Рыхтуецца да выпуску новае выданне Чырвонай кнігі. Яго анонс выклікаў скандал з-за ціску (галоўным чынам з боку паляўнічых) знізіць статус аховы відаў жывёл, якія традыцыйна лічацца сімваламі краіны. Зубр, рысь, мядзведзь і барсук знаходзяцца на мяжы выключэння, нягледзячы на тое, што іх колькасць, паводле навукоўцаў, застаецца далёкай ад аптымальнай. У небяспецы таксама мноства відаў раслін, пішуць у новым даследаванні эксперты ініцыятывы «Твае зялёныя вочы».
Скандал вакол «чырвонакніжнікаў» стаў падставай для дбайнага аналізу Чырвонай кнігі Беларусі ў той час, калі меркаванне навукоўцаў і экспертаў недальнабачна ігнаруецца дзеля хуткай нажывы на паляванні і продажы драўніны. Даследаванне падрабязна тлумачыць прынцыпы, якія ляжаць у аснове Чырвонай кнігі, змены ў спісах відаў у параўнанні з папярэднімі выданнямі, тэндэнцыі і заканамернасці, прапановы па паляпшэнні захавання біяразнастайнасці нашай краіны.
— Адна з галоўных задач Чырвонай кнігі — даваць людзям доступ да інфармацыі аб відах, якія знаходзяцца пад найбольшай небяспекай знікнення ў нашай краіне, — тлумачыць Інэса Балоціна, экаабаронца і адна з экспертак даследавання. — Але ў працэсе аналізу мы прыйшлі да высновы, што новая рэдакцыі Чырвонай кнігі рыхтавалася без інфармавання грамадскасці і практычна без магчымасці абмеркавання і ўплыву на прыняцце рашэнняў. Таму мы вырашылі папоўніць недахоп інфармацыі.
Пятае выданне Чырвонай кнігі выйдзе ў 2025 годзе ў двух тамах «Дзікарослыя расліны» і «Дзікія жывёлы». Замоўцам з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, фінансуецца выданне за рахунак сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
У цэлым падыходы Мінпрыроды і НАН РБ да абнаўлення спісаў Чырвонай кнігі ў 5 выданні істотна не змяніліся, зазначаюць даследчыкі. Затое «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», а таксама некаторыя прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі ўзмацняюць ціск на грамадскасць і чыноўнікаў для выключэння з-пад абароны рэдкіх жывёл з мэтай палявання. Гаворка пра зуброў, рысь, мядзведзяў, барсукоў, дупеляў, драчоў.
— Кожны і кожная з нас прымае рашэнне выказацца ці прамаўчаць наконт спроб выціснуць з Чырвонай кнігі рэдкіх жывых істот. Яны рэдкія не проста так — гэтыя жывёлы ўжо пацярпелі ад рук чалавека. Вельмі часта для ачарнення жывёл паляўнічыя выкарыстоўваюць фэйкавыя навіны, напрыклад, відэа, дзе мядзведзь нападае на чалавека ў Расіі, але сцвярджаюць, што гэта было ў Беларусі. Важна быць пільнымі і разумець, што «абараняць» беларусаў ад дзікіх жывёл насамрэч нікому не трэба, ды і не цікава. Лабіраванне — гэта пытанне грошай і паляўнічых трафеяў, — тлумачаць эксперты «Тваіх зялёных вачэй».
Можа здавацца, што ў сённяшніх умовах немагчыма ні на што паўплываць, але насамрэч умяшанне грамадскасці праз звароты, каментарыі на прававым форуме і прапановы па змене відавога спісу на дадзеным этапе падрыхтоўкі Чырвонай кнігі ўсё яшчэ магчыма, падкрэсліваюць у ініцыятыве:
— Да прыкладу, мы можам разам абараніць папуляцыю крапчатага сусліка, стан якой на сёння крытычны. Нядаўна адну калонію літаральна пералапацілі нажамі і праатруцілі, пакуль звяркі былі ў спячцы, каб на гэтым месцы нешта пасеяць, хаця ў спакоі трэба было пакінуць усяго 10 гектараў зямлі.
Даследчыкі таксама паказваюць, як на працягу апошніх гадоў узмацнілася эксплуатацыя лясных рэсурсаў і пашырылася гаспадарчая дзейнасць, якая нясе пагрозу захаванню біяразнастайнасці.
