Маніфест шляхецкай годнасці: 5 архітэктурных шэдэўраў беларускай неаготыкі

Беларуская неаготыка — гэта не проста стрэльчатыя аркі і фігурныя шпілі, а маніфест шляхецкай годнасці, памяць пра страчаную веліч ВКЛ. Сёння мы прапануем маршрут па пяці адметных пунктах Беларусі, дзе дух «рыцарскай даўніны» адчуваецца найбольш яскрава.

Крыпта Рэйтанаў у Грушаўцы (Ляхавіцкі р-н)

Недалёка ад Ляхавічаў месціцца вёска Грушаўка, павязаная са славутым родам Рэйтанаў. Былы радзівілаўскі маёнтак перайшоў да прадстаўнікоў роду Рэйтанаў як падарунак ад караля Яна III Сабескага за слугі перад каронай. Імаверна ў тыя часы, сярэдзіна 17 стагоддзя, Рэйтаны і аселі на беларускіх землях. Архітэктура сядзібнага комплексу, якую можна ўбачыць цяпер, — гэта заслуга Дамініка Рэйтана, пляменніка славутага шляхціца Тадэвуша Рэйтана, які грудзьмі клаўся за Айчыну на падзельным сойме ў Варшаве.

Апроч сядзібы і гаспадарчых пабудоў, тут таксама захавалася прыгожая фамільная капліца-пахавальня Рэйтанаў. Перад пахавальняй размешчаны гатычная арка-брама і агароджа, верагодна пабудаваныя ў 1928 годзе.

03-kaplica.jpg
Капліца Рэйтанаў у нашыя дні. Фота: poshyk.info

Капліца-пахавальня ў Грушаўцы мае яркую архітэктуру з рысамі як гатычнага, так і неагатычнага стылю. Фасад вылучаецца спічастым парталам, сцены ўбраныя ляпным карнізам з арнаментам.

05-kaplica_znutry.jpg
Капліца знутры. Фота: bgk-borisov.by

Каля каплічкі ёсць інфармацыйны шчыт, а таксама мемарыяльны камень у гонар Тадэвуша Рэйтана. Капліца была ўзведзена ў 1910-х гадах пасля таго, як апошні мужчына з роду Рэйтанаў, Юзаф, памёр, не пакінуўшы нашчадкаў.

06-szylda.jpg
Памятная шыльда Тадэвушу Рэйтану. Фота: poshyk.info

Некалькі гадоў таму ў Грушаўцы пачалася рэканструкцыя, якая з пераменным поспехам працягваецца і сёння.

07-restauracyja.jpg
Рэканструкцыя капліцы. Фота: poshyk.info

Крыпта Ажэшкаў у Закозелі (Драгічынскі р-н)

Гэта, бадай, самы знакаміты прыклад неаготыкі на Палессі. Капліца была пабудавана ў 1849 годзе паводле праекта Францішка Яшчолда. Заказчык, шляхціц Мікадзім Ажэшка, папрасіў архітэктара стварыць велічны будынак, які спалучаў бы ў сабе рысы сярэднявечнай готыкі з выкарыстаннем мастацкага чыгуннага ліцця.

08-kaplica_xxst.jpgКапліца на пачатку ХХ стагоддзя. Фота з Вікіпедыі

Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, пасля задушэння паўстання 1863–1864 гадоў, хаваўся кіраўнік Кобрынскага паўстанцкага аддзелу — Рамуальд Траўгут.

Гэты прытулак яму прапанавала Эліза Ажэшка, якая дапамагла перавезці Рамуальда ў Польшчу пасля таго, як пошукі пакрысе сціхлі. Варта зазначыць, што мужа Элізы Пятра за ўдзел у паўстанні саслалі ў Пермскую губерню, а маёнтак у Людвінове, што непадалёк — канфіскавалі.

У 1867 годзе рабіліся намаганні перабудаваць капліцу ў праваслаўную царкву, супраць чаго выступіла навакольная шляхта.
Больш за стагоддзе капліца паступова разбуралася. У пасляваенныя савецкія гады будынак практычна ператварыўся ў руіны з выбітымі вітражамі, вялізнымі дзюрамі ў скляпеннях, праз якія вільгаць бесперашкодна паступала ў памяшканне.
Пасля доўгіх гадоў разбурэння нарэшце была праведзена рэстаўрацыя, капліца атрымала новы дах і адноўленыя элементы дэкору. Сёлета, у студзені 2026 г, капліца была адкрытая для наведвання пасля рэстаўрацыі.

10-kaplica.jpgКапліца Ажэшкаў у наш час пасля рэстаўрацыі. Фота: zarya.by

Капліца аздобленая прыгожымі чыгуннымі адліўкамі, гербамі і мудрагелістымі фіяламі. Гэта вяршыня майстэрства тагачасных майстроў. Уваходны партал дэкараваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў. Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку запоўнены каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залі.

 Унутры капліцы. Фота: БелТА

Крыпта Багдановічаў у Абадоўцах (Вілейскі р-н)

Узведзеная ў другой палове XIX стагоддзя капліца ёсць часткай былой сядзібы Багдановічаў (не блытаць з паэтам, гэта розныя роды). Росквіт Абадоўцаў звязаны з Ігнацыем Багдановічам, прэзідэнтам Менскага крымінальнага суду, якому абадоўскі двор стаў належаць ад 1787 года. Менавіта Ігнацы Багдановіч шмат намаганняў прыклаў, каб маёнтак Абадоўцы набыў сваю веліч, тут з’явіўся сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы.

