недаволен, тады ён ім сніцца». Нябожчык прыходзіць часта — варта схадзіць на могілкі. Прагаварыць крыўды, заспакоіць, нешта прынесці ці паставіць свечку.
«...Штаны на ём такія чарнаватыя, і такая во палосачка»
Часам беларусы і самі ў снах траплялі ў іншасвет. Для гэтага трэба было перайсці сімвалічную мяжу — пераступіць парог, спусціцца ў яму ці ўскараскацца на гару. Дапамагчы можа праваднік: «дзядок», «жанчына ў белым», дзеўкі, якія нясуць труну...
Там можна сустрэць нават Бога! Простага і чалавечага: «...срэдняга росту такі, худзенькі, у белым брылю, бародка такая, босы, палатняная такая рубашка на ём і чорная як вышыўка такая. Рукавы шырокія такія, і тожа чорна як вышыўка такая (...) і ён худы. І з тростачкай. Штаны на ём такія чарнаватыя, і такая во палосачка».
Бог можа смяяцца, задаваць пытанні, дакараць за тое, што чалавек не моліцца, мацюгаецца або плюецца на зямлю. Або — навучыць малітвам ці даць прагноз на будучыню. Тамсама можна сустрэцца з анёламі ці Маці Божай.
«Ты што, дурны, б***? Я цябе днём пахаваў, а ты ноччы прыходзіш».
Асобны вусцішны раздзел у кнізе — гэта гісторыі «абміранняў». Класічны сюжэт: чалавек памірае, яго хаваюць на хуткую руку, пасля той настойліва прыходзіць у снах да родных. Маўляў, «Нашто вы мяне жывога пахавалі?». Магілу раскопваюць, а там чалавек ляжыць у іншай позе ці з вырванымі валасамі... З гэтай прычыны, маўляў, і паўстаў звычай хаваць на трэці дзень, каб раптам не закапаць жывога.
Бывалі і камічныя выпадкі. Гісторыя з Ушаччыны: заможны чалавек пахаваў сына. На могілкі прыйшлі «жулікі», каб раскапаць гроб, бо хлопца багата апранулі. Раскапалі — а той жывы. Далей — цікавей:
«Прыходзіць дамоў, стукаіць ноччы бацьку: «Адчыні, бацька, гэта я прыйшоў». А той гаворыць: «Ты што, дурны, б***? Я цябе днём пахаваў, а ты ноччы прыходзіш». «Раз так, — кажыць малец, — выкінь мне мой гармонік». Той адкрываіць акно і ў палісаднік гэты гармонік кідае. Ён зайграў і пайшоў к дзеўцы. А дзеўка пусціла, панімаіш».
Спосаб спазнання Сусвету
Цяжка сказаць, ці застаўся яшчэ час на збор падобнага этнаграфічнага матэрыялу. Пакаленне сённяшніх вясковых бабуляў ужо «траўмаванае» трактоўкамі сну з ТБ, часопісаў і адмысловых соннікаў. Тым больш каштоўны матэрыял, сабраны этнографамі і апрацаваны аўтаркай.
«Архаізмы народнага сонніка знікаюць, саступаюць месца новым формам (напрыклад, «машына», «самалёт»). Традыцыя змяняецца, бо носьбіт імкнецца стварыць тое, што лепей адпавядае рэчаіснасці. Але нязменнай застаецца вера ў прагнастычную моц сноў. Імкненне патлумачыць значэнне сну — гэта адзін са спосабаў спазнання Сусвету, які прапануе беларуская культура», — рэзюмуе Аліна Высоцкая.
Замовіць кнігу можна тут.
Алесь Кіркевіч, фота выдавецтва Gutenberg і прадстаўленыя аўтаркай