Восьмае сакавіка ў чарговы раз праходзіць у сітуацыі поўнамаштабнай вайны. Як сцвярджае назва кнігі нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, у вайны не жаночае аблічча. Аднак, нават у тыя часы, калі жаночыя правы былі значна больш абмежаваныя, чым зараз, у гісторыі Беларусі знаходзіліся гераіні, якія баранілі радзіму нароўні з мужчынамі. Распавядаем пра 5 жанчын у беларускай гісторыі, якіх можна назваць сапраўдным прыкладам смеласці і адвагі.
Эмілія Плятэр
Эмілія Плятэр. Гравюра. Крыніца: wikipedia.org
На вядомым партрэце, на якім быццам бы намалявана Эмілія Плятэр, мы бачым стройную дзяўчыну з прыгожым тварам, вялікімі вачамі і доўгімі валасамі, што лунаюць ад ветру. Насамрэч мы дакладна не ведаем, як выглядала Эмілія. Апісанне Ігната Дамейкі моцна адрозніваецца ад той рамантычнай постаці на партрэце. «Яна не была прыгожай, — пісаў Дамейка ва ўспамінах. — Невысокая, бледная, але з прыемным круглым тварам і блакітнымі вачыма. Пры гэтым яна была хутчэй сур’ёзная, чым мілая. Гаварыла мала і з пачуццём павагі да самой сябе».
Тым не менш слова «рамантычная» — менавіта тое, якое найлепш апісвае ўдзельніцу паўстання 1830–1831 гадоў. Уся яе біяграфія быццам бы створаная пісьменнікамі сучаснай ёй эпохі — эпохі Рамантызму.
Эмілія Плятэр нарадзілася 13 лістапада 1806 года ў Вільні. Стасункі паміж бацькамі не складаліся, і ў 1815 годзе маці разам з маленькай Эміліяй з’ехала ў маёнтак Ліксна (тэрыторыя сучаснай Латвіі). Эмілія гадавалася побач са сваімі стрыечнымі братамі. Яшчэ ў падлеткавым узросце Эмілія навучылася страляць і ездзіць на кані. Акрамя таго, дзяўчынка шмат чытала: захаплялася нямецкімі рамантыкамі.
Юная Эмілія абрала сабе ў ролевыя мадэлі Тадэвуша Касцюшку і Жанну д’Арк. Акрамя Гётэ і Шылера дзяўчына чытала яшчэ сачыненні філаматаў і філарэтаў. Пасля разгрома філамацкага руху (у якім быў, дарэчы, і стрыечны брат Эміліі Міхал) 18-гадовая Эмілія вырашыла працягнуць іх справу: выправілася ў экспедыцыі па беларускіх, літоўскіх і латышскіх вёсках збіраць фальклор.
У 1830-м пачалося паўстанне супраць расійскай улады. Справа ў тым, што ўлады абвесцілі... мабілізацыю! Мікалай І хацеў, каб жыхары былой Рэчы Паспалітай накіраваліся ў Францыю і Бельгію, каб задушыць там рэвалюцыю. У лістападзе 1830 года ў Варшаве пачалося паўстанне, якое хутка перакінулася на землі былога ВКЛ.
У сакавіку 1831 года Эмілія Плятэр на ўласныя сродкі сабрала ўзброены атрад, апранулася ў мужчынскае адзенне, і на чале са сваімі воінамі рушыла ў паход.
Паўстанне скончылася для Эміліі паразай: у чэрвені 1831 года паўстанцы прайгралі бітву за Вільню. Эмілія са стрыечным братам Цэзарам і сяброўкай Марыяй Прушынскай (як бачыце, Плятэр была не адзінай жанчынай, якая брала ўдзел ва ўзброеных дзеяннях) накіраваліся ў Варшаву.
У дарозе Эмілія захварэла. Ігнацы Абламовіч — уладальнік маёнтка Юстынава — запрасіў уцекачоў пабыць у яго, пакуль Эміліі не стане лепей. Але лепей Эміліі ўжо не стала. Дваццаціпяцігадовая Эмілія Плятэр пайшла з жыцця ў снежні 1831 года. Яе пахавалі ў вёсцы Капцёва (тэрыторыя сучаснай Літвы). На магіле вядомай ваяркі стаіць звычайны каменны помнік.
