Альгерд Бахарэвіч пра беларусаў унутры краіны і за мяжой: «Адзіным, што нас яшчэ зьвязвае, застаецца беларуская мова»

Ці можа беларуская літаратура нешта такое сказаць свету, чаго не змогуць палітыкі, журналістыка, дыпламатыя? Што дае пісьменніку дыстанцыя ад краіны — і чаго яна яго пазбаўляе? Як вымяраецца сапраўдны поспех кнігі? Паразмаўлялі пра гэта з пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам, а таксама пра яго новы раман «Падземныя пераходы», які выходзіць у выдавецтве «Янушкевіч». Сёння якраз стартуе продаж рамана.

Aĺhierd Bacharevič
Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай

— Для каго твая новая кніга, і хто яе чытач? Пра якія пераходы ў ёй вядзецца — пра падземнае жыцьцё грамадзтва, ці пра пераходы паміж рэальным і ўяўным, пераходы паміж людзьмі?

— «Падземныя пераходы» — раман пра беларусаў. Найперш пра іх. Бо ёсьць у ім, вядома, і немцы, і расейцы. Ёсьць адна афрыканка. Іранец, украінцы, ды каго там толькі няма... Гэта даволі шчыльна населены тэкст. У нейкім сэнсе гэта бэрлінскі раман, а Бэрлін, як вядома, эўрапейскі Бабілён... Сёньня тут жывуць прадстаўнікі 190 нацый, якія размаўляюць на 150 мовах, чвэрць насельніцтва Бэрліна — замежнікі, тры чвэрці бэрлінцаў або прыехалі сюды зь іншых рэгіёнаў Германіі, або маюць ненямецкае паходжаньне. Такая разнастайнасьць і адкрытасьць уражваюць, усё гэта робіць Бэрлін асаблівым местам, і мне ўсё гэта, калі шчыра, дужа падабаецца.

Raman «Padziemnyja pierachody»
Раман «Падземныя пераходы». Фота з асабістага архіву Альгерда Бахарэвіча

«Падземныя пераходы» — такая сабе панарама цяперашняга бэрлінскага жыцьця, але панарама вачыма беларусаў. І ўсё ж гэта раман і пра Менск таксама.

Мая гісторыя — гэта цёмны падземны пераход паміж двума маімі любімымі гарадамі, паміж нядаўнім мінулым і нашым «цяпер», паміж нашымі менскімі маладосьцю, наіўнасьцю, надзеяй — і нашымі эмігранцкімі сталасьцю, стомай, страхам. Пераходы паміж уяўным і фантастычным, паміж сьмерцю і жыцьцём. Паміж прыдуманым Менскам і рэальным Бэрлінам — і наадварот.

Адзін з галоўных герояў кнігі прыходзіць да высновы, што жыхары гораду — гэта ня толькі тыя, хто жывуць у ім на дадзены момант. Гэта і тыя, хто жылі ў ім сто, дзьвесьце, пяцьсот гадоў таму. І тыя, хто будуць жыць у ім заўтра і праз сто гадоў. Што да сюжэту... Так, экскурсавод Раман і паэтка Агнія жывуць у Бэрліне, і аднойчы даведваюцца, што ў Менску ў іх доме пасяліліся новыя Раман і Агнія, расейская пара, якая заменіць іх у Беларусі і задача якой — дажыць жыцьцё Рамана і Агніі на радзіме «правільна»... Падземная тэма тут дарэчы, бо ў рамане важная тэма могілак, памяці, пахаваньня.

Raman «Padziemnyja pierachody»
Раман «Падземныя пераходы»

— Ці адчуваеш, што сёньня ты — адзін зь нямногіх, хто робіць беларускую літаратуру ды культуру ўвогуле больш заўважнай для сьвету? Можа быць, нават адказнасьць нейкая зьяўляецца пад грузам гэтага амбасадарства? Ці можа беларуская літаратура нешта такое сказаць сьвету, чаго ня змогуць палітыкі, журналістыка, дыпляматыя і г. д.?

