У выдавецтве «Беларуская навука» выйшла ўнікальнае выданне «Адкуль праўда і крыўда» з серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі». Кніга мае таксама і гукавы дадатак.
У выданне ўключаны легенды і былічкі як асаблівая форма назапашання, захавання і перадачы традыцыйных ведаў аб прыродзе, соцыуме, грамадстве, чалавеку. Укладальніцы Алена Боганева і Таццяна Валодзіна зрабілі акцэнт на запісах апошніх дзесяцігоддзяў, што выяўляе жыццяздольнасць і глыбіню памяці культуры вуснага тыпу нават у нашу тэхнакратычную эпоху. Частка з матэрыялаў друкуецца ўпершыню.
Тэксты ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва — выцінанкамі, якія зрабіла беларуская майстрыха выцінанкі Галіна Жураўлёва.
Кніга суправаджаецца аўдыя- або відэазапісамі асобных тэкстаў, зробленымі ўкладальнікамі ў розных раёнах Беларусі, якія размешчаны на YouTube-канале. Таксама, дзеля пашырэння чытацкай аўдыторыі сюжэты ў кнізе пераказаныя па-ангельску і па-расейску.
Набыць кнігу можна тут.