Нобелеўскімі лаўрэатамі па эканоміцы ў 2019 годзе сталі Абхіджыт Банерджы, Эстэр Дзюфло і Майкл Крэмер (ЗША). Гэта вучоныя, якія прыдумалі насамрэч эфектыўныя кропкавыя меры для барацьбы з беднасцю.
Галоўная заслуга навукоўцаў у тым, што яны змаглі прыўнесці ў эканоміку строгі эксперыментальны падыход, які быў уласцівы толькі дакладным навукам, найперш медыцыне. Цікавыя іх эксперыменты з узроўнем адукацыі бедных краін свету. Пакажам на практыцы, як дзейнічалі гэтыя эксперыменты:
Нізкая якасць школьнага навучання – вострая праблема бедных краін. Яна можа быць выкліканая вялікай колькасцю фактараў: занадта вялікім памерам класаў, недастатковай колькасцю падручнікаў, няправільнай арганізацыяй навучальнага працэсу, нізкай матывацыяй настаўнікаў і гэтак далей. Можна доўга дыскутаваць, якая праблема самая важная і якую трэба вырашыць найперш. Можна, да прыкладу, параўнаць вынікі экзаменаў у розных школах з колькасцю падручнікаў у гэтых школах і паспрабаваць набыць дадатковыя навучальныя матэрыялы.
Аднак у выніку серыі эксперыментаў, якія былі праведзеныя Майклам Крэмерам і яго калегамі ў Кеніі і Індыі, высветлілася, што дадатковыя падручнікі на школьную паспяховасць амаль не ўплываюць, а ў рэальнасці сітуацыя значна складанейшая.
Дык што тады эфектыўна? Навукоўцы вырашылі адмовіцца ад параўнаўчага аналізу і правесці палявое даследаванне. Яны ўзялі ўсе школы ў рэгіёне і падзялілі іх выпадковым чынам на некалькі груп – і аказвалі гэтым групам розную матэрыяльную дапамогу. Пры гэтым існавала яшчэ і кантрольная група школ, дзе ўсё заставалася па-ранейшаму: за ёй проста сачылі і не ўмешваліся.
Такія даследаванні найбольш актыўна прымяняюцца ў біялогіі і медыцыне – напрыклад, пры распрацоўцы новых лекаў. Аднак ніхто раней такім чынам не даследаваў беднасць.
І вось аказалася, што раздача дадатковых падручнікаў ніяк не паўплывала на сярэднюю паспяховасць у школе – падручнікі нязначна паляпшалі адзнакі самых здольных вучняў. Бясплатныя абеды і раздача лекаў ад кішачных паразітаў вельмі істотна зніжалі долю прагулаў у школьнікаў – але, як ні дзіўна, паспяховасць пры гэтым таксама амаль не расла. А набыццё дадатковых матэрыялаў кшталту школьных дошак зусім не ўплывала на эфектыўнасць навучання.
Але істотна палепшыць вынікі тэстаў атрымалася, калі дадатковыя грошы выкарыстоўваліся для стымулявання настаўнікаў. Толькі калі іх узнагароджанне жорстка прывязали да вынікаў паспяховасці вучняў, на экзаменах пачаў назірацца істотны прагрэс. Але і ў гэтым выпадку не было ніякага ўніверсальнага рэцэпту: паспяховасць дзяцей паляпшалася выключна па тым прадмеце, да якога іх рыхтавалі. Маецца на ўвазе, што настаўнікі хутчэй нацягвалі школьнікаў на здачу тэстаў, чым давалі ім каштоўныя веды.
Даследчыкі працавалі і ў Кеніі і ў Індыі. На прыкладзе абедзвюх краін яны пацвердзілі большасць высноў сваіх мінулых эксперыментаў і выявілі яшчэ адзін дадатковы факт: больш за ўсё паспяховасць вучняў залежала нават не ад фінансавых датацый у адукацыю, а ад самой арганізацыі працэсу навучання.
У бедных краінах настаўнікі часта не прыходзяць на ўрокі. Згодна са статыстыкай, яны не наведваюць да 44% заняткаў. Даследчыкі правялі некалькі эксперыментаў, напрыклад, кантралявалі працэс прыходу на заняткі і сыходу з іх, але самым эфектыўным паказаў сябе іншы механізм.
Даследчыкі вырашылі паменшыць памер класаў і наймаць у якасці настаўнікаў выкладчыкаў з мясцовага насельніцтва, якія працавалі не на стаўку, а па кантракце. Кантракт падаўжалі тады, калі вучні добра вучыліся і дэманстравалі поспехі. Выявілася, што дзеці, выпадковым чынам размеркаваныя ў класы да «кантрактнікаў», істотна палепшылі свае паказчыкі па розных прадметах. У той жа час іх прыяцелі з класаў, дзе выкладалі настаўнікі на стаўцы, ніякай перавагі ад змяншэння памераў класаў не атрымалі.
Такім чынам, палявыя эксперыменты паказалі: узровень адукацыі ў бедных краінах можна павышаць не толькі з дапамогай павелічэння фінансавання, але проста робячы саму арганізацыю сістэмы навучання больш эфектыўнай, а яшчэ вельмі важна матываваць настаўнікаў.
Паводле матэрыялаў з сеціва
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!