— Пасьля таго, як мая галоўная кніга, раман «Сабакі Эўропы», выйшла ў 2024-м у нямецкім перакладзе Томаса Вайлера і пасьля таго, як я атрымаў за яе Ляйпцыгскую кніжную прэмію эўрапейскага паразуменьня — так, я адчуў, што нешта зьмянілася.

Aĺhierd Bacharevič
Альгерд Бахарэвіч з перакладам рамана «Сабакі Эўропы» ў руках

Летась я меў неймаверна шмат запрашэньняў выступіць на самых розных сцэнах і ў самых розных гарадах з «Сабакамі Эўропы», пра іх напісалі найбуйнейшыя мэдыі, пра іх здымалі тэлесюжэты, і гэта для мяне было вельмі важным знакам прызнаньня ня толькі маёй літаратуры, але і маёй краіны і маёй мовы.

Томас Вайлер атрымаў дзьве значныя літаратурныя прэміі за пераклады зь беларускай — і гэтым фактычна ўпісаў беларускую ў паўнавартасныя эўрапейскія мовы, на якіх ствараецца сучасная літаратура.

Чым менш людзей на Захадзе будуць год за годам задаваць нам дурное пытаньне: «А што, існуе нейкая там беларуская мова?» — тым лепш. Кніга «Кровазварот» Юлі Цімафеевай у нямецкім перакладзе Ціны Вюншман увайшла ў шорт-ліст Internationaler Literaturpreis des HKW, аўтарка ўзнагароджаная за яе прэміяй Гільдэ Домін, якую ўручае горад Гайдэльбэрг.

Усё гэта працуе на пазнаваньне Беларусі як адметнай культурнай прасторы, усё гэта абрынае стэрэатыпы пра Беларусь як частку Расеі, пра нашую безаблічнасьць, пра тое, што Беларусь безнадзейная і нікому не цікавая.

Я лічу гэта наздвычай істотным — што пры слове «Беларусь» у замежнікаў, няхай не ва ўсіх, няхай толькі ў некалькіх тысяч, але нарэшце ўзьнікне ў сьвядомасьці вобраз цікавай кнігі, новай мовы, нязьведанай культуры, а не абрыдлы ўсім твар тырана і ня чорная дзірка, у якой усё гіне і гніе.

Так, Беларусь — гэта рэпрэсіі, гэта несвабода, гэта трагедыя эўрапейскай краіны, якая адбываецца ва ўсіх на вачах і на якую не асабліва зьвяртаюць увагу. Але Беларусь — гэта і адметнае мастацтва, гэта вельмі цікавыя мова, культура, гісторыя, і ўсё гэта жыве, ня толькі за межамі краіны, але і ўнутры Беларусі, усё гэта разьвіваецца насуперак неспрыяльным абставінам (ды яны ніколі ў нашай гісторыі й не былі спрыяльнымі). 

Я маю на ўвазе, што палітыка, журналістыка, дыпляматыя, па вялікім рахунку, ня кажуць нічога новага — увесь зацікаўлены сьвет ведае і так, што Беларусь ёсьць жорсткай дыктатурай і што нічога добрага там не адбываецца. 

Палітыкі і журналісты кажуць праўду — але тым самым пацьвярджаюць стэрэатыпы, такі іхны лёс. Большасьці ў заходнім сьвеце наогул няма да Беларусі ніякай справы. А вось літаратура, мастацтва здольныя стварыць іншы вобраз Беларусі — як складанага, цікавага культурнага арганізму, які змагаецца за ацаленьне, за свабоду, вобраз Беларусі творчай.

