Будзь журналістам новага пакалення. «Журфак па суботах» абвяшчае новы набор

«Журфак па суботах» — гэта афлайн-навучанне па адзінай праграме ў Вільнюсе ці ў Варшаве для беларусаў і беларусак, якія хочуць пачаць або развіваць кар’еру ў журналістыцы, піша ress-club.pro.

«Žurfak pa subotach»

Дэдлайн падачы заяўкі: 11 верасня 2026 года

На «Журфаку» вы будзеце працаваць з рэальнымі журналісцкімі задачамі, атрымліваць зваротную сувязь ад практыкуючых журналістаў і рэдактараў і ствараць у суправаджэнні ментараў уласныя матэрыялы для беларускіх рэдакцый.

«Журфак» споўніў маю мару!» — кажа выпускніца першага набору «Журфака». — «Пасля пераезду я марыла працаваць у «Нашай Ніве», падавала заяўку, але не атрымалася. Пасля навучання на «Журфаку» мая мара збылася, і зараз я працую на «Нашай Ніве».

Многія выпускнікі першага набору «Журфака» пачалі працу ў беларускіх медыях ці знайшлі новыя прафесійныя магчымасці. Пачытаць водгукі ўдзельнікаў «Журфака» можна тут.

Для каго?

«Журфак» для вас, калі вы:

  • толькі пачынаеце свой шлях у журналістыцы;
  • ужо працуеце ў медыя, але хочаце сістэматызаваць прафесійныя веды паводле сучасных заходніх журналісцкіх стандартаў;
  • пасля пераезду хочаце вярнуцца ў прафесію або змяніць сваю ролю ў рэдакцыі;
  • пішаце, здымаеце, працуеце з сацсеткамі, але хочаце лепш разумець увесь журналісцкі працэс.

Вы ўжо журналіст, але не ведаеце, што такое натграф? Як і навошта збіраць інфармацыю ў 4 вядры? Як з адной тэмы генераваць 20 публікацый? Як АІ можа аблегчыць вашу працу?

На «Журфаку» будзем разбірацца з гэтым на практыцы.

Праграму адмыслова для «Журфака па суботах» распрацавала выбітная ўкраінская журналістка і медыяменеджарка, медыякансультантка Каця Гарчынская, якая супрацоўнічае з The Wall Street Journal, The Financial Times, The Kyiv Post.

Сярод трэнераў — толькі практыкуючыя журналісты і рэдактары, якія маюць трэнерскую адукацыю: Наста Роўда, дырэктарка «Нашай Нівы», вядучая ТОК; Сяргей Сахараў, галоўны рэдактар CityDog; Вольга Ярохіна, былая рэдактарка сайта belsat.eu; Надзея Белахвосцік, старшыня Рады па медыяэтыцы беларускіх незалежных медыяў, Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life; Ірына Новік, рэдактарка, медыяменеджарка; Зоя Хруцкая, менеджарка PALATNO Media; Ніна Шулякова, шэф-рэдактарка Devby.io; Лена Верашчагіна, галоўная рэдактарка медыя для медыяў «Соль» ды іншыя.

Што вас чакае

Навучанне будзе праходзіць афлайн па адзінай праграме ў Варшаве і Вільнюсе (у залежнасці ад месца пражывання ўдзельніка/ўдзельніцы) цягам 10 суботаў.

  • У Варшаве — з 3 кастрычніка па 5 снежня 2026 года.

  • У Вільнюсе — з 10 кастрычніка па 12 снежня 2026 года.

Удзел бясплатны. Праграма не аплачвае гатэль, але можа пакрыць выдаткі на транспарт па краіне навучання.

Што вы атрымаеце

  1. Пашырыце прафесійныя веды і ўдасканаліце журналісцкія навыкі пад кіраўніцтвам дасведчаных трэнераў-журналістаў і рэдактараў беларускіх незалежных медыяў;
  2. Зразумееце, як функцыянуюць беларускія медыі ў выгнанні і як адаптавацца ў гэтай дынамічнай сферы;
  3. Пазнаёміцеся з самымі сучаснымі практыкамі сусветных медыяў;
  4. Разбярэцеся, дзе АІ сапраўды эканоміць час у працы журналіста, а дзе нейрасеткам нельга давяраць;
  5. Даведаецеся ўсё пра жыццёвы цыкл навіны, крыніцы інфармацыі і натхнення;
  6. Пройдзеце стажыроўку ў беларускіх рэдакцыях з індывідуальным ментарскім суправаджэннем і апублікуеце свае матэрыялы.


Як патрапіць на «Журфак» 

Не ўпусціце шанец стаць часткай новага пакалення журналістаў! Падайце заяўку да 11 верасня 2026 года.

Да 16 верасня вы атрымаеце адказ і запрашэнне на другі этап адбору — суразмову.

Для запаўнення рэгістрацыйнай анкеты:

Жывяце ў Літве? Выбірайце заяўку для Вільнюса.

Па дадатковую інфармацыю пра «Журфак па суботах» у Літве звяртайцеся па адрасе: zurfak@baj.media.

Жывяце ў Польшчы? Выбірайце заяўку для Варшавы.

Па дадатковую інфармацыю пра «Журфак па суботах» у Польшчы звяртайцеся па адрасе: zurfak@solidarityby.eu.

«Журфак па суботах» — гэта сумесны праект Кааліцыі за Ўстойлівы Беларускі Інавацыйны Кантэнт (КУБІК/COCOFAB), які рэалізуецца кансорцыумам Free Press for Eastern Europe, Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Press Club Belarus пры суфінансаванні з боку Еўрапейскай камісіі.