Вядомая блогерка досыць эмацыйна адрэагавала ў Facebook на здымак Нацыянальнай камiсii па правах дзiцяцi, у якой апынуліся адны мужчыны. Фота было апублікавана на БелТА ў матэрыяле, які прысвечаны ўчорашняму паседжанню камісіі.
«А так выглядае нацыянальная камісія па правах дзяцей у Беларусі. Выглядае не так феерычна, канечне, як мужчыны, якія ў Дубаі атрымалі ўзнагароду за барацьбу за гендарную роўнасць, але таксама нічо так.
І ўзгадваецца, як Трамп у акружэнні мужчын падпісваў дакумент, дытычны новай палітыкі адносна абортаў.
А яшчэ гэтае фота паказвае, як адна і тая ж тэма - клопат пра дзяцей - лічыцца жаночай, пакуль гаворка ідзе пра гадаванне як такое - памперсы, пад'ём па гадзінніку, выбар шкарпэтак, эмацыйнае абслугоўванне, арганізацыя кружкоў і ўсё астатняе, чым поўніцца мацярынства. У сферы адукацыі на шэраговых пазіцыях і нават на дробных кіраўнічых пасадах таксама збольшага жанчыны. Гэта сфера бедная, штодзённая праца з дзецьмі патрабуе нармальнай такой стрэсаўстойлівасці, і вялікіх чэргаў з мужчын, што так хочуць падціраць малым задніцы ў яслях альбо вучыць дзяцей табліцы множання ў школе, нешта не назіраецца.
Але ж паглядзіце, хто стварае палітыку, якая будзе наўпрост уплываць на жыцці дзяцей! Ой, нешта гэта адразу не бабская справа. І пра інстынкты ўсе адразу забылі» – напісала Наста Захарэвіч.
Нагадаем, што 20 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці. Менавіта ў гэты дзень былі прынятыя галоўныя дакументы па абароне правоў дзяцей: «Дэкларацыя правоў дзіцяці» (1959 г.) і пазней «Канвенцыя правоў дзіцяці»(1989 г.). Беларусь далучылася да канвенцыі ў 1990 годзе, а ўжо ў 1993 годзе ў нашай краіне быў прыняты закон "Аб правах дзіцяці". Нацыянальная камісія па правах дзіцяці была створана ў 1996 годзе.