— Што дае пісьменьніку дыстанцыя ад краіны — і чаго яна яго пазбаўляе? Як ты сам лічыш, ты добра адчуваеш краіну, дзе ня быў ужо 5 гадоў? Мне вось падаецца яна зусім іншай, і я баюся, што, калі ўсё ж патраплю туды, буду адчуваць сябе, як тыя, хто прыехалі на Першы зьезд беларусаў свету ў 1990-х. Як бы і дадому, але неяк ужо і дом іншы, і сямейнікі іншыя. Чужыя. Хаця, тая эміграцыя, вядома, не была нашмат больш дома.

— Я думаю, адлегласьць усё ж мае значэньне. Трыццаць кілямэтраў ад цябе да беларускай мяжы — і тысяча км, якія адзьдзяляюць Бэрлін ад Менску... У «Падземных пераходах» героя грызе нядобрая думка: Беларусь цяпер знаходзіцца ў Польшчы, ну ці ў Літве; мы ў Германіі — у эміграцыі, у экзылі, а што ў самой Беларусі, ня ведае больш ніхто. Такое ствараецца ўражаньне, калі жывеш там, дзе жыву я. У Германіі гэтая адчужанасьць і гэтая аддаленасьць адчуваюцца яшчэ вастрэй, чым у вас [у Літве — рэд. Budzma.org]. Да нядаўняга часу Беларусі і беларусаў у сьвядомасьці немцаў амаль не існавала. Аднак ты, вядома, маеш рацыю: дзе б мы цяпер ні жылі, Беларусь для нас даўно — іншая рэальнасьць. Ёсьць такое меркаваньне, што пасьля пяці гадоў эміграцыі вяртаньне на радзіму будзе такім самым траўматычным, як і сама эміграцыя, і я з гэтым згодны.

Я думаю, што таго Менску, у якім я жыў, ужо няма. Іншы горад, іншая краіна, іншыя людзі. Якія цалкам могуць абысьціся бяз нас.

Але я жыву ў Бэрліне, я гляджу на сьвет з адмысловай бэрлінскай пэрспэктывы, і я вельмі добра знаёмы з гісторыяй эміграцыі, асабліва з гісторыяй літаратурнай эміграцыі. 

Па-першае, у тым, што з намі адбываецца, няма нічога новага або ўнікальнага. Мільёны людзей у сьвеце жывуць, як мы. Гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя эміграцыі. 

Па-другое, гэтая сытуацыя экзылю, нягледзячы на ўсю сваю складанасьць, на ўсе страхі і на ўсю няпэўнасьць — дае адчуваньне бязьмежнасьці сьвету, дае магчымасьць бачыць яго такім, які ён ёсьць, і быць яго часткай. Яна вучыць быць адкрытым да ўсяго новага, цікаўным да іншых культураў, яна пазбаўляе небясьпечных стэрэатыпаў пра іншыя нацыі і дазваляе чуць вялікі хор чалавецтва. Экзыль узбагачае, а ня толькі крадзе. 

Ведаеш, я апошнім часам паўтараю ў інтэрвію тут: кожная эміграцыя канечная, эміграцыя ня можа быць бясконцай, мэта эміграцыі — інтэграцыя і асыміляцыя. Жыць у чужой краіне з ілюзіяй, што вяртаньне непазьбежнае, што трэба чакаць і заставацца ў сваім гета, не пускаючы ў яго мясцовых — тупік. Час ідзе, і ніхто не пражыве нашае жыцьцё за нас (як гэта спрабуюць зрабіць тыя расейцы ў «Падземных пераходах»).

Эміграцыя — гэта максымум пра два пакаленьні. Таму тое, што мы тут робім, важна — але яшчэ важней, каб тое, што мы тут рабілі, некалі вярнулася на Беларусь. Ня мы самі, а наш даробак. Можа, праз сто гадоў. Толькі тады мае сэнс трымацца за сваю мову і сваю культуру.

А пераконваць сябе кожны дзень, што, маўляў, я хоць і зьехаў, усё роўна належу да Беларусі — ня мае сэнсу. Эміграцыя — выбар, і за яго трэба плаціць. Ты робішся іншым, штосьці страчваеш назаўжды, а штосьці набываеш. Але ты не перастаеш быць чалавекам. Дзе б ты ні жыў.

