Гульцы на полі беларускамоўнай рэп-культуры існуюць па-за прасторай СМІ пад выдуманымі імёнамі і паводле канцэпцыі творчасьці ды дзякуючы ўменьню трымацца ў баку ад навакольных зьяў нагадваюць бардаў. Канцэртаў тутэйшыя рэперы не даюць, публікі сталай не маюць, вірусных ролікаў не здымаюць, мэрча не выпускаюць, але пры гэтым маюць што сказаць.
Беларускамоўны рэп у Беларусі не сканаў і нават падае прыкметы жыцьця. Пра гэта сьведчыць першая за 10 гадоў складанка, у якой сабраныя выканаўцы, што для чытаньня сваіх тэкстаў абралі беларускую. У 2003 годзе тутэйшыя рэперы з дапамогай лэйблу БМА-груп спрабавалі паказаць, што разам яны — сіла. Толькі што з удзельнікаў таго праекту “Пасадзіў DEAD RAPку” выжылі адзінкі, а ў гэтую складанку зь іх трапілі толькі ня-тое-каб-зусім-рэперы IQ48 — ды ізноў з фітам (10 гадоў таму гэта быў “Паветраны шар” з “Нестандартным варыянтам”, а цяпер “Дай сілы” з Вінсэнтам). Раней мясцовыя расейскамоўныя рэперы наважваліся на запіс аднаго-двух трэкаў і больш выціснуць зь сябе нічога не маглі. Праект маладога прадусара Міколы Зайца “Жалуды” сьведчаць пра тое, што за гэтыя 10 гадоў сфармавалася новая суполка творцаў, якія выдатна адчуваюць мову і перадусім трымаюцца яе ў сваёй творчасьці.
Цалкам скласьці ўяўленьне пра тое, якім ёсьць рэп у Беларусі, паводле “Жалудоў” нельга. На дыску няма вострых трэкаў ад такіх яркіх і бескампрамісных асобаў, як MC Laur ці Ambasadar Krou (палітызаваны рэп у Беларусі афіцыйна выдаць не ўяўляецца магчымым). Няма старой гвардыі — колішняй красы і сілы беларускага рэпу, напрыклад, Памідорава, які цалкам сышоў у рок-музыку, і Сярогі, кар’ера якога падышла да свайго лягічнага завяршэньня. Няма і новых герояў — сольнага трэка Вінсэнта і Макса Каржа, што беларускай нібы не цураецца. Наяўнасьць хоць каго зь іх без сумневу ўпрыгожыла б складанку.
Але недахопу ў трэках прадусары “Жалудоў” яўна ня мелі. На складанцы прадстаўленыя асноўныя гульцы на полі менавіта беларускамоўнай рэп-культуры, якія існуюць па-за прасторай СМІ пад выдуманымі імёнамі (часам нават не адным) і паводле канцэпцыі творчасьці ды дзякуючы ўменьню трымацца ў баку ад навакольных зьяў нагадваюць бардаў. Некаторыя зь іх, такія, як Вожык, Sp Kava і Zeman, ужо маюць пэўную ступень віртуальнай вядомасьці, якая, праўда, анічым рэальным пакуль не падмацаваная. Большасьць жа імёнаў наўрад ці скажа нешта нават неабыякаваму да беларускіх музычных спраў слухачу — канцэртаў тутэйшыя рэперы не даюць, публікі сталай не маюць, вірусных ролікаў не здымаюць, мэрча не выпускаюць, але пры гэтым маюць што сказаць. Калі кагосьці цікавіць менавіта гэтая іх уласьцівасьць — уменьне сказаць ёмка ды прыгожа пад нямоташны біт, — то паслухаць варта найперш Базыля Мялешку, Зэмана, Вожыка. З адкрыцьцяў — нясьмелы, але кранальны рэчытатыў ад MS Marmelad (пад гэтай мянушкай схаваўся культур-мэнэджар Павал Белавус) і самы патрыятычны трэк складанкі “Літвіны” ад праекту Zenon, які якраз яскрава ілюструе мэнтальную блізкасьць беларускага рэпу да бардаўскага сьпеву. Што тычыцца песень у кананічным разуменьні гэтага слова, то такіх тут адна — трэк “Дай сілы”. IQ48&Vincent яўна вылучацца на фоне астатняга матэрыялу дзякуючы вакальнай харызме Сашы Ракаўца і Дзімы Папко, а яшчэ таму, што запісаныя яны з дапамогай жывых інструмэнтаў. І тое згаданыя выканаўцы тут не паказваюць зубоў. А наогул жа пра ўвесь беларускі рэп, прынамсі, прадстаўлены на “Жалудах”, хочацца сказаць так: добра, што ёсьць, шкада, што такі. Здаровая нахабнасьць і правакацыйнасьць, больш бадзёры і востры выклад сваіх думак і памкненьняў маглі б паспрыяць таму, каб з “жалудоў” вырасьлі волаты-дубы.
Ідэя: 9
Выкананьне: 6
Тэксты: 7
Запіс: 6
Аздабленьне: 5
Сяргей Будкін