— Лічбы здзіўляюць. Калі ў пачатку 2000-х у краіне атрымлівалі 3,5 млн. м³ драўніны ў год, то ў 2021 годзе было нарыхтавана 27,7 млн. м³. Гэта не проста знішчэнне лясоў, лёгкіх Беларусі, але і страта дома для нашых звяроў, птушак, насякомых. Ім няма куды «перасяліцца», і гэта адна з прычын, чаму жывёлы часцей выходзяць у гарады, да людзей.
Маштабы высечак пацвярджаюцца нарошчваннем сеткі лесагаспадарчых дарог: у перыяд з 2016 па 2020 гады было пабудавана 457,3 км дарог, у сярэднім 100 км за год. Такі ж тэмп мяркуецца захаваць у бягучай пяцігодцы, нягледзячы на рэгулярную крытыку грамадскасці і перасцярогі вучоных.
— Рубкі ідуць з апярэджаннем запланаваных паказчыкаў. Вельмі стараюцца. Напрыклад, паводле звестак Справаздачы аб выніках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес» на 2021-2025 гг. за 2021-2022 гады паказчык «Аб’ём нарыхтоўкі драўніны з 1 гектара пакрытых лесам зямель» склаў 3,23 м3 з 1 га (105,7% да запланаванага), — падкрэсліваюць у ініцыятыве «Твае зялёныя вочы». — А аб’ём нарыхтоўкі паліва з драўніны склаў 17567,7 тыс. куб. м (130% да плана)!
Акрамя знішчэння месцаў пасялення дзікіх жывёл і раслін, даследчыкі адзначаюць паслабленне прававой абароны знікаючых відаў. Так, у 2021 годзе была зацверджана новая версія ТКП 17.07-01-2021 (33140) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне», якая аслабіла меры абароны відаў і іх месцапражыванняў. Акрамя таго, у 2023 годзе Беларусь выйшла з Бернскай канвенцыі, у рамках якой краіна мела міжнародныя абавязацельствы па захаванні рэдкіх відаў.
— Большасць знікаючых відаў раслін характарызуюцца слабой канкурэнтнай устойлівасцю. Ім патрэбныя спецыфічныя ўмовы, іх месцы вырастання трэба ахоўваць і падтрымліваць з улікам запатрабаванняў відаў.
Адным з эфектыўных рашэнняў з’яўляецца распрацоўка Планаў дзеянняў — дакументаў, якія змяшчаюць характарыстыку відаў, дадзеныя аб стане іх папуляцый і лімітуючых фактарах асяроддзя ў Беларусі, а таксама пералік мерапрыемстваў для аднаўлення і павелічэння колькасці. Такія дакументы зацвярджаюцца Мінпрыроды і даводзяцца да тэрытарыяльных прыродаахоўных органаў і землекарыстальнікаў, на землях якіх растуць рэдкія расліны.
— На сёння распрацаваны 30 такіх Планаў для 30 знікаючых відаў раслін, — распавядаецца ў даследаванні. — Але падобныя дакументы павінны быць для ўсіх відаў I і II катэгорыі аховы. Мы таксама рэкамендуем культываваць знікаючыя расліны, каб затым вяртаць, высаджваць іх у тых месцах, дзе яны могуць расці натуральным чынам.
Ключавую ролю грае пашырэнне сеткі маніторынгу ахоўных відаў і экасістэм. Напрыклад, на дадзены момант ёсць 273 пастаянныя пункты назіранняў, дзе ацэньваецца стан 128 відаў ахоўных раслін. Але гэта толькі 47% відаў, уключаных у Чырвоную кнігу. Даследчыкі ўдакладняюць, што маніторынг не развіваецца з-за адсутнасці фінансавання.
— Дастаткова параўнаць артыкулы дзяржбюджэту на сілавы блок і на ахову прыроды, каб стала вельмі ясна, што важна бягучаму ўраду. Але ж гэта нашы лясы, рэкі, жывёлы і расліны, наша якасць жыцця і багацце свету будучых пакаленняў, на чым насамрэч эканомяць чыноўнікі. Прырода, жывёлы, у тым ліку чалавек, залежаць адзін ад аднога, мы звёны аднаго ланцуга, як бы банальна гэта не гучала. Мы эканомім на сваёй будучыні.
Азнаёміцца з поўным тэкстам даследавання вы можаце па спасылцы.