— Увогуле як ты сёньня ўяўляеш свайго чытача/чытачку, калі пішаш новую кнігу? Ці гэта не патрэбна табе ў працэсе?

— Яшчэ адносна нядаўна мне пісалі мае беларускія чытачы, прасілі даслаць ім новыя кнігі, якія немагчыма купіць у Беларусі — вядома, праз электронную пошту ці мэсэнджары, бо мае папяровыя кнігі туды трапіць ня могуць. Але апошнім часам такіх просьбаў усё менш, і гэта заканамерна. Чытач у Беларусі чытае тых, хто перажывае гэтыя змрочныя часы разам зь ім, а не хаваецца ў бэрлінах.

Адлегласьць паміж намі расьце — а чаго мы чакалі? Адзіным, што нас яшчэ зьвязвае, застаецца беларуская мова.

Дый забарона маіх кніг, як я бачу, дзейнічае: на сёньня тры мае кніжкі ў сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, а фактычна забароненыя ўсе. 

Таму мае чытачы сёньня — гэта пераважна такія самыя эмігранты, як я сам. З аднаго боку, у нас у нечым падобны досьвед. Але з другога: я жыву і зьбіраюся далей жыць у Бэрліне, я жыў у Аўстрыі і Швэйцарыі, і гэта зусім іншы досьвед, чым у эмігрантаў, напрыклад, у Вільні і Варшаве. Я люблю Бэрлін, мне вельмі цікавая яго гісторыя, я пачуваюся бэрлінцам. Гэта мой горад, я сябе ў яго ўпісваю. Я займаюся тут тым самым, чым займаюся апошнюю чвэрць стагодзьдзя — пішу кнігі. І гэта таксама не зусім тыповае жыцьцё беларускага эмігранта. Ды эмігранцкі досьвед у нечым унівэрсальны: чужасьць — паўсюль чужасьць, толькі мовы розныя.

Але ў выніку спрацоўвае галоўны закон: мяне чытаюць людзі прыкладна майго ўзросту, якім цікавыя дзіўныя, складаныя, злыя і прыгожыя кнігі па-беларуску. У гэтым сэнсе нічога не зьмянілася. Я пішу кнігі, цікавыя найперш мне самому, але я рады, калі яны цікавыя іншым.

Ну і наастачу заўважу: апошнім часам я, бывае, нешта пішу ў больш «народных» жанрах, і аўдыторыя гэтых кніг крыху адрозьніваецца ад аўдыторыі тых самых «Сабакаў». І я рады, што пасьля пары-тройкі прыгодніцкіх гісторый зноў напісаў вялікі і сур’ёзны раман.

— Што цябе радуе сёньня ў беларускай літаратуры, а можа, штосьці раздражняе, ня ведаю, што зачапіла? Можа быць, ёсьць кнігі апошніх гадоў, пра якія ты шкадуеш, што іх мала заўважылі?

— Калі шчыра, чамусьці ня хочацца сёньня гаварыць пра крыўды... Мы жывем у сытуацыі, калі беларускай літаратурнай крытыкі не існуе, а на патрэбу штучны інтэлект разьбярэ любы літаратурны твор лепш за любога крытыка, бо тыя, хто прэтэндуе на ролю беларускіх крытыкаў зазвычай — неначытаныя людзі, якія мала што разумеюць у літаратуры. У сытуацыі, калі на кнігі, што пішуцца аўтарамі па-за Польшчай, наогул мала зьвяртаецца ўвагі. У сытуацыі, калі посьпех беларускіх кніг у перакладах на іншыя мовы чамусьці хутчэй адпужвае беларускага чытача, чым прыцягвае.