11-abadoucy.jpg
Сядзіба ў Абадоўцах. Выява: peramoga.by

Цэнтральнае становішча ў сядзібе займаў парк прастакутнай формы, акружаны алеямі. За дарогай у сядзібу з паўночнага боку размяшчаліся сады, да іх прымыкалі натуральныя насаджэнні, сярод якіх на ўзвышшы размясцілася капліца-пахавальня. У адрозненне ад велічных касцёлаў, гэтая пахавальня выглядае вельмі лаканічна і сурова.

Яна складзена з бутавага каменю, што надае ёй выгляд сярэднявечнага бастыёну. Стрэльчатыя вокны і дзверы выразна кантрастуюць з грубай фактурай сцен.

З паркам капліца злучалася вузкай яловай алеяй. За савецкім часам сядзібны дом згарэў, а капліца была разрабаваная: была выламана сталярка, страчаная вежка над дахам, разрабаваныя пахаванні ў склепах. Старажылы расказвалі, што ў тыя часы многія шукалі золата пана Багдановіча. Па адной з версій, золата магло быць схавана ў трунах з муміямі продкаў, таму труны былі выкінутыя са склепу і разрабаваныя. У будынку капліцы размясцілі склад хімікатаў.

12-kaplica.jpg
Капліца ў Абадоўцах у нашыя дні. Фота: fotobel.by

У 1990-я гады калгасная гаспадарка паступова прыйшла ў запусценне, і доля панскіх пабудоў аказалася незайздроснай. Больш за ўсё пашанцавала капліцы-пахавальні. У 1990 годзе капліца была вернута каталікам, да 1994 года ішла рэстаўрацыя. Капліца была асвечана ў імя Божай Маці і ў цяперашні час служыць філіяльнай капліцай каталіцкага храма Найсвяцейшага Сэрца ў Іллі.

Капліца ў Лебедзеве (Маладзечанскі р-н)

Лебедзева — невялічкая вёска на Маладзечаншчыне, якая ляжыць на рацэ Нявежа. Каталіцкая капліца на мясцовых могілках была пабудаваная ў пачатку XX стагоддзя (каля 1910 года). Пабудова амаль цалкам захавала арыгінальныя архітэктурныя элементы і адлюстроўвае дух эпохі больш чым стогадовай даўніны. Разглядаючы пахавальню, можна знайсці некаторыя адбіткі мінуўшчыны на цэгле.

13-kaplica.JPG

14-kaplica.jpg
Капліца ў нашыя дні. Фота: poshyk.info

Капліца будавалася, верагодна, як фамільная пахавальня, але застаецца пытанне для якога роду. Паводле адной версіі — для Свентаржэцкіх, якія жылі ў Малінаўшчыне, паводле другой — для Цывінскіх, якія валодалі сядзібай у самім Лебедзеве. Пасля пажару ў мясцовым касцёле Дзевы Марыі, капліца выконвала ролю парафіяльнага храму. За савецкім часам капліца хутчэй за ўсё не выкарыстоўвалася, будынак стаяў напаўзакінуты. У 1990-ыя капліцу вярнулі вернікам, якія правялі рэканструкцыю.

16-apsida.jpg

17-plita.jpg
Апсіда і магільная пліта ў капліцы. Фота: poshyk.info

Капліца прыгожа глядзіцца ў любую пару года. Жоўтая цэгла нібы выпраменьвае святло. Уражваюць таксама дробныя элементы аздаблення капліцы. Рознакаляровыя вітражы, вострыя вежы (пінкалі), ляпніна, цагляныя крыжыкі ствараюць непаўторны гатычны вобраз.

Капліца Качаноў у Івашкаўцах (Смаргонскі р-н)

Капліца ў вёсцы Івашкаўцы пабудавана на мяжы XIX-XX стагоддзяў, а ў некаторых крыніцах нават згадваецца дакладны год будаўніцтва — 1908. За адсутнасцю касцёла гэтая пахавальня выконвала ролю парафіяльнага храма.

19-kaplica.jpg
 Капліца ў Івашкаўцах. Фота: poshyk.info

У 1917 годзе да капліцы была прыбудавана драўляная частка і быў арганізаваны касцёл, які дзейнічаў прыкладна да 1935 года.

Няма дакладнай інфармацыі, каму належала гэтая пахавальня. У крыніцах сустракаецца прозвішча Качаноў, прадстаўнікоў дробнай шляхты, якія маглі быць прыхаджанамі касцёла ў Солах. Хаця на пачатак ХХ стагоддзя вёска належала генералу Іванову, таму дакладных уладальнікаў вылічыць складана.

Вакол капліцы даволі вялікія могілкі, дзе побач знаходзяцца і каталіцкія, і праваслаўныя магілы. Капліца бывае адчыненая на Дзяды, звычайна дзверы замкнёныя.

Капліца зроблена з чырвонай цэглы і мае выразныя гатычныя рысы — ад ступчатых франтонаў да формы вокнаў. Яна выглядае вельмі арганічна пасярод цвінтару.

21-apsida.jpg
Выгляд з боку апсіды. Фота: poshyk.info

Капліца нядрэнна захавалася і ёсць добрым прыкладам таго, як нават дробная шляхта імкнулася ўшанаваць памяць продкаў у высакародным архітэктурным стылі.

Ю. К., Budzma.org