Флер’янова — адно з тых месцаў, якое можна лёгка не заўважыць на мапе Беларусі. Невялікая вёска са звычайны сельскім краявідам, размешчаная паміж Баранавічамі і Ляхавічамі. Але за спакойным выглядам хаваецца гісторыя аднаго з найцікавейшых культурных асяродкаў беларускай зямлі XIX — пачатку XX стагоддзяў.
Сядзібы Бохвіцаў. Фота: poshyk.info
Тут жыў род Бохвіцаў — сям’я, якая дала беларускай і польскай культурам пісьменніка і філосафа Фларыяна Бохвіца. А ягоны сын Ян Отан Бохвіц ператварыў родавы маёнтак у месца, дзе сустракаліся літаратары, музыкі, мастакі і інтэлектуалы. Сярод гасцей Флер’янова была Эліза Ажэшка, а ў пачатку XX стагоддзя сюды прыязджаў будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Уладзіслаў Рэймант.
І сёння ў Флер’янове захавалася галоўнае сведчанне гэтай эпохі — незвычайны сядзібны дом, дзе драўляная аснова спалучаная з выразным неагатычным цагляным фасадам.
Гісторыя сядзібы непарыўна звязаная з асобай Фларыяна Бохвіца.
Фларыян Бохвіц нарадзіўся ў 1799 годзе ў Міры. Ён атрымаў адукацыю ў Нясвіжы і Кіеве, працаваў адвакатам у Наваградку, а пазней стаў вядомы як пісьменнік і філосаф.

Фларыян Бохвіц. Фота: bel.wikipedia.org
У 1838 годзе Фларыян Бохвіц набыў маёнтак Вошкаўцы. Пасля ягонай смерці зямельныя ўладанні былі падзеленыя паміж сынамі. Малодшаму, Яну Бохвіцу, у 1856 годзе дастаўся фальварак Новыя Вошкаўцы.
Менавіта Ян Отан і пачаў ствараць тут уласны маёнтак.
У гонар бацькі ён перайменаваў Новыя Вошкаўцы ў Флер’янова. Так паўстала назва, якая захавалася ў гісторыі беларускай культуры.
Ян Бохвіц служыў афіцэрам гусарскага палка і быў удзельнікам Крымскай вайны. Але значна больш драматычная старонка ягонай біяграфіі звязаная з паўстаннем 1863–1864 гадоў. За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага Ян Бохвіц быў пакараны і правёў год у зняволенні. Пасьля вызвалення ён заняўся развіццём сваіх маёнткаў. Флер’янова паступова ператваралася ў своеасаблівы культурны цэнтр.
Будынак у Флер’янова — адзін з самых незвычайных сядзібных дамоў Беларусі. Фасад убраны спічастымі аконнымі праёмамі, дэкаратыўнымі элементамі і своеасаблівымі вежачкамі, якія надаюць будынку выгляд невялікага сярэднявечнага замка. Пры гэтым за цаглянай дэкарацыяй захоўваецца значна больш камерная драўляная сядзіба.
Паводле краязнаўчых звестак, першы драўляны сядзібны дом Ян Бохвіц пабудаваў яшчэ ў 1870 годзе. Пазней да будынка былі далучаныя два цагляныя карпусы, дзякуючы чаму і сфармаваўся незвычайны архітэктурны выгляд сядзібы. Такім чынам, гэта не зусім неаготыка у звычайным разуменні. Хутчэй гэта сядзібны дом, у якім неаготыка стала архітэктурнай маскай, накладзенай на традыцыйную драўляную аснову.
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Флер’янова стала месцам сустрэчаў людзей культуры.
Ян Бохвіц сабраў тут вялікую бібліятэку. У маёнтку бывалі прадстаўнікі вядомых шляхецкіх родаў — Рэйтаны з Грушаўкі, Радзівілы з Нясвіжа. Сярод гасцей згадваюцца літаратар і нобелеўскі лаўрэат Уладзіслаў Рэймант, медык і грамадскі дзеяч Генрык Насбаўм, артыст Януш Страхоцкі.
У сядзібе чыталі, дыскутавалі, ладзілі канцэрты, спектаклі і літаратурныя вечары.
Захаваліся звесткі пра так званы «флер’яноўскі тэатрык», у стварэнні якога ўдзельнічалі, сярод іншых, Юзаф Катарбінскі і Януш Страхоцкі. У сядзібе ладзіліся музычна-літаратурныя вечары. На адным з іх Эліза Ажэшка выступала са сваім «Словам», дэкламавала творы разам з Юзафам Катарбінскім, а музычная частка ўключала творы Шапэна, Бетховена і Грыга.

Сутарэньні. Фота: poshyk.info
Найбольш вядомай госцяй Бохвіцаў была, імаверна, Эліза Ажэшка. У Флер’янова яна прыязджала ў пачатку XX стагоддзя. Паводле звестак пра сядзібу, Ажэшка была ўдзельніцай мясцовага культурнага салона з 1908 года. З яе знаходжаннем звязаная цікавая дэталь мясцовай гісторыі: з усходняга боку сядзібы да сёння расце дуб, які пасадзіла сама Ажэшка.

Дуб Ажэшкі. Фота: bel.wikipedia.org
Важную ролю ў сядзібным комплексе адыгрывала навакольная прастора — сад і парк.
Флер’яноўскі парк быў пейзажным. Тут былі алеі, сцежкі для шпацыру, вялікі партэрны кветнік і пляцоўка для кракету. Парк здзіўляў разнастайнасцю расліннасці, ён быў працягам дома і ягоным эстэтычным дадаткам.

Парк вакол сядзібы. Фота: bel.wikipedia.org
Як і большасьць беларускіх шляхецкіх сядзібаў, у XX стагоддзі Флер’янова зазнала вялікія страты.
Пасля 1939 года Бохвіцы пакінулі маёнтак. У вайну ў сядзібе размяшчаўся нямецкі штаб. Пасля вайны будынак атрымаў ужо зусім іншае прызначэнне. У розныя перыяды ў будынку знаходзіліся, у прыватнасці, кіраўніцтва калгаса, Дом ветэранаў і пансіянат.
Самая вялікая пагроза прыйшла пазней — калі будынак стаўся цалкам закінутым.
Пасля таго як мясцовая ўстанова пераехала, сядзіба каля 14 гадоў стаяла безгаспадарнай. Будынак рабавалі і разбуралі.
У гісторыі Флер’янова ёсць яшчэ адзін важны герой — Генрых Траццяк.
Былы старшыня мясцовага калгаса пасля выхаду на пенсію зацікавіўся лёсам пакінутага будынка. У 2012 годзе ён разам з жонкай Ларысай набыў сядзібу і пачаў яе аднаўляць. На аднаўленне сядзібы кожны месяц ён выдаткоўваў каля паловы сваёй пенсіі.

Генрых Генрых Траццяк, 2015 г. Фота: Аляксандр Кораб
Генрых і Ларыса Траццяк прымалі наведнікаў, расказвалі ім гісторыю сядзібы, праводзілі бясплатныя экскурсіі і літаратурныя імпрэзы.
У выніку Флер’янова ізноў пачало выконваць функцыю, для якой калісьці было створанае — быць месцам культурніцкіх сустрэчаў.
Генрых Траццяк пайшоў з жыцця ў 2024 г. на 87-м годзе жыцця.
Сёння Флер’янова — адзін з рэдкіх прыкладаў сядзібы, якая атрымала шанец на новае жыццё дзякуючы прыватнай ініцыятыве і неабыякавасці да гісторыі.
Ю.К., Budzma.org