Большасьць чакае ад беларускай літаратуры, што яна будзе простая, забаўляльная, тэрапэўтычная, лёгка даступная для ўспрыманьня. Павесяліць і суцешыць, і пажадана хуценька. Эфэкт абязбольнай таблеткі. Але літаратура — не таблетка. «Чытаецца хутка» — людзі напраўду лічаць гэта вартасьцю кнігі, хоць ясна, што для добрай літаратуры гэта мінус.

Добрая, сур’ёзная паэзія наогул ігнаруецца тымі, хто бярэ на сябе права яе судзіць. Мы жывем у сытуацыі, калі ў літаратуры пануе нэафіцтва з усімі яго наступствамі: наіўнасьцю і павярхоўнасьцю.

Тут, у эміграцыі, добра адчуваецца старая беларуская бяда: людзі прыходзяць у культуру, у мастацтва, у літаратуру, ня ведаючы, як шмат было створана да іх, яны лічаць сябе першаадкрывальнікамі. А гэта ў большасьці выпадкаў ня так.

Але кнігі выходзяць, новыя аўтары зьяўляюцца, дый старыя не маўчаць, гэта добра. Значыць, адбываецца нейкае разьвіцьцё. Хоць па маіх назіраньнях, у 2020-2024 гадах беларусы ў эміграцыі чыталі значна больш. Але гэта таксама заканамерна. Адбываецца працэс укараненьня ў новую культуру, людзі пачынаюць больш чытаць на мовах краін, дзе яны пасяліліся. 

Што тычыцца Беларусі — я ведаю людзей, якія працягваюць жыць і пісаць там. Але што там насамрэч робіцца, я ня ведаю. Магу меркаваць толькі па іхных пастах у сацсетках, дый тое, падазраю, яны пішуць даволі асьцярожна. Затое я ведаю, што ў нас у Бэрліне ёсьць свая беларуская літаратурная сцэна. Тут і Зьміцер Строцаў, і Зьміцер Вішнёў, і адна харошая беларуская паэтка, імя якой не называю, тут жа Сьвета Бень, Гайнрых Кіршбаўм... Мы зь Юляй тут пішам і шмат выступаем. Дый Сьвятлана Алексіевіч тут жыве і працуе. Ня так і мала.

— Ці зьмянілася тваё ўяўленьне пра посьпех? Вялікі наклад, прэмія, пераклад. Што сёньня для цябе сапраўдны посьпех кнігі?

— Посьпех для мяне — пісаць кнігі, максымальна блізкія да таго, якімі я іх задумаў. А так атрымліваецца зусім не заўсёды. Гэта самы сур’ёзны ўнутраны крытэр. Бо калі кніга не атрымалася, я заўжды баюся, што яна будзе апошняй.

Вялікі наклад, напэўна, важны, бо дае адчуваньне, што цябе чытаюць. Хоць «вялікі беларускі наклад» — насамрэч зусім не такі вялікі. Трэба сказаць, што і на Захадзе «вялікія наклады» — зусім не такія вялікія, як мы думаем.

Гэта мара кожнага аўтара — быць найперш уважліва прачытаным іншымі людзьмі. І мая мара — каб гэта былі ня толькі беларускамоўныя людзі. У нашым становішчы сёньня пераклады на іншыя мовы — гэта неймаверна важна. Дзякуючы ім я магу існаваць як пісьменьнік далёка ад маёй краіны, зарабляць літаратурай на жыцьцё, дзякуючы ім я рэалізуюся ў іншай краіне, не мяняючы прафэсіі. Пераклады трымаюць нас на плыву і даюць адчуваньне, што мы штосьці значым тут, у эміграцыі. Перакладчыкі, безумоўна — мае героі.

Што да прэмій, то мне прыемна, што «Капітан Лятучая Рыба» летась быў адзначаны прэміяй Цёткі, але ў беларускіх прэміях я зазвычай не ўдзельнічаю. А нямецкія прэміі моцна падтрымалі мяне ў свой час. Аднак усё гэта ня мае значэньня, калі ты сядзіш за клявіятурай, уперыўшыся ў белы экран...