Апалонія Серакоўская (Далеўская)
Апалонія Далеўская. Крыніца: rosszuki.blogspot.com
Апалонія нарадзілася ў 1838 годзе ў шляхецкай сям’і Далеўскіх. Яна атрымала прыстойную адукацыю: спачатку вучылася ў пансіёне ў Вільні, а пасля на «тайных шляхецкіх курсах».
У 1862 годзе Апалонія пабралася шлюбам з капітанам расійскай арміі Зыгмунтам Серакоўскім. На вяселлі прысутнічаў сам Кастусь Каліноўскі.
Хоць Зыгмунт Серакоўскі фактычна і быў расійскім вайскоўцам, аднак трымаўся тых жа патрыятычных поглядаў, што і сям’я Далеўскіх. Больш за тое, бацька Зыгмунта ўдзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў. Там і загінуў.
Калі пачалося паўстанне, Зыгмунт Серакоўскі з’ехаў з Варшавы на літоўскія землі і стаў адным з лідараў паўстання. На жаль, у бітве пад мястэчкам Біржы атрад Серакоўскага быў разбіты, а самога Зыгмунта, цяжка параненага, узялі ў палон расійцы.
Апалонія была сувязной у паўстанцаў. Хутка яе таксама арыштавалі. На той час Апалонія была цяжарная.
Ёй дазволілі пабачыцца з мужам толькі адзін раз. Падчас пятнаццаціхвіліннай сустрэчы сужэнцаў Серакоўскіх пільнавалі пятнаццаць жаўнераў.
Зыгмунта Серакоўскага прысудзілі да смяротнага пакарання. Віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў «Вісельнік» прымусіў цяжарную Апалонію глядзець, як забіваюць яе мужа.
Пасля Мураўёў загадаў вывезці Апалонію ў Ноўгарад. Апалонія прасіла Мураўёва пакінуць яе ў родным краі: яна была хворая і баялася за сваё жыццё і жыццё дзіцяці. Аднак Мураўёў адказаў, што калі яна з дзіцём загіне — так будзе нават лепей.
У Ноўгарадзе Апалонія нарадзіла дачку. Дзяўчынка пражыла ўсяго год, а Апалонія, нягледзячы на слабое здароўе, выжыла ў высылцы. Пасля амністыі ў 1866 годзе Серакоўская перабралася ў Варшаву і разам з сястрой стала выкладчыцай на курсах для дзяўчынак, чыіх бацькоў выслалі ў Сібір.
Апалонія памерла ў 1919 годзе ў Варшаве. Яна болей не выйшла замуж і не мела дзяцей.
Марыя «Чарнабровая галубка» Ямант
Марыя Ямант нарадзілася ў такой жа патрыятычнай сям’і, як і наша папярэдняя гераіня. Усе дзяўчаты з сям’і Ямантаў уваходзілі ў нелегальны віленскі Жаночы камітэт, які займаўся выданнем і распаўсюдам нелегальнай літаратуры, зборам правіянту і зброі для паўстання.
Сям’я Ямантаў. Паміж бацькамі стаяць Марыя (злева) і Алена. Фотаздымак зроблены ў часе знаходжання ў ссылцы ў Сібіры. Крыніца: commons.wikimedia.org
У 1861 годзе Юзаф Ямант пазнаёміў Марыю са сваім сябрам, з якім яны вучыліся ў адным універсітэце. Гэтым сябрам быў Кастусь Каліноўскі.
Паміж Кастусём і Марыяй адразу ўзнікла каханне. Па ўспамінах сястры Марыі Людвікі, у хуткім часе закаханыя мусілі ажаніцца. Пакуль жа яны былі занятыя рэвалюцыйнымі справамі. Кватэра Ямантаў пераўтварылася ў адну з явачных Каліноўскага. У той жа кватэры знаходзілася нелегальная друкарня.