— Калі «Падземныя пераходы» — гэта пераход з аднаго мейсца ў іншае, то куды ты сам цяпер ідзеш як пісьменьнік?

— Вось я нагаварыў тут рознага, а насамрэч... Увесну я дапісаў «Падземныя пераходы» і з таго часу займаюся пераважна тым, што чакаю. Чакаю выхаду гэтага рамана па-беларуску — і чакаю прэм’еры «Сабакаў Эўропы» ў польскім перакладзе. «Сабакі Эўропы» выходзяць у адным з найлепшых польскіх выдавецтваў, Wydawnicto Literackie, у перакладзе Яаны Бэрнатовіч. Мая праца шмат у чым складаецца з чаканьня — як і праца любога іншага пісьменьніка. Апошнім часам я больш гавару пра свае кнігі, чым пішу — так зроблены кніжны сьвет на Захадзе. Калі кніга выходзіць, даводзіцца шмат езьдзіць і выступаць, расказваючы пра яе, сустракаючыся з чытачамі. Чакаю, калі сустрэнуся зь беларусамі на варшаўскім Кніжным клюбе [першая сустрэча кніжнага клюбу адбылася 27 жніўня, гутарка была запісана за некалькі тыдняў да яе — рэд. Budzma.org], і ўжо чакаю нямецкі пераклад «Падземных пераходаў». Спадзяюся, ён выйдзе ў 2028-м.

Я жыву ў Бэрліне, думаю над новымі кнігамі, змагаюся з даўняй спакусай: мо варта паспрабаваць пісаць на іншай мове? — і ўсё роўна трымаюся за маю беларускую.

Aĺhierd Bacharevič
Альгерд Бахарэвіч

— У адным з ранейшых інтэрв’ю ты казаў, што пасьля 2020 года страціў іронію, дыстанцыю, анархізм і «свабоду няўдзелу». Прайшло шэсьць гадоў. Можа быць, штосьці вярнулася, а можа, штосьці ўжо ня вернецца?

— Я б сказаў так: зьнікла пэўная бесклапотнасьць, некуды сышла лёгкасьць быцьця і пісьма. Раней я да ўсяго ставіўся іранічна, але час ідзе, прыносіць з сабой сьмерці блізкіх, хваробы і пытаньні, якія некалі падаваліся не такімі ўжо й важнымі... Замест лёгкасьці да цябе прыходзіць цяжар часу.

Іронія вярнулася, але яна ўсё часьцей гучыць сапраўдным сарказмам, а дыстанцыя паміж мной і чытачом павялічваецца. Бо людзі ня мусяць вымяраць сябе прачытанымі і напісанымі кнігамі, а я мушу. Вось свабода — яна нікуды не падзелася, і дзякуй богу.

Я думаю, мы ўсе проста пастарэлі за гэты час, а значыць паразумнелі. У эміграцыі вельмі хутка адчуваеш, як загострылася тваё мысьленьне — бо мусіш няспынна аналізаваць сябе і сьвет. Магчымасьці расслабіцца эміграцыя не дае. А замежныя мовы, у стыхіі якіх ты жывеш, увесь час прымушаюць мозг працаваць напоўніцу.

— Ці не стаміўся ад неабходнасьці ўвесь час нешта тлумачыць пра Беларусь — беларусам і замежнікам? Ці, можа, ужо тлумачыць ня трэба?

— Стаміўся. Але гэта праца, і гэта частка гульні. Я праўда думаю, што калі людзі прыходзяць на сустрэчу з табой, купляюць і падпісваюць тваю кнігу, задаюць табе пытаньні, і ты бачыш шчыры інтарэс у іхных вачах — трэба гаварыць і адказваць, нават калі ты казаў тое самае ўжо тысячу разоў. Магчыма, пасьля размовы з табой у чалавека зьменіцца ў галаве карціна сьвету, магчыма, усё яго жыцьцё пойдзе інакш. Хоць гэта я, хутчэй, пра замежнікаў. Вядома, заўсёды прыемна, калі людзі ўжо чыталі твае ранейшыя кнігі або інтэрвію, але ніхто не абавязаны быць тваім чытачом. Мяне ўражвае іншае.

Размаўляючы зь беларусамі, я раз-пораз сустракаю такое шчырае зьдзіўленьне ад таго, што я расказваю пра нашае колішняе жыцьцё ў Менску... Я бачу, якім жа напраўду вузкім было нашае кола, наколькі мала з таго, што мы рабілі ў Менску (а рабілася вельмі шмат!), даходзіла да людзей.

Мяне вельмі зьдзіўляюць, напрыклад, людзі, якія нічога ня ведаюць пра кнігарню «Логвінаў» або часопіс «ПрайдзіСьвет»... Пра ўсе тыя фэстывалі, дыскусіі, выставы, курсы, сустрэчы, слэмы. У тым Менску было вельмі насычанае і яркае творчае жыцьцё. Я думаў, усё гэта немагчыма было не заўважыць. А ім здаецца, што вольная беларуская літаратура пачалася пасьля 2020-га.

— Калісьці казаў, што беларуская літаратура ў выгнаньні стала важнай часткай супраціву. Але ж супраціў таксама мяняецца, ужо штодзённая руціна, як падаецца шмат каму.

— Беларуская літаратура ў выгнаньні застаецца супрацівам. У кожным разе. Яна ня можа быць іншай, бо яна супрацьстаіць русыфікацыі, імпэрыі, забыцьцю і сьцьвярджае сабой існаваньне Беларусі.

Але літаратура мусіць зьмяняцца і зьмяняць — і ўвесь час гаварыць нешта новае і па-новаму. Адгукацца на найменшыя зрухі, лавіць знакі бяды. Руціна ўзьнікае, калі літаратары пачынаюць паўтараць відавочнае і дэклямаваць рытуальныя заклёны.

Крычаць год за годам, што жыве Беларусь і якія мы бедныя-гаротныя, пашкадуйце нас — гэта не супраціў, а вартая жалю пазыцыя ахвяры. Быць ахвярай — ня творчы занятак.

Дваццаты год напраўду — быў, і ён быў страшэнна важны, трагічны і велічны, ён падзяліў нашыя жыцьці на «да» і «пасьля», і мы будзем асэнсоўваць яго яшчэ доўга. Але гісторыя Беларусі пачалася не ў дваццатым і на ім ня скончылася. Варта глядзець на сябе і сьвет зь дня сёньняшняга.

Літаратура — тое мастацтва, якое адначасова існуе ў мінулым, у цяперашнім і ў будучым, пра іх яна і гаворыць. Наш досьвед творчасьці ў выгнаньні — гэта ўнікальны шанец гаварыць са сьветам на роўных пра тое, як мы жывем цяпер, а не апэляваць да мінулага. Вучыцца ў сьвету, дзе мы апынуліся, свабодзе і павазе да чалавечай годнасьці, убіраць у сябе яго набыткі — і не даваць сябе ў крыўду.

Aĺhierd Bacharevič
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юля Цімафеева

— І старое пытаньне, якое ўжо табе задавалі ня раз, але, можа, нешта памянялася. Што сёньня для цябе дом?

— Дом — гэта месца, куды ты вяртаешся з радасьцю і без прымусу. Як для чалавека дом для мяне сёньня — гэта Бэрлін. Як для пісьменьніка — гэта сусьветная літаратура; назаву яе лепш так: Сусьветная Бібліятэка. Як для беларуса мой дом — мая мова.

Хоць у тым цёмным падземным пераходзе, празь які мы цяпер крочым, усе гэтыя адказы зьліваюцца ў адзін: ніякага дому насамрэч няма, ёсьць толькі сходы і выхады, і менская дудачка зноў грае ў цемры штосьці знаёмае і тужлівае.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org