На пачатку 1864 года Марыю за дзейнасць у Жаночым камітэце і працу ў нелегальнай друкарні арыштавалі. У той жа час арыштавалі Кастуся Каліноўскага.
Дзякуючы цётцы Марыі Ядвізе Макрыцкай паміж арыштаванымі закаханымі пачалася перапіска: цётка Ядвіга мела шырокую сетку сувязяў у Вільні і ведала, каму занесці хабар. Менавіта праз Ядвігу ўдалося перадаць легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы».
Калі над Каліноўскім здзяйснялі смяротны прысуд, Марыя ўсё яшчэ была ў турме. Праз некаторы час яе, разам з усімі роднымі, выслалі ў Табольск.
У 1874 годзе Марыя атрымала дазвол на пераезд у Варшаву. Там яна пабралася шлюбам з паўстанцам Войцехам Дмахоўскім.
Людвіка Радзевіч (Ямант)
Людвіка Радзевіч (Ямант). Крыніца: commons.wikimedia.org
Людвіка Ямант была старэйшай сястрой Марыі Ямант. Яна разам з мужам таксама прымала ўдзел у паўстанні і разам з сёстрамі ўваходзіла ў Жаночы камітэт. За доўгі час да паўстання Людвіка трапляла пад увагу ўладаў. Аднойчы яе нават пакаралі штрафам за спевы забароненых патрыятычных песень.
У 1850-х Людвіка выйшла за муж і жыла асобна ад бацькоў. Вестка аб арышце Марыі заспела яе ў мужавым доме.
Пасля смяротнага пакарання Каліноўскага сям’ю Ямантаў выслалі ў Сібір, а Людвіку з мужам — у Разанскую губерню. Па вяртанні з высылкі муж Людвікі Ямант хутка памёр. Людвіка жыла з дзецьмі ў Варшаве. У сталым узросце яна напісала ўспаміны пра паўстанне: «Горсьць успамінаў пра 63 год» (польск. Garść wspomnień z 63 roku).
З іх мы ведаем імёны да гэтага невядомых паплечнікаў Каліноўскага, а таксама аб тым факце, што Кастусь і Марыя былі заручаны.
Эліза Ажэшка
Эліза Ажэшка. Крыніца: polona.pl
Эліза Ажэшка была не толькі таленавітай пісьменніцай, але і ўдзельніцай паўстання 1863–1864 гадоў.
Сямнаццацігадовую Элізу выдалі замуж за шляхціча Пятра Ажэшку. Эліза даволі холадна ставілася да мужа, затое пасябравала з яго малодшым братам, і разам яны адкрылі школу для сялянскіх дзяцей.
Акрамя гэтага, Эліза Ажэшка брала ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў. Эліза змагалася за правядзенне грамадска-эканамічных рэформаў вёскі. Пятру Ажэшку не падабалася бурлівая дзейнасць жонкі, паміж імі здараліся спрэчкі, і хутка Эліза з’ехала ад яго ў Варшаву.
Вярнуцца ў маёнтак Мужа Людвінова ля Кобрына Элізу прымусіла паўстанне 1863–1864 гадоў. Актыўная грамадзянка, яна не магла стаяць у баку. Вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам. У траўні—чэрвені 1863 года яна нават хавала ў сябе Рамуальда Траўгута і пазней дапамагла яму пераправіцца за мяжу.
Праз тое, што ў маёнтку рэгулярна бывалі паўстанцы, у расійскіх уладаў узніклі пэўныя пытанні да сям’і Ажэшкаў. Пётр Ажэшка ўзяў віну на сябе, яго арыштавалі і саслалі ў Перм.
Пакуль муж быў у высылцы, Эліза перабралася ў родную Гародню і пачала пісаць: штуршком для яе творчасці сталі ўражанні ад паўстання. Успаміны пра яго знайшлі адлюстраванне ў многіх яе творах: «Над Нёманам», «Gloria victis», «Дзікунка».
Калі Пётр Ажэшка вярнуўся з высылкі, Эліза дамаглася разводу: надзвычай цяжкая справа для жанчыны ў XIX стагоддзі, але ж яна здолела гэта зрабіць.
Д. Г